У час карэспандэнцтва Бураўкіна ў “Праўдзе” (1968 - 72) я працаваў настаўнікам, завучам сельскай школы, і, улічваючы, што падпіска на гэтае выданне была абавязковая, чытаў усё ім там надрукаванае як пра поспехі ў нас, так і пра асобныя недахопы. Яно было па памеры нядоўгае, але па змесце ёмістае і напісанае не трафарэтнымі сухімі штампамі тагачаснай ідэалагічнай сумесі, а свежа, чытэльна, запамінальна. Паколькі сам выпісваў “Полымя”, “Маладосць”, “ЛіМ”, то даволі часта там знаёміўся і новымі бураўкінскімі вершамі, артыкуламі, рэцэнзіямі ды з першай ягонай дакументальнай аповесцю. Тое, што ў гэты час ён выдаў і новы зборнік паэзіі, і першае ўжо выбранае, сведчыла: аўтар у творчым росце, на пад’ёме, што пацвярджалі шматлікія ўхвальныя рэцэнзіі.
Упершыню я сустрэўся сам-насам з Бураўкіным, калі ён быў ужо галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”. І тое спатканне запомнілася назаўсёды: вельмі ж нечаканым яно сталася. У 1973-м у любімае выданне, што раней, у студэнцтве, першым засведчыла мой рэспубліканскі дэбют у прозе, даслаў першую аповесць. Яе прачыталі, ухвалілі загадчык аддзела прозы У. Дамашэвіч і намеснік галоўнага В. Адамчык. Выправіў іхнія заўвагі і пачаў чакаць, што скажа галоўны: ён, як сказалі, у рукапісным стане чытаў усё і пры допуску да друку ставіў свой фірмовы знак: “Г. Б.”.
Трэба падкрэсліць: у той час “Маладосць” па-добраму супернічала з “Полымем” (асабліва тады, калі яго пакінуў Танк на замену Броўкі на пасадзе старшыні Саюза пісьменнікаў і туды прыслалі галоўным літаратара не столькі з творчым аўтарытэтам, колькі па партыйнай надзейнасці: у свой час быў памочнікам Першага, Панамарэнкі, то цяпер як высокаідэйны выхаванец павінен быў суцішыць полымя інтарэсу да даўняй нашай гісторыі, у імкненні да праўды пра вайну, крытыцы рэчаіснасці. Вядомы факт: ён знасіў да сакратара ЦК па ідэалогіі “Круглянскі мост” В. Быкава і папрасіў права надрукаваць яго. “Няхай паглядзяць, што і я як рэдактар не горш за Танка. А потым буду рабіць тое, што тлэба ЦК”. Нядоўга парабіў: вызвалілі за нейкія фінансавыя махінацыі). “Маладосці” развіў крылле яе першы галоўны А. Кулакоўскі сваім творам “Дабрасельцы” (1958), дзе паказаў прыклад маладым, як і не сатырай Салтыкова-Шчадрына, а з гумарам Якуба Коласа ў некаторых апавяданнях можна, скажам, апісаць разуменне сваёй кіруючай ролі старшынёй сельсавета, спалучэнне тым службовага і карыснага для сябе (ён нібы па важнай справе загадзя плануе наведаць сялянскую сядзібу, дзе рыхтуюцца да вяселля ці асвежаваць вепручка). Крытыкі-аглабельшчыкі ўгледзелі ў вобразе недалёкага, жулікаватага і не такога ўжо страшнага хітруна паклёп на нізавых савецкіх работнікаў. Кулакоўскага за “падрыў савецкай сістэмы” гнеўна асудзілі, вызвалілі ад пасады. Новы галоўны, паэт П. Панчанка, на шчасце, не напалохаўся, праявіў франтавую мужнасць, стаўся, як і Твардоўскі ў “Новом мире”, для многіх таленавітых і смелых хросным. Найперш для В. Быкава, які падаў заяўку ў літаратуру ў 1947-м і немалы час шукаў сваю пуцявіну да яе, праўдзівай і высокамастацкай. Знайшоў, а “Маладосць”, чытачы дачакаліся яго новага слова пра вайну: “Жураўлінага крыку” (1960), “Трэцяй ракеты” (1962) і адной з вялікіх вышынь не толькі ў беларускай прозе - “Мёртвым не баліць” (1965). А побач з гэтым - выдатныя апавяданні, аповесці У. Караткевіча, В. Адамчыка, Б. Сачанкі, М. Стральцова, У. Дамашэвіча і, зразумела, шмат узораў выдатнай паэзіі, дэбютаў маладых. Аднойчы ў нашай размове Пімен Емяльянавіч прызнаўся: яму за Быкава шмат перапала (маўляў, тыражуе вузкі, акопны погляд таго на вайну), дасталося і за падтрымку некаторых маладых, якія “пераходзяць межы сацрэалізму”, а да ўсяго і яму самому за яго “ачарняльную” паэзію. “Дапякалі прымітыўныя, звягліва-агрэсіўныя ідыёлухі”, “пясочылі” на бюро ЦК КПБ, меліся нават выключыць з КПСС, каб не галоўны рэдактар “Советской Белоруссии”, які нечакана сказаў там прыкладна так: “Товарищи, мы можем его исключить. Но это будет позор не ему, а нам”. Пасля непакорлівага рэдактара рашылі суцішыць абраннем яго сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў, дзе суцішваўся і яго папярэднік, больш ужо не жартуючы нават над супрацоўнікамі сельсаветаў. Трэба аддадаць належнае наступніку А. Асіпенку: ён годна прадоўжыў маладосцеўскі дэмакратычны накірунак. Асабіста мне, студэнту, пашанцавала дэбютаваць пры ім, пачуць яго цёплы літаратарскі наказ.