Выбрать главу

“Ну што, Генрых Вацлававіч, - як я прысеў у кабінеце галоўнага “Маладосці”, вось так афіцыйна звярнуўся Бураўкін, як здалося, бліснуўшы строгім позіркам з-пад акуляраў. - Летась з задавальненнем чытаў твой трыпціх пра настаўнікаў у “Полымі”. Уславіў старога педагога, які шчыра любіў дзяцей і аддаў ім усё сваё лепшае, паказаў пошукі маладога, апаэтазаваў Яго і Яе з іхнім дзіцем. Тут, - прыпадняў маю папку, - таксама добрая мова, ёсць яркія мастацкія дэталі, але... - Скрушліва пахітаў галавою. - Невясёлая карцінка з жыцця і працы настаўнікаў няпоўнай сярэдняй школы ў невялікай вёсцы, дзе з цывілізацыі толькі крамка, фельчарскі пункт і пуставаты клуб. Куды (у вёску) у мокрую восень і вясну не прыходзіць з раёна аўтобус. Аселыя пажылыя настаўнікі заземлена спалучаюць працу ў школе і ў сваёй гаспадарцы, дырэктар - кансерватар, нават не дазваляе маладым настаўніцам мець модныя прычоскі і адзенне, а з пяці прысланых у адзін год выпускнікоў інстытута амаль ва ўсіх мала радасці: жылля няма, трэба прасіцца на кватэры, а чатыром дзяўчатам няма за каго выйсці замуж. А яны ж камсамольцы. Ды без камсамольскай энергіі. Нават не жадаюць наладзіць камсамольскі суботнік па ўпарадкаванні вясковай вуліцы або ісці на ферму і чытаць даяркам лекцыі пра міжнароднае становішча ці на якую педагагічную тэму. Настаўнік-хлопец штосьці эксперыментуе на ўроках мовы і літаратуры, але не зусім цягне на яркага станоўчага героя, любімца ўсіх настаўнікаў коласаўскага Лабановіча... Адным словам, невясёлае ўражанне пра сённяшніх сейбітаў вечнага і мудрага...”

У мяне, як кажуць, душа згарнулася. 1973 год выдаўся цяжкі і пераломны: нечакана памерла яшчэ маладая маці, паспеўшы наказаць узяць клопат пра малодшую дачку, вучаніцу малодшых класаў. Перад гэтай размовай мне, яшчэ без аўтарства першай кнігі ды, адпаведна, членства ў Саюзе пісьменнікаў, Б. Сачанка, І. Пташнікаў прапанавалі папрасіцца ў галоўнага на працу ў аддзеле прозы часопіса “Полымя”. Нечаканая перспектыва. Але затурбочвала кватэрнае, сямейнае ўладкаванне. А тут яшчэ такі халодны душ ад Бураўкіна. Даведаюцца ў “Полымі”, што забракавалі маю аповесць ды з такімі крытычнымі фармулёўкамі, то наўрад ці згодзяцца пачакаць з паўгода, калі выйдзе мой падрыхтаваны ўжо ў выдавецтве першы зборнік прозы. А названыя вакансіі бываюць рэдка ды з улікам таго, што ў Мінску ўдосталь прэтэндэнтаў. Тады праца ў часопісе “Полымя” не толькі для маладых, але і многіх сталых літаратараў лічылася вельмі ганаровай. Я, мабыць, папунсавелы, нявесела перавёў позірк на намесніка В. Адамчыка - той хітравата, як гавораць, пасміхаўся ў рукаво.