Выбрать главу

Уладзімір Някляеў

Вынаходцы вятроў

© kamunikat.org

Станцыя выратавання

***
Людміле
Уступаю ў пару лістапада. Дай руку. Аціхае зялёная музыка звадаў, Пад якую скакаў я, Як цэп на таку.
Прадчуваннямі сэрца зайшлося. Падрыхтоўваю споведзь лясам. Вось збылося... Што збылося — не ведаю сам.
Выпраўляе нас лета, Выпраўляе — назад не чакае...
Ведай, любая, ведай: Немінуча кахаю.
Дай руку, хай спаткаюцца Акіяны пяшчоты і млосці... Маладосць прадаўжаецца Успамінамі аб маладосці.
Гэтай сумнай высновы У наступныя дні не бяры.
Недзе цень мой сасновы Шчэ шуміць у бары.
Недзе твой, тапаліны, Атуляе чаромху і бэз... Можна жыць з успамінамі. Можна без.
Ранак наш — верагоднасць... Непазбыўна планету цяжарыць Непарыўная роднасць Пладоў і пажараў.
Ты абрана прыродай, Яна табе права дае Таямніцай валодаць — I не знаць пра яе.
Спачуваць?.. Ці зайздросціць?.. Твайго болю збаўлення Не ўспомню! Маладзік маладосці Акругляецца ў поўню.
I прыходзіць гадзіна Не збіраць і раскідваць каменні, А прад любай, адзінай Стаяць на каленях.
Праз яе парадніцца 3 кожным дрэвам. вадою. травою...
Дай руку, Дай мне зноўку з'явіцца ўратаваным табою...
***
Сцішэла. 3 велічных вышынь Сышлі хмарыны снегавыя. Што мы з табою?.. Як ні кінь — Дзве лініі берагавыя.
Над стромамі ракі ў снягах Здаецца: берагі самкнёны. Нашто ж (для самаабароны?) Лязо расколінкі ў вачах?
О лістабой! Грымі трубой! Не дай на свет зірнуць цвяроза. Сцішэе — і чуваць пагроза Жаданай еднасці людской...
Я зводаў, шлях прайшоўшы свой Расчараванняў цёмнай пушчай: Дабро — абняць рукой сляпой, Бяда — караць рукой відушчай.
І я люляю на плячы Твае далоні дарагія, Каб хоць на ноч (маўчы... маўчы...) Лязо расколінкі (маўчы...) Упала кладачкай (маўчы...) На лініі берагавыя.
Станцыя выратавання
1
Ляцяць аблокі ў вырай тайны. Бары над Нёманам маўчаць. На станцыі выратавання Матросы спяць.
Матросы спяць магутна, весела; На сон прыняўшы на траіх,— Матросы спяць, як ходзяць з песнямі Ў страі.
Матросы спяць. Ім сны не сняцца. Не пераплыць праз Нёман снам. I калі трэба ратавацца — Ратуйся сам.
2
Гісторый вострых і салоненькіх Здаралася ў жыцці нямала... Было: хапаўся за саломінку — Трымала.
...На плёсах лёс гу.тяе з ломікам. Матросы спяць і сноў не бачаць. I круціцца ў віры саломінка Маёй удачы.
3
Як рукі нашыя сашчэплены! Нібы замкі. Салодка адчуваю шчэлепы I плаўнікі.
Ад усяго і ўсіх свабодныя, Імкліва, коса Плывём, на сон ракі падобныя, У сны матросаў.
Нас хвалі выкінуць на ранні, Як рыб, па бераг...
На станцыі выратавання Не рыпнуць дзверы.
***
Аднавяскоўцы мае. Аднавякоўцы мае.
Сёлета ніва ўрадзіла. 3 чаркаю бацька ўстае. Вечар... Сузор'і... Радзіма... Аднавяскоўцы мае.
Бохан чарнее прыгаркам. Голад чарнее нічым. Вып'ем паднятую чарку, Пусцім па кругу цыгарку I памаўчым.
Цесна ў бацькоўскае хаце. Ды ў цеснаце — не ў бядзе. — Суньцеся, дзядзька Ігнаце! Цётка Данута ідзе.
Лава дугою прагнута. Чар- кі ляцяць са стала. - Мо заспяваеш, Данута?.. I павяла, павяла...