Дарога дарог
Спеўна граюць мастоў ланжэроны —
Ёсць дарога дарог!
Хай мільгаюць гадоў перагоны
У агнях перамог.
1. МАСКВА
Мой БАМ пачынаўся ў музеі...
Далёка ад Тынды і Зеі,
У цэнтры сталіцы сталіц —
Музей Рэвалюцыі. Зойдзем,
Гадзіну свабодную зоймем
Ля стэндаў яго і паліц.
На першым паверсе, направа,
Плакат:
КАМСАМОЛЬСКАЯ СЛАВА,
А побач — знаёмыя нам
Блакітная шабля Байкала,
Амура
Зламанае джала —
Гасцям
экспануецца
БАМ.
Пакуль што я госць, як і кожны,
I клопат мой — клопат дарожны:
Уцягваць
Вірамі
Вачэй
Вагоны, плакаты, машьгаы,
Зялёных палатак птушынасць
Ды сполахі белых начэй.
Вы бачылі ноч у музеі?
Відовішча — што ў Калізеі.
Ах, як ён гудзеў, Калізей!..
Замоўк ён — і стаў экспанатам;
У дужках з працяжнікам — даты,
I рэчышча часу вузей.
Іх многа, пустэч дапатопных,
Прыдуманых некім, падобных
На могілкі ў жоўклай траве...
Хіба тут музей,
Дзе, як мора,
Сібірская плешча прастора,
I час цягнікамі раве?
Як БАМ -
супрацьвузкакалейны,
Музей гэты
Супрацьмузейны,
Ён супраць
Музеяў надзей,
Музеяў нязбытае мары,
Задзьмутых часова пажараў,
Раздзьмутых часова людзей.
Пакуль тут ніхто не раздзьмуты,
Ніхто не задзьмуты,
Пакутны
Цяжар на сумленне
Не лёг.
Яшчэ тут не паша — аблогі,
I верыцца ў веліч дарогі,
У праўду
Вялікіх дарог,
У соль
яе песень рабочых...
Чыгункаю праўда грукоча
I цягне,
упрогшыся,
Час
Насустрач
Раскрылым палаткам,
Насустрач
Шчаслівым нашчадкам,
Што лепшымі будуць за нас.
Мы з праўдай
не ўкрыемся плесняй,
Бо з ёю
Чырвоная Прэсня,
«Аўрора» — вякоў ледакол;
Бо з ёю
на бітву стварэння
Устала маё пакаленне,
Кастрычніка сын — Камсамол.
2. ТРАСА БАМА, ПАЧАТАК
Быкоў ратуюць рогі,
А коней — капыты...
Ракадныя дарогі.
Бясконцыя франты.
Агонь настыглай рэйкі
Не па руках рукам.
Закуты лёдам рэкі
На трасе Тында — Бам.
Цяжар не па нараду
Бяры на скат плячэй,
Каб выструніць ракаду
Над Волтаю хутчэй!
Не грэлі целагрэйкі.
I ўсё ж — такі загад —
БАМ выварочваў рэйкі,
Каб выжыў Сталінград.
Жагнае ў маць і ў бога,
Збівае вея з ног...
Ракадная дарога —
Глухі праклён дарог.
Глыбокі тыл... Мужчыны...
Іх лёс — чыя віна?..
Не час шукаць прычыны.
Айчынная вайна.
Народная. Святая.
Народ — адзіны род.
Ён касты не стварае.
Народ як ёсць народ.
Народ — Купала, Ленін,
I кожны з нас — народ...
Не збіў нас на калені
Той сцюжны, страшны год,
I не было на БАМе
Ні крыўд, ні каст, калі
Народ са шпал зубамі
Выцягваў кастылі,
Намучаны, скалелы,
3 фашызмам
бітву вёў
Ламамі, прыкіпелымі
Да чорных мазалёў...