Выбрать главу
I ад плошчы пацячэ Насціна дарога...
Будзе ўсё там, дзе яшчэ Не відаць нічога.
Дзе ляціць на саначках (Кажушок — як вытканы!) Бамачка, што шкляначка 3 этыкеткай імпартнай.
4. МАГОТ
Устойлівая непагадзь стаіць. На шышаках АЯМа* выюць МАЗы. Калі машына са скалы ляціць — Не проста страх пад рэбрамі ўтаіць, Не паказаць, што не лятаў ні разу.
* Амура-Якуцкая аўтамагістраль.
А мой шафёр Да рызыкі прывык I пра мае прывычкі не пытае, Таму найлепей прыкусіць язык... Імчыць машына — толькі свіст ды рык, Ды надпіс на бартах: «Эх, пакатаю!»
Віжуе ўсё шафёр мой, чортаў сын: — Рамантыкі хацеў ты — еш ад пуза, А няньчыцца з табой Няма прычын. Няхай ты чын — Ды я таксама чын, Мой чын: шафёр Савецкага Саюза. Падсек? — Падсек. — Талковы чалавек. Люблю талковых. Я, брат, сам талковы. Спытайся тут: «Хто Лёшка Жарнасек?..» У-у, скажуць, зух!.. Фігура, адным словам.
Мне тэлеграмы адбіваюць як? БАМ. Жарнасеку. Едзь да нас. I кропка. Ды не люблю я Тых дарог, аднак, Дзе кожны слуп — асцерагальны знак...
Японскі бог! Глядзі... Ды ўверх, на сопку!
Пра гэта і не ўспомніш два разы: Насустрач нам, сарваўшы тармазы,
Ляцеў і выў нагружаны «Магірус»*.
* Аўтасамазвал
— Ну ўсё. Вынось, як кажуць, абразы. Кагосць «Магірус» завязе ў магілу.
За намі — бачыў? — Чортаў паварот. Не выкруціць па хуткасці. Сарвецца. Эх, два разы канаць не давядзецца! Паспеем развярнуцца?.. Поўны ход! Слабое сэрца — дык давай за дзверцы. Ну што, даеш?!. I даўшы поўны газ, Да самых плешак топячы педалі, Ён год, здалося, разварочваў МАЗ — I вось ужо «Магірус» ззаду ў нас, А мы ў яго паперадзе імчалі.
Сірэны — як у рог! Альбо ў дуду! Для дэтэктываў гэткія пагоні!.. Дагнаў «Магірус», буферам баднуў, Счапіліся машыны, як вагоны, I Лёшка плаўна тармазы крануў.
— Не пойдзем юзам — Пажывём яшчэ, Да павароткі неяк затармозім, Калі ніхто не стане на дарозе...
Па спіне мурашы, як на марозе, I ліпкі пот па сківіцах цячэ.
Затармазілі... Коламі амаль Над прорваю павіслі... — Чорт не злапіў! Не падвялі баранка і педаль, Зноў Лёшка выйграў на сваім этапе... У Залацінцы будзем — справім баль.
...«Магірус» стукнуў дзверцамі. Салдат Ускочыў цяжка МАЗу на падножку, Пацёр павекі: «Вецер вось, а мошкі...» Руку паціснуў Лёшку: — Дзякуй, брат... — Няма за што,— яму ўсміхнуўся Лёшка.
5. НАГОРНАЕ, ТУНЕЛЬ
Маналог брыгадзіра Сомава
...Граніт за годам год Мы грызлі і люцелі, Бо не з дыетработ Работа біць тунелі. Звычайна: Праца — бой... Ды ў гэтым ёсць знаменне, Калі па-над табой На паўвярсты каменне. I з гэтай паўвярсты (Схавацца ледзь паспееш) Так вухкаюць пласты — У шлунках ледзянее. Вядома, век машын. Але машыну тую Вазьмі, паварушы — Хрыбет залямантуе. Уявіш: кружыць птах, Дажджы на сопках плачуць... Хай плацяць не за страх — За нешта ж грошы плацяць.
Тунель — канца няма. Ён сапраўды бясконцы. Не ўспамінай — дарма! — Калі ты бачыў сонца. I за вярстой вярсту (На лёс не наракаю) Ідзеш у пустату, Да тупіка, да краю. Таму — не навіна,— Каб не было так пуста, Прыдумана здаўна Тунелі біць насустрач. Падземнаю хадой Шыбуй да чалавека — I справішся з бядой, Не трэба іншых лекаў. Вось так... Пішы, пішы... Скажу табе адкрыта: Тунелі для душы Яшчэ не ўсім прабіты. Яшчэ нямала, брат, Такога ёсць народу: Ад галавы да пят Скалістая парода. Скрозь іх тунелі біць — Работа на галеры: Усё ў табе баліць, А ім ані халеры. I вось, калі рване Скалу такую вершык, Душу ў яе ўдыхне — Тады ты наш. Тунельшчык.