Выбрать главу
Цяпер пішы: арцель Жыве. Працуе ў згодзе. Б'ём на святло тунель — I да святла выходзім. Хай словы як з газет. Ты не зважай на словы. Спрабуй, калі паэт, Пашыць для іх абновы. Не выйдзе — зноў пачні, Бяду перабядуем; Ды памятай: хлусні Ніколі не даруем. Майстры папрацаваць — Пранырлівых і жвавых Майстроў рапартаваць Не вельмі паважаюць. Іх справа — тлум і крык: Ура! Датэрмінова!.. А ты пускай цягнік, Калі тунель гатовы. Тады і будзеш мець Ты права як рабочы Без сораму глядзець Свайму сумленню ў вочы. Маё, паэце, слова Пацвердзіць і арцель. Падпісваюся: Сомаў. Нагорнае. Тунель.
6. НАГОРНАЕ, СТАНЦЫЯ
На паўнеба світанак ясніцца. Промні — выраем з рукава. Вёска Красніца. Вёска Красніца. Сцюжай спаленая трава. Выйшла так, што ў бацькоўскім краі Пуцявіна нас Не звяла. Ведаў толькі: Была такая. Сёння ўбачыў, якой была. Скаланула душу, як выбухам. Вёска Красніца, Адбалі! Ты згарэла ў раёне Быхава, Галавешкі — па ўсёй зямлі. ...Прыбіральшчыца Ганна Свірыдаўна Плача — Голасу не чуваць.
Спіць гісторыя ў футры выдравай, Спіць, як з кніжкі старонку выдрала, Каб мінулае не чытаць. Памяць сцежана белымі ніткамі, Але ўслухайся — I замры: Называюць сябе н е д а б і т к а м і Вёскі Красніцы жыхары.
...Як спалілі немцы людзей і вёску, сабраліся мы, недабіткі, у лесе. Хто й цэлы, а больш пакалечаныя. Я мужыка свайго на плячах цягнула. Ён зваліўся у снег, а я ўсё паўзу, усё мне цяжка, Толькі калі людзі спыталіся: «Аня, ты чаго паўзеш?» — усхапілася. Божухна, а дзе ж я падзела яго?.. За паўвярсты знайшла, ён ужо і качанець пачаў. Кажа: «Магла б не вяртацца, усё адно памру». Крыві вельмі многа з яго вылілася. Пакалечаным, ведаеце, трэба, каб цёпла бы- ло, каб есці добра. А тут холадна — і есці няма чаго. Адну кару з дрэў. Мужык мой, яшчэ жыў трохі, просіць: «Схадзі ты на дарогу, можа, яблыкаў конскіх назбіраеш». Дык са мной шмат хто пайшоў, і пасля хадзілі. Набярэш гэтых яблыкаў мёрзлых, сядзеш ля кастра і трэш іх, трэш, трэш... Колькі каліў аўса знойдзеш, калі аўсом каня кармілі,— і лускаеш, як семкі. Ой, усё ў мяне ў вушах голас мужыка стаіць пра гэтыя яблыкі: «Не магу болып адной карою... Конскіх яблыкаў пашукай...»
Горны плач прашыў шаравою Бліскавіцаю Дашука*. Як там, Віця, кіно здымаюць? Не работа, відаць, а страх. Не вытрымліваюць, згараюць Стужкі ў чорных пражэктарах. Кіламетрамі смерць накручана, На паўпальца не адкруціць. I не мёртвым — жывым балюча. Мёртвым — сказана — Не баліць.
* Кінарэжысёр В. Дашук перад паездкай на БАМ зды- маў пра Красніцу дакументальны фільм.
...Ад голаду Стасіна Анюта, суседкі маёй дачушка, на трэцім тыдні памерла. Дзе ёй тую кару, хоць і пажаваную, есці — чатыры годзікі было. Жывоцік так успух — яна ўжо яго ручкамі абняць не магла. I не плакала ўжо, не прасіла нічога. Толькі нібыта спіць і прачнецца, вочы расплюшчыць і прашэпча ціха, ледзь пачуеш: «Мама...» Пахавалі мы яе. Праз дзень, можа, зноў чуем: на дарозе страляніна. Мы тады што ж — далей у лес... Ноччу нібыта штурхнуў мяне хтось. Падымаю галаву, а Стася кругамі па палянцы кружыць, кружыць, быццам ісці некуды хоча, а не ведае, у які бок. Я да яе: «Стася, Стася...» Як кінецца да мяне: «Ой, Ганя, нядобра мы з табой Анюту паклалі. Камень каля жывоціка пакінулі, цісне ён. Чуеш: бедная, плача...» Вот, так і не адышла яна, і пасля вайны такой засталася...
Віця, што гэта?.. Дзе мы, Віця?.. Нас паставілі да сцяны?.. I ў магілах, відаць, баліць ён, Зыржавелы асколак вайны. Хлопцы слухаюць — зрок цямнее. Словы курчацца, як лісцё...
Віця, мы ж пра іншае ўмеем! Пра вясёлае! Пра жыццё!
7. ЗАЛАЦІНКА
Плешчуць беленькія хусцінкі — Круг шырокі! Беларусачка-Залацінка Пад прыпеўкі ляціць у скокі:
Ой ты, бамавец мой, Што ты чырванееш? Навучыўся працаваць — Цалаваць не ўмееш... Брыгадзір, брыгадзір, Залатыя зубы, Я за мір, і ты за мір — Не кусай мне губы... А на небе зорачка, А я думаў: жоначка. Клікаў, клікаў — не чуе, Няхай з богам начуе...