Выбрать главу
Між намі прастора, Якой на краіну хапае. А цёплае Чорнае мора Раптоўна сцюдзёнай запеніцца хваляй.
А сыдуцца хмары — I градзіны скачуць на пляжах. Якую ахвяру Яшчэ патрабуеш, не скажаш?
Прынцэса ў карунках, Злічы мае страты і згубы, Твае пацалункі Навек апалілі мне губы.
Кахала сурова, А сэрца забрала палову. Ці так ганарова, Што я твой палонны?
Разыдземся, Поўнач! Туга невыносная поўніць. Што трэба мне помніць — Я помню: ...На спідометры стрэлка гакала, Калі з поўнай калодай тузоў Я ляцеў у расхрыстаным "газіку" Не кранаючы тармазоў...
Аюдаг
Нашто халодныя сумненні? Я веру: быў тут грозны храм... П у ш кі н
На плячы тваім воблакі плачуць, Аюдаг, святая гара... Грымне гром — гэта таўры, няйначай, Ля ахвярнага кружаць кастра, Б'юць у бубны, вятрамі напятыя...
Ні кала тут цяпер, ні двара. Што хаваеш, дзікунства ці антыку, Аюдаг, святая гара?.. Адкажы мне: Твая таямніца Па Таўрыдзе, ад сонца рабой, Праляціць залатой калясніцай, Пракульгае разбітай арбой? Адкажы: Штармавыя напевы, Што страсалі абвалы ў гарах, Неслі прах са свяцілішча Дзевы Ці шаманскага котлішча прах? Адкажы мне...
Ніводнага водгуку. Б'е сумненняў халодны прыбой. I праносіцца прывід у воблаках — 3 кучараваю галавой.
Перавал
Стрэч бясхмарных не зычу. Пахілю галаву — I бядою паклічу, I слязой пазаву. Сярод прорваў і скал За вялікую плату Я набыў перавал, Дзе не сорамна плакаць. Падымайся сюды Слухаць клёкат арліны, Паглядзець, як гады Застываюць лавінай. Ад няпэўнага покладу Млосных жаданняў Падымайся на покліч Вышыні і кахання. Падымайся пад хмары, Што грамамі равуць. Не жалобнай ахвярай, А паплечніцай будзь. Над абрывам адчаю, Над безданню болю Я цябе прысвячаю Палёту і бою, Каб да рэшты спазнаць, Што я страчваў памалу... Перавал адстаяць. Не сысці з перавалу.
Галубіная пошта
Блакіт галубіных палётаў. Сінеча настыглай вады. Адчынены ў восень вароты. Засыпаны ў лета сляды.
Іржышчам, па колішнім жыце, Бяжыць басанож дзетвара... I ўсё-ткі: хто знае — скажыце, Якая ў сусвеце пара?
Скажыце: куды і навошта — Над пожняй, над полем пустым Гадоў галубіная пошта Нясе расцярэблены дым?..
Мост Шандара Пецёфі
Паэт не той, хто вершы піша, не. Каб так было — усе былі б паэты. Паэт сябе стварае, як камета След самагубны,— Самагубнасць гэта Сапраўднага паэта Не міне. Яна адна правы яму дае Сумленнем быць і праўдаю народа. Паэт не той, хто апяе свабоду, А той, хто ў бітве згіне за яе. 3 такою доляй ці пашчасціць мне?.. Вадой маўклівай, часам замучонай, Плыве Дунай — і раптам уздыхне То хваляю зялёнай, то чырвонай. Яго дыханне запаўняе Пешт I заціхае ў вузкіх вулках Буды... Не страшна думаць мне, што ў рэшце рэшт Заціхну я... закончуся... не буду... Што не бясконцы дзён маіх сувой... Мне страшна не счакаць хвіліну тую, Калі, сарваўшы ў сечы голас свой, Паэты шчодра плацяць — Галавой — За слова, што нічога не каштуе! Мне гэткай платы будзе не шкада, Хай толькі лёс прыняць яе захоча... Пецёфі мост пагрозліва ракоча. Цямней за ноч дунайская вада.
Скрыпка Маціуша
Іграй нам, Маціуш, іграй. Не так, як заплацілі грошы, А так, як ветрам ліст палошча, Шпачыных спеваў поўны, гай,
Над качарэжкамі галоў, Над гаманой коснаязыкай — Не трэба нам вялікіх слоў, Даволі музыкі вялікай.