Іграй нам, Маціуш, іграй!
Не стане музыка таварам,
Пакуль па чардах у мадзьяраў
У чарках холадна мядзьвяных
Бурштынава бруіць такай.
Паўней жа чаркі налівай!
Іграй нам, Маціуш, іграй.
Хай твая скрыпка —
часу ўзбоч -
Вядзьмуе
дамаю піковаю...
Са мной такая чарнабровая,
Што пада мной святлее ноч.
Як абдымае — не пытай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.
Не замірай
на тонкай той,
Шчымлівай той,
дзе слёзы просяцца.
Такая ў свеце безгалосіца —
Лепш пакаранне нематой.
Ты нематою не карай,
Ігран нам, Маціуш, іграй.
Ну хто
грашыма шапацець!
Панакуплялі за валюту
Святых, што пазіраюць люта,
Крыжоў пазелянелых медзь.
Цяпер і музыку купіць
Прыйшлі на рэшту —
ды музыка
Ад струн не адрывае смыка,
Не купіш тое, што гучыць!
Не хопіць золата на рай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.
Іграй нам —
рукі чарнабровай
Па шчоках рэкамі цякуць,
Іграй —
прасторам чабаровым
Праз дым і чад я змог дыхнуць.
Ужо ўва мне ўвесь свет шырокі,
Рык горада, мальба сяла...
Пайшла Еўропа
рукі ў бокі,
У скокі Азія пайшла!
Хто зможа паяднаць людзей,
Даць веру ім і даць надзею?..
Іграй,
Іграй жа, чарадзей,
Дай божа сілы чарадзею!
Хай не змаўкае скрыпкі спеў
Да той хвіліны прасвятлення,
Калі здаецца: ты паспеў
На душ людскіх перасяленне,
Калі нябёсы, як званы,
Гудуць святочна, і,
зні-
ка-
ю-
чы,
Ты абдымаеш шар зямны,
Мадзьяркі плечы абдымаючы...
Перачытваючы Багдановіча
Ведаю тое, што ведаў:
Вынішчу памяці сад —
I паплыву, і паеду,
I не паклічуць назад.
I на зямлю Беларусі,
Наканаванай парой,
Толькі травою вярнуся,
Цёмнай магільнай травой.
Чужая станцыя
Гэта станцыя чужая,
Гэты горад мне чужы.
Хто ж праз ноч мяне гукае:
«Любы мой, дапамажы!
Любы мой, мой невядомы...»
Над аціхлаю зямлёй
Голас плыў, амаль знаёмы,
Знаны, ды забыты мной.
«Любы...» Памяці прагалы.
«Любы...» Што ў былым, збяры:
Выпадковыя вакзалы.
Выпадковыя сябры.
Дык адкуль жа ён, таемны,
Знаны, ды забыты мной,
Над маім жыццём дарэмным —
Голас станцыі чужой?
«Любы мой...»
Вось-вось сарвецца,
Змоўкне рзхам у вушах,
I яму не адгукнецца
Аніводная душа!
Аніводная з мільёнаў
Чалавечых, родных душ!..
I разгублены, здзіўлёны
Абарваўся голас... Руш!
Руш мой быт уладкаваны,
Як навала, як вайна,
Голас станцыі нязнанай,
Дзе крычыць
мая віна.
***
Міколу Сідаровічу
На берагах гадоў,
Што гаснуць, быццам гукі,
Люблю вітаць сяброў
I паціскаць ім рукі.
Шчаслівы тым, што ў час,
I светлы, і завейны,
Знаходзіў іх не раз,
Няздрадлівых, надзейных.
За гэта рэштай слоў
Не разлічыцца з лёсам...
Сумую без сяброў
Крывёю безгалосай.
Гай
1
Пра што шапочаш, гай,
Празрысты, вераснёвы?..
Пара спраўляць абновы.
Чакай мяне. Чакай.
Жывыя мы з табой.
Звычайная падзея.
Адкружыць лістабой,
I снегавей адвее.
Накінеш на плячо
Зялёны шоўк маёвы.
Вясёлае дзяўчо
Гукнеш сакрэтным словам.
Не сцерпіць, прыбяжыць,
Прытуліцца травінкай...
Ах, жыць ды не тужыць,
Не выпускаць з абдымкаў!
Не паслабляць вузлы,
Што пальцы паспляталі!..
Жытнёвыя вазы
На ток пашыбавалі.
2
За гаем зноў пачаўся гай.
Не ўспомню, што было да гаю.
Усё наперад забягаю
Сабе самому...
А, няхай!
Дальбог, нічога не шкада.
Бывае вось пара такая,
Калі жывеш, нібы сцякае
3 палёў напоеных вада.
Што знаць, куды яна цячэ,—
Гадаць, куды бяжыць дарога!..
Ніхто на свеце не ўцячэ
Ад лёсу, ад сябе самога.
I мне з самім сабою жыць,
Які ўжо ёсць я, дзе тут дзецца.
Жыць, як шчаслівае смяецца,
Жыць, як балючае баліць.