Бінты. Пахмурны доктар. На акне —
Замест фіранкі — на цвіках газета.
...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, —
I штосьці адбывалася ўва мне...
Пасля я сніў:
Дыктант. Апошні ўрок.
Настаўнік новы.
«Хто?.. Які?..»
«Сярдзіты!»
— Дзе сшытак твой?
— Забыўся дома сшытак.
— Знарок забыўся?
(Не зманіць.)
— Знарок.
— Гультай?
— Гультай.
— Але на шчырасць здатны.
Святлее поле чыстага лістка...
Я ведаю, што напішу выдатна!
Ды не магу... Баліць, баліць рука!
3 віною ў твар настаўніку гляджу.
Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце!
Не... Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы
Нажалі жыта...»
I дыктант знаёмы!
«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».
Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»
«Пра што там?»
«Ат... Пра што за ўсё часцей...»
Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..»
Чакай, якія суддзі?
...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Прачнуўся.
Ранак. Радыё.
(Памёр!)
«За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці...
Я словы пераблытаў у дыктанце!
— Тэмпература... Мокры, як бабёр...
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы.
Касцёл. Бальніца.
— Мне за мост, у школу,
Дыктант...
— Напішуць.
— Жыта жаць...
— Сажнуць.
Вавёркай сонца скача на сасне.
Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.
— Ну, ачуняеш —
будзе, брат, лупцоўка!
— ...Я сплю?
— Не спіш.
— Вы ў сне са мной?
— Не ў сне.
— Дыктуйце.
— Што?
— Няма дажджу. Сухмень.
— Палае ўвесь.
— Магчыма, сепсіс...
— Доктар!
— Я напішу выдатна...
— Добра, добра...
— Я напішу...
— Адно ўсё...
— Трэці дзень...
Партрэт выходзіць з класа, на акне
Гарыць сячкарня, курчыцца газета,
Паштар вавёркай скача на сасне...
— Я напішу...
— А ён усё пра гэта.
...I раптам так, нібы пасля дажджу:
Грыбы па лесе, верасень, кастрыца,
Як не давалі — і далі напіцца...
На лаве ў лазні з паштаром сяджу,
Расказваю, як ён скакаў вавёркай,—
Паштар рагоча...
Добра паштару,
Што я жывы, сяджу з ім, гавару...
Харошая між намі йдзе гаворка.
Ды клічуць...
Чыста. Маладзік над хатай.
Зноў сон...
Зноў той...
Нібы заклаў душу!
I помню ўсё: не дапісаў дыктанта.
I ўсё надзею маю: дапішу.
Балада першага кроку
Жыў на Палессі селянін
У вёсачцы глухой.
Ён цішыню сваіх мясцін
Любіў, як мы з табой.
Як мы з табой, а можа й больш,
Хоць пра сваю любоў
Апавядаць умеў ён горш
На мове гучных слоў.
Ён працаваў, карміў сям'ю,
Ад працы глух і слеп,
I верыў: бог стварыў зямлю,
Каб бульбу даць і хлеб.
I верыў: неба бог стварыў,
Каб дождж і снег ішлі.
I ў што ён верыў — з тым і жыў
Пад небам на зямлі.
Ён чуў, што недзе мора ёсць,
За морам горы ёсць,
А за гарамі горад ёсць...
А што далей — не ведаў...
I так бы ён пражыў свой век
За дзедаўскай сахой,
Калі б не быў ён — чалавек,
Такі ж, як мы з табой.
Калі б употай не жыла
У ім, забітым, цяга
Уведаць сэнс дабра і зла:
Што —
«добра» ёсць,
што «блага».
Каб не карцела знаць яму
Адказ зусім не просты:
Пра лёс свой — як?
Пра свет — чаму?
I пра сябе — навошта?
Так ён глядзець на свет пачаў —
I бачыць ён пачаў,
I нешта разумець пачаў
3 таго, чым жыў гаротна...
I разанула па вачах
Святлом скрозь вечны змрок!
I на пакутны
праўды шлях
Зрабіў ён першы крок.
Яму ў гарляк увішны поп
Штурхаў малітвы кляп:
— Не думаць
твой мужыцкі лоб,
А біць паклоны каб!