Па ім гулялі бізуны
Падпанкаў і паноў,
Каб не забыўся, што яны
Яго паны, а іх сыны
Паны яго сыноў!
За грудзі трос яго жандар,
Каб лепей помніць мог,
Што ёсць на свеце бог і цар
I што — найпершы — ён, жандар,
Яму і цар і бог!
Каб не надумаў, сучы сын,
Наморшчыцца ілбом!
I абавязак знаў адзін:
За ўсё плаціць гарбом...
I ён не разгінаў гарба,
Душыў у горле ком,—
А вочы білі спадылба
Агнём!
Святлом!
Святлом!
I калі ён узняў свой твар —
Мільёны узнялі! —
Ад позірку яго
Пажар
Успыхнуў на зямлі.
I сыпануў — гаркі, як соль,—
Усіх шляхоў уздоўж
Адвечных крыўд адвечны боль —
Цяжкі, свінцовы дождж.
...Як са старой дзяжы,
3 канца ў канец зямлі
Дажджы і зноў дажджы
Лілі і зноў лілі.
Ні ў лесе, ні ў гарах
Ратунку не было,
Нат хвалі на марах
Дажджамі заліло.
I вар'яцеў натоўп
Ад вусцішных падзей.
Царкоўнікі:
— Патоп! —
Палохалі людзей.
— Хай дапаможа бог!..
Ды бог не дапамог,
I той, хто ніцма лёг,
Узняцца ўжо не мог.
I тых, хто жыў святым
I Ноем меціў быць,
Змывала, як масты
Парою навальніц.
I забіваў народ
Жандараў і цароў.
Быў вельмі страшны год,
Патопны год дажджоў...
Але для ўсіх для тых,—
Хто жыў у барацьбе,
Хто не збіваў плыты,
Каб ратаваць сябе,
Хто не палёг трысцём,
А ўстаў, каб права знаць
Між смерцю і жыццём
Свабоду выбіраць,
Хто на гады нягод
Жыццё сваё лічыў,—
Быў год-прадвеснік,
Год
Чырвоных далячынь...
Прад кожным з нас абраны шлях
Ці шлях, што нас абраў.
I не вярнуцца па слядах
Туды, адкуль пачаў
Ісці дарогаю жыцця —
I напрасткі, і ўбок...
Глядзі: шчаслівае дзіця
Зрабіла першы крок.
Хіснулася... Пайшло...
Пайшло!
I дзіва хоць бы ў тым,
Што чалавека
не было —
I вось
сляды за ім.
Яму не хутка зразумець,
Што прыйдзе час здалёк —
I трэба будзе сілу мець,
I мужнасць мець на крок.
Ён і ўпадзе... I ўстане зноў,
Каб на зямлі старой
Прадоўжыць шлях сваіх бацькоў
Або пракласці свой.
Балада пакінутага сэрца
Мне мроіцца часам
Відовішча страшных вякоў:
Нібыта ў пустэчы,
Якая Зямлёю завецца,
Адно —
сярод спаленых,
Попельна мёртвых пяскоў —
Ляжыць чалавечае сэрца
I грукатна б'ецца!
Яно, як гара.
Ледавік на вяршыні яго,
Адтуль
па адхонах
Сцякаюць крывавыя рэкі
I грозна зрываюцца
Лавы чырвоных снягоў! —
I ў чорную бездань
Канаюць
на вечныя векі.
Ударыць яно —
Уздымае да неба віхор
I пыл, і каменні,
Зямля з краю ў край скаланецца
Не бачна Сусвету,
Ні Сонца не бачна, ні зор!
I стогне жалобна —
Гара —
чалавечае сэрца!
Жалоба яго
Аб усім, што было на Зямлі:
Вясёлыя людзі
Смяяліся тут і спявалі,
Кавалі плугі
I аралі вясною палі,
Хадзілі на войны —
I зноў гарады будавалі.
I ў кожным з людзей тых,
То з болем, то з радасцю зноў,
Маленькія сзрцы
На міг не спыняліся біцца,
Маленькія —
толькі
Грымелі мацней ад грамоў,
Маленькія —
толькі
Свяцілі, нібы бліскавіцы!
Таму і змаўкалі,
Згаралі заўчасна яны,
I мудры вучоны
Сказаў:
— Я пазбаўлю вас смерці...
Вось помпа —
не трэба
Плаціць асаблівай цаны —
Надзейная помпа
Замест ненадзейнага сэрца.
Ура вам, вучоны!
Ваш геній дарма не прапаў,
Мільёны мільёнаў
Жылі з вашай помпай бязбедна,
Ніхто з іх ад гора
Сардэчнай хваробы не знаў,
Але і ад шчасця
Салодкага болю не ведаў.
Калі напрадвесні
Хацеў нехта з іх пакахаць
I з вуснаў жаночых
Гарачаю ноччу напіцца,—
Ў грудзях
не
шчымела! —
I нельга было пажадаць:
Няхай зашчыміць там!
Няхай разбаліцца!