Волкава, якая і на дзяжурстве сёння быць не павінна, камендант інтэрната, стараста паверха, прарэктар, якому іменна не было чаго рабіць тут, на інтэрнатаўскай вахце, у тры гадзіны дня... Не памог і пашпарт, які я прадбачліва захапіў, ідучы ў магазін, пашпарт, у якім чорным па беламу было напісана, што нарадзіўся я акурат сёння. «Шыльду бачыш? «Пронос спиртных напитков, а равно и распитие оных, строго запрещено»? Нічога тут пра дні нараджэння не сказана...» Складаецца чарговы акт, назаўтра мяне проста з лекцыі забіраюць і на гэты раз не да знаёмага прарэктара, які паспеў ужо стаць мне як бы трошкі раднёю, а заводзяць у пустую аўдыторыю. Там сядзіць адзін малады чалавек. Адзеты не «в кожу», як знаёмы твайго брыгадзіра, а ў харошы касцюм, са стракатым французскім гальштукам. Малады чалавек назваўся Николаем, расказаў, што сам ён з Тульскай вобласці (?), любіць рыбалку і часта перачытвае не помню якога пісьменніка. Відаць, мая рэакцыя была нейкая не такая, як яму хацелася — я проста глядзеў на яго і лыпаў вачыма, — бо малады чалавек раптам дастаў і паказаў мне чырвоную кніжачку, дзе было напісана, што ён — старэйшы лейтэнант. Я хацеу дакрануцца да яе пальцам, Коля не даў, схаваў яе і ўрэшце прама заявіў, што я ўліп, як швед пад Палтаваю. Я ўздыхнуў і апусціў галаву. ён сказаў, што яшчэ нічога страшнага, «всё поправимо», толькі мне трэба будзе раз у месяц у пэўныя часы прыходзіць у гэтую аўдыторыю і расказваць, як здароўе маіх беларускамоўных сяброў. Гэта значыць, Лены, Антоненкі, Брусаўца, Алеся Рамановіча... Я адмовіўся. Тады малады чалавек раптам спытаў, ці ёсць у нашай вёсцы рэчка, а ў рэчцы рыба? Пачуўшы маё «ўгу», ён — я пабажыцца гатовы! — засаромеўся, трошкі пачырванеў і папрасіў мяне не здзіўляцца, калі ён як-небудзь завітае да мяне ў госці, на рыбалку.
— Вось такі атрымліваецца «мітынг пратэсту»... Якую мне было аб'яўляць галадоўку? Павесіць на шыю шыльду: «Пацярпеў за тое, што
распіваў напіткі «оные» і п'яны хацеў згвалтаваць бабку Волкаву»?
Браты пасмяяліся, але неяк нявесела.
— Тым больш, сам бачыш, што табе ў горад няма чаго торкацца, трэба тут сядзець, — сказаў Сцяпан, устаючы з лаўкі.
І больш на гэтую тэму гаварыць не сталі; пайшлі ў дрывотню — там было праведзена святло і стаяў наждак. Антон круціў ручку, а брат правіў сякеры і нажы, і, нібы між іншым, без усялякай, здавалася, сувязі з тым, што пачуў зараз ад Антона, расказаў, як нядаўна адзін хлопец з іхняй работы разам з жонкай і дачкою разбіліся на матацыкле.
— Куды яго паперла зімою? — здзіўляўся Сцяпан. Ляглі спаць рана, і тэлевізара не глядзелі. Ціха, цёмна, чуваць, як вецер пасвіствае за акном, толькі гардзіны на вокнах бялеюць, а так не відаць ні падлогі, ні сцен, ні столі. Маўчыць, відаць, адразу ж задрамаўшы, змораная маці, маўчыць, хоць не спіць, варочаецца на сваёй канапе брат...
І Антон, у якога даўно прайшоў лёгкі хмель і тое ўзбуджэнне, з якім расказваў пра свае мінскія прыгоды, зразумеў раптам, чаму брату не спіцца, чаму ён згадаў небараку-матацыкліста — ды брату проста страшна! Таму ён і згадвае тых, каму яшчэ горш, чым яму можа быць! Інакш чаму ён так змяніўся пасля Антонавай гісторыі? Не смяяўся, слухаючы, хоць былі ў гэтай гісторыі і смешныя моманты — ва ўсялякім разе, Антон стараўся расказваць гумарыстычна, — не стаў суцяшаць, хоць мог бы, павінен быў бы... Старэйшы, разумны, дужы, дарослы брат, якога Антон заўсёды лічыў такім жа, як сам, толькі лепшым — баіцца!
«А я? — спытаў у сябе Антон, пазіраючы на светлыя плямы гардзін, прыслухоўваючыся да свісту і кропляў зімовага дажджу. — Мы ўсе тут: і Сцяпан, і матка, і я думаем і адчуваем цяпер аднолькавае... Разбярыся ў сабе — і ўведаеш, што ў іх на душы».
А на душы ў Антона быў страх. Той самы, ранейшы мінскі страх, які пасяліўся ў ім яшчэ тады, калі ён ясна зразумеў, што не проста так да яго чапляюцца, не «чорная паласа пайшла», як сказаў Сцяпан, а яго знарок «пасвяць», каб выкінуць урэшце з Мінска. Быў час, калі страх гэты прытупіўся, але гутарка з братам зноў развярэдзіла яго — нібы зуб быў вырваны, і звыкся да дзіркі ў роце, і раптам зноў боль, і аказваецца, не ўвесь вырвалі, а недзе глыбока астаўся сядзець цалюткі корань...