- Каб вы ўсе перадохлі, уся радня вашая... з-за вас усё, гэта ж у вас на дварэ пабілі... дык вы цэлыя ўсе, а мо-о-ой... хто ж мне яго падыме-е-э!..
Лізка, седзячы на карачках, ціхенька галасіла каля мёртвага бацькі.
«Хоць зірні, глянь!» - узмаліўся да яе Дзяніс, у якога сэрца зайшлося і ад гэтых «цешчыных» праклёнаў, і ад таго, што ён арыштаваны, што забіраюць яго некуды, што трэба лезці яму зараз да гэтых акачанелых мерцвякоў і ўмошчвацца неяк разам з імі, паміж імі ці на іх, на ледзяной акамянелай назе, руцэ...
Дзяўчынка мальбы не пачула.
- Атрад... Ойсь... Агам... Арш!
Караван з чатырох падводаў і атрад пяхоты рушылі на Вызну. Калона была акуратная, па чатыры, ісці стараліся плячо да пляча, роўна, нават у нагу - не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі. За апошняй падводай, на якой ехаў разам з забітымі жывы пакуль Дзяніс, беглі два жоўтыя сабакі з падціснутымі кашлатымі хвастамі і з вінавата апушчанымі чорнымі мордамі.
XIX
Забітых чырвонаармейцаў прывезлі ў Слуцак, каб пахаваць паводле ўсіх канонаў савецкай паніхіды, што і было зроблена ў тры гадзіны дня на гарадскіх могілках - ранейшая вуліца Кладзьбішчанская, а з 1920 года «Імя 14 партызанаў» (з назвамі ўвогуле нямала намудрыла новая ўлада. Было так: год назад на гэтых могілках палякі расстралялі чатырнаццаць камуністаў, якія самі сабе выкапалі магілу і прымалі кулі са словамі: «Мы умираем, но Красная Армия скоро прогонит вас!»; прагнаўшы палякаў, Чырвоная Армія перайменавала вуліцу, на якой знаходзіліся могілкі, у імя расстраляных, але партызанскіх астанкаў тут ужо не было, бо іх перазахавалі на вуліцы Саборнай, назваўшы яе вуліца Камсамольская...) - словам, таварышаў закапалі на старадаўніх гарадскіх могілках, сярод векавога праху случчакоў. Скінулі шапкі, адспявалі, студзячы глоткі, «Не плачьте над трупами павших бойцов, несите их знамя вперед!», трыма залпамі ўмазалі ў пагоднае не па-лістападаўску неба, сарваўшы з бліжэйшых акацый хмары варання, і адправіліся ў казармы, а адтуль у сталоўку абедаць. На жвірыстым пагорку застаўся толькі фанерны трохкутны слупок, увенчаны пакуль яшчэ бліскучай зоркай, - іх, гэтыя зоркі, спрытна выразаў з кансервавых бляшанак палкавы майстра на ўсе рукі Чувалаў, зямляк без весткі згінуўшага Андрэя Мікіціна.
Дзяніса Карпавага адвялі ў той самы дом Ваньковіча, ён жа памяшканне Рады Случчыны, дзе адбылося пераломнае выступленне Жаўрыда і дзе цяпер размяшчалася «чэка». Адвялі і ўкінулі, даўшы напаследак насцака пад зад, у каменны мяшок: два на два метры, без акна, з дзіркаю пасярод голай, як ток, цэментнай падлогі; холад тут стаяў люты, а з дзіркі несла борняю.
Таварыша Губмяна на пахаванні не было. За тыя дзве гадзіны, пакуль дабраліся да Слуцка, ён, седзячы без руху ў падводзе, скалеў так, што вусны кепска слухаліся, а на пахаванні трэба ж было б сказаць хоць якую прамову... Пакуль тое ды сёе, ён адводзіў душу гарбаткай і тытунём, адаграваўся сабе ў аднамесным нумары-«люкс» гасцініцы з гучнабанальнай, тыповай для любога захалуснага гарадка назваю - «Брыстоль». Увесь другі паверх гатэля быў адведзены «пад рэўкам». На першым размяшчаліся штаб і контрразведка дыслакаванай цяпер у Слуцку 16-й арміі, а таксама на месцы колішняга рэстарана - чырвонаармейская сталоўка. Нумар таварыша Губмяна знаходзіўся на другім паверсе. З акна камісар мог бачыць чатырохвугольную ў плане Саборную плошчу, засыпаную стаптаным снегам; па другі бок яе, акурат насупраць, лыпіўся на «Брыстоль» сваімі злавеснымі прыплюснутымі фіранкамі зашморгнутымі вачыма-вокнамі дом Ваньковіча, ён жа «чэка».
«Люкс» таварыша Губмяна некалі ўяўляў сабой утульны, у межах разумнага абстаўлены пакойчык. У ім не грэбавалі спыняцца нават заезджыя менскія артысты, асабліва рамантычна-томныя, вечна адзінокія актрысы, таму шмат на што (аб чым таварышу Губмяну і не здагадацца ніколі) нагледзеліся гэтыя, у вясёленькія шпалеры абклееныя, сцены, гэтая тахта з пухнатай, ромбамі прашытай пярынаю... Зрэшты, даўно ўжо, канечне, не было ні вясёленькіх шпалераў, па жывому цяпер абадраных, ні тым больш пярыны, ні тахты - ніякага ўвогуле лежака тут не было, і на ноч камісар адпраўляўся спаць у казармы.
Цяпер абстаноўка «люкса» была самая спартанская. Каля акна з пакрышаным, нібы грызлі яго зубамі, падаконнікам стаяў строгі канцылярскі стол, заляпаны атрамантам і пакрыты белымі кольцамі - сляды ад гарачых шклянак (падобныя на сучасную алімпійскую сімволіку). Чайнік з кіпенем на стале. Табурэтка пад сталом. Шафа з трэснутым люстрам. Дзверы ў ванны пакойчык з пралетарскай сур'ёзнасцю засабачаны былі дзвюма крыж-накрыж дошкамі, прычым цвікі ўбіваліся не па плешку, а да паловы, а потым згіналіся; усё адно гарачай вады не было, і зноў-такі, як і ў выпадку са шпалерамі і з пярынай, не было і самой глыбокай, прадаўгаватай, пяшчотным блакітным эмалем усярэдзіне пакрытай ванны - яе, мёртва прышрубаваную, са злосці растаўклі ламамі пасля марных спробаў адарваць ад падлогі. За другімі побач з ваннай дзвярыма знаходзілася прыбіральня - гэтая, праўда, лічылася спраўнаю і зрэдку працавала. Па ржавым унітазе, не перастаючы, бегла карычневая вада. Час ад часу яе набіралася столькі, што яна не паспявала прасочвацца - унітаз забівала і ў «люксе» пачынаўся сапраўдны патоп. Прыходзіў глуханямы «слёсар» Клім, вось ужо сапраўды шчыры прыхільнік новай улады, якая балбатуноў не цярпела (адзін з рэдкіх выпадкаў, калі фізічны недахоп толькі на карысць чалавеку!), і, напаўняючы «люкс» смуродам, прымаўся шураваць у трубе кавалкам дроту з намотанай на канцы анучаю.