Выбрать главу

- Ды нашая гэта тэрыторыя! - сярдзіты таварыш Санін падняўся рэзка, чхаць ён хацеў на тое, што зрабілі яму заўвагу. Гэта ў яго, такога маладога камандзіра ўзвода, быў «пам-нач-камам» геройскі Мішка, баявы таварыш, з якім столькі з'елі разам кашы, прайшлі агонь і ваду: фарсіравалі Сіваш, секлі белякоў пад Кахоўкаю, грамілі Дзянікіна, Урангеля і Булак-Балаховіча - і нідзе не ўзяла друга куля, пакуль не загінуў на роўным месцы ад подлай рукі (падумаць толькі!) беларускай нацыяналістычнай сволачы! Таварыша Саніна проста трэсла ўсяго ад прагі помсты і класавай нянавісці. Эпізод у вёсцы толькі раздражніў яго: слюнцяй Губмян, дваіх усяго расстралялі і аднаго ўзялі палоннага! - ды дзесяць, сто паганых кулацкіх жыццяў пакласці за кожнага нашага! - мне б волю, у мяне б кулямёты не прастойвалі б, не замярзала б, як сёння, у «кажухах» вада!

Таварыш Санін нервова абшморгнуў кіцель, расправіў «хвосцікі» складак ззаду пад рэменем:

- Што мы чакаем?! Чаму спыніліся?! Гнаць трэба к... мацеры і белапалякаў, і ўсіх разам!

Губмян, слухаючы, зняў акуляры, і тут у вачах яго, як ні дзіўна, паявілася штось чалавечае. Яўна яму падабаўся Санін, па душы была гэтая нецярпячка, гэты запал - у правільным рытме б'ецца маладое сэрца, па-бальшавіцку мысліць юная галава.

- А як з нейтральнай зонаю? - паддражніў ён.

- Пляваць на яе!

- Пляваць... Я ўжо гутарыў тут з байцамі - не толькі таварыш Санін, а і многія гарачыя выказваюць незадавальненне. Ірвуцца ў бой! З такім пылам палякаў трэба было біць... Спяшаюцца папярод бацькі ў пекла, забываючы, што мы зусім яшчэ маладая дзяржава, не настолькі акрэплая, каб не лічыцца са шматлікімі ворагамі. Да таго ж ёсць такая рэч, як міжнародная палітыка. Можна, і прасцей за ўсё, наступаць, але бываюць выпадкі, калі трэба ўмець і адступіць. І таму, пакуль вядуцца ў Рызе перамовы нашага пасла таварыша Іофе з палякамі...

- Вечныя палякі!..

- Наконт палякаў, таварыш Санін, таксама папрашу не гарачыцца. Так, яшчэ ўчора гэта былі нашыя заклятыя ворагі, а сёння з імі падпісаны мір, і ў нас ёсць магчымасць пераключыцца на ворагаў іншых. Што да семежаўскай банды, дык тут самі палякі наўрад ці зацікаўлены мець пад бокам трэцюю сілу, тут яны нам хутчэй саюзнікі... Ужо адно тое, што яны не пакінулі ім зброю, якая была б павернута супраць нас, ды і цяпер не даюць, аб чымсьці ды сведчыць; за адно гэта ім варта дзякуй сказаць. І яшчэ - па самых дакладных звестках палякі згодныя ўпусціць нас у нейтральную зону для ачысткі яе ад бандытаў. На трое сутак. Хопіць нам трох сутак?

- Хопіць!

- І адных хопіць!

- Яшчэ і застанецца!..

- А пакуль што? Сядзець склаўшы рукі? - І таварыш Санін, у пацверджанне сваіх слоў, апусціўся на табурэтку і склаў рукі.

- Хто сказаў сядзець? Пакуль мы хоць і вымушаны прытрымлівацца гэтага дурнога становішча нейтральнай паласы, але бяздзейнічаць нельга ні ў якім разе! Працы ўсім хопіць, - казаў Губмян, пастукваючы злёгку папкай аб стол. - Шырэй праводзіць работу з насельніцтвам. Выяўляць і караць вышэйшай мераю бандыцкіх саўдзельнікаў, якія пастаўляюць у Семежава прадукты і фураж. Самім больш рашуча праводзіць рэквізіцыі, бо тут прамая сувязь - чым больш забярэм мы, тым менш дастанецца бандытам. На месцах ствараць камбеды, народную міліцыю, узброеныя атрады самааховы з беднякоў. Помніць, што прапаганда - другая наша зброя! Трэба дзе можна тлумачыць насельніцтву пра непераможнасць Чырвонай Арміі, пра яе аграмадны тэхнічны і людскі патэнцыял. Акцэнтаваць увагу на тым, што зверствы і здзекі нясуць палякі, немцы і мясцовыя бандыты, але не мы. Канечне, абяцаць поўную амністыю ўсім, хто прызнае савецкую ўладу і здасць зброю - тут важна паабяцаць, а потым разбярэмся. Контрразведцы і ЧК асаблівую ўвагу надаць кампраметацыі кіраўнікоў бандфарміравання. Правесці гутаркі з людзьмі, якія іх ведаюць, па магчымасці арыштоўваць у поўным складзе іхнія сем'і і трымаць пад замком да таго часу, пакуль з бандай не будзе пакончана. Усяляк кампраметаваць іх як «абаронцаў», «беларускіх герояў» - расказваць пра п'янства сярод іх, распусту іхнюю; яшчэ лепш арганізаваць пару-тройку начных пагромаў, з расстрэламі, і зваліць потым на іх, як было ў Эстоніі, дзе мы выконвалі дырэктыву таварыша Леніна[19]...

вернуться

19

«Под видом «зеленых» (мы потом на них всё и свалим) пройдем на 10-20 верст и перевешаем кулаков, господ, помещиков. Премия: 100.000 руб. за повешенного...»