Але ўжо праз хвілінку ён запаволіў крокі. Толькі цяпер да яго пачынала даходзіць, што няма ў яго ніякай дамоўкі, не зможа больш ён там паявіцца і не атрымаецца ні ў запечку пераседзець, ні ў куточку паміж хлявом і прыбіральняю схавацца... Што няма ў яго больш ні Лізы, ні дзядзькі Ладуся, ні цёткі Ёўгі, якая пракляла іхні род; няма больш ранейшага бацькі, а ёсць той, чужы сівы старац, да ўсяго безучасны, які стаяў перад нацэленымі на яго вінтоўкамі... Ды і самой вёскі, такой, як яна была, няма больш!
Ён вярнуўся, падабраў запіску, разгладзіў, яшчэ і азірнуўся, ці не бачыў хто. Схаваў ва ўнутраную кішэню, бліжэй да сэрца - нібы ўсё ж такі яшчэ магла яна паслужыць яму пропускам у тое жыццё, якога не будзе больш ніколі.
XX
А Семежава бурліла!
Выпадак з разведчыкамі Чуба атрымаў нечаканы працяг. Усе ўжо ведалі, што па наводцы гадзюкі-рэўкамаўца бальшавікі ўночы акружылі вёску, трымалі людзей «разьдзетых» на марозе, усяляк здзекаваліся, білі іх, дваіх дэманстратыўна расстралялі, а меншага Карпавага, «босага па сьнезе, зьвязанага калючым дротам!», пагналі з сабою ў Слуцак.
Гудзела, калыхалася ад гневу семежаўская плошча, на якой яшчэ з рання арганізаваўся мітынг; праўда, не было на ім «запісных» выступоўцаў - крычалі, абураліся, тлумачылі, пераказвалі, гаварылі адзін да аднаго, чым яшчэ больш распалялі і заводзілі і сябе, і таварышаў:
- Смерць камуністым!
- Павесіць падлюку Кецку!
- Якога... мы ў гэтым Семежаве куткі абціраем?!
Па першым часе не было раздраю. Пакуль што ўсе былі з'яднаны прагай помсты. Ніхто не асуджаў, не наракаў на сваіх хлопцаў-разведчыкаў, і ў думках ні ў кога не было вінаваціць у чымсьці Чуба. Нікому не прыходзіла на розум тая простая думка, што калі б не было першапрычыны, дык не было б і выніку: каб не зачапілі іхнія разведчыкі чырвоных, дык не было б і працягу, і вёска была б цэлая... Але што ж гэта тады за вайна?! Дзе б'юць, там і кроў льюць; усё правільна, малайцы, што павучылі трохі, хай ведаюць, хто тут гаспадар!..
Чуб быў герой, сапраўдны мужчына, ваяка. Праўда, здураваў адно крыху: на чорта яму было забіраць з сабою Кецку, трэба было «шлёпнуць» адразу на месцы, у двары, і тым больш не варта было скідваць забітых у рэчку, а прывезці ў Семежава ці прыхаваць збольшага дзе ў лесе, па дарозе... Але ўсё гэта дэталі, дробязныя, няважныя - так атрымалася, і добра, няма чаго ўспамінаць, трэба думаць, што рабіць далей.
- Хіба Балаховіч цярпеў бы?!
- На Вызну!
- На Слуцак!
(І такое гучала.)
Пакрысе наспяваў бунт. І сапраўдныя прычыны, якія ўздыбілі брыгаду, якія бударажылі народ, што тыя дрожджы ў бразе, былі, канечне ж, зусім не ў гэтым звычайным, у прынцыпе нікчэмным для людзей ваенных і па ваенным часе выпадку; прычыны збіраліся даўно. Проста выпадак гэты шмат з чым супаў.
Маса ўзброеных, накормленых, здаровых, у адным месцы сабраных мужчын проста даўно нудзілася без дзеяння. Былі і свае мясцовыя нюансы. Хоць і знаходзіліся людзі на сваёй тэрыторыі, амаль што дома, сярод блізкіх, сваякоў і знаёмых, хоць сем'і і кармілі іх, пастаўляючы ім прадукты і самае неабходнае, - гэта добра было дзень, два, нават тыдзень ці два, але рана ці позна стане сорамна, і не палезе ў горла кусок. Прыязь гаспадароў, у якіх былі яны раскватараваныя, не магла быць вечнай; гаспадары хоць і не гаварылі ўголас, але пытанне вось-вось непазбежна ўзнікла б, пытанне такое: чаго вы тут, уласна кажучы, загасціліся? Калі і чым вы надумаеце за ўсё плаціць?.. А тут яшчэ далучэнне грозаўцаў, перад якімі някепска было б паказаць сябе бясстрашнымі, у баях загартаванымі ваякамі...
А тут яшчэ малебен, і (як індульгенцыя, як дазвол ад Найвышняга на яе хутчэйшае выпрабаванне супраць акупантаў-бязбожнікаў) такое ўрачыстае асвячэнне зброі - міжволі карцела праверыць, а што, калі раптам праўда, і ў гэтым нешта ёсць, і «асвянцоная» вінтоўка ці стрэльба неяк інакш, больш прыцэльна страляць пачне, а ўладар яе будзе застрахаваны ад варожых куль?
А тут яшчэ і расчараванне ў камандзірах-«нацыяналістых» і радаўцах-«бээнэрах»; і то - хіба самыя тупыя, як браты з Грэска Іван з Андрэем, для каго ўсё быў адно белы свет, абы дзень з вачэй, не маглі перш не задумацца, а потым і ўголас не запытаць: дык дзе ўрэшце абяцаная зброя? дзе грошы? амуніцыя? дзе хвалёная міжнародная салідарнасць і ваенная дапамога, пра якую ў лапці званілі па сто разоў на дзень? Чым займаецца Рада, акрамя сваіх сходак, зборак, незлічоных дэкларацый і адозваў - якая з гэтага каму карысць? Дзе плён? Ці ўсё так і было задумана ад пачатку, з разлікам у рай уехаць на чужым гарбе? Заварыць кашу, раструбіць на ўвесь свет, каб самім лягчэй было змыцца ў Парыжы ды ў Прагі, падставіўшы іх?