«Да таго мінскага братца дабярэмся... Вось і дабраліся. А ён, сляпы дурань, — сорамна ўспомніць! — здаваў семінары, канспектаваў лекцыі, за Ленай бегаў і ўжо марыў, як некалі прывязе яе сюды, у вёску, і будзе расказваць, ведучы яе ад станцыі, пра кожнае помнае дрэва, кожную паваротку дарогі, пра кожную хату, на якую Лена пакажа пальцам... Ён жыў, ні пра што не дбаючы. А ў гэты самы момант у нейкім кабінеце рука здымала тэлефонную трубку, званіла ў другі канец Беларусі, і другая рука падымала трубку, называліся яго прозвішча, імя, правяралася біяграфія, заводзілася папка, клаліся ў яе паперы... Жылі побач з ім дарослыя людзі, для якіх цікавіцца ім, Васкевічам, была такая ж будзённая, магчыма, са сваімі «прелестями» і цяжкасцямі, звычайная праца, за якую грошы плацілі — такая ж, як для маткі праз дзень дабірацца на свой заводзік, як для брата гарбаціцца на будоўлі...
«Нічога не скончана, — думаў Антон, не могучы не тое што забыцца і задрамаць, а і вачэй прыплюснуць. — Гэта толькі пачатак. Як проста... Чорная глухая ноч, машына падкоціць — і не пачуеш, не ўбачыш. Стук у шыбку. Пяць хвілін на зборы. Матка галосіць... Ну і што, што канец ХХ стагоддзя; 1991-ы год? Ну і што, што я нікога не забіў і не абакраў? Вось так жа думалі Лебяда, Гарэцкі, Зарэцкі, сотні, тысячы іншых. Мы — чыстыя, сумленне наша чыстае — за што нас «браць»? Цяпер жа не сярэднявечча, не інквізіцыя, не імперыялістычная, не грамадзянская войны, не ваенны камунізм — няўжо тыя, чые ідэі даўно перамаглі, не змогуць у спакойны, мірны час адрозніць ворага ад не-ворага? Як гэта нас, маладых, разумных, сумленных, гатовых служыць пераможцам верай і праўдаю, ні з таго ні з сяго забяруць? А так, вельмі проста. За шкірку. Ты думаў калі, што цябе, выдатніка, цяперашнім часам можна адлічыць з інстытута і выкінуць з Менска? Ды яшчэ два месяцы назад ты назваў бы гэта дзікім абсурдам! А ў цябе ніхто і не папытаў!»
Відаць, усё ж праўда, што думкі могуць перадавацца, як гэтае цяпло ад напаленай грубкі. Інакш як растлумачыць, што матка раптам перастала пасвістваць носам, уздыхнула, пакруцілася і зусім бяссонным голасам разарвала гнятлівую цішыню:
— Глядзі, каб яшчэ не прыехалі «чорным воранам» ды не забралі ў якую цюрму!
— Што гэта ў цябе ўсё ў «цюрму» ды ў «цюрму»?..
— Ага! Ты не помніш, Сцяпан не помніць, а я добра помню, як пасля вайны «варанкі» гайсалі!.. Лягаў чалавек спаць, а назаўтра няма, і па сённяшні дзень ніхто не знае, дзе...
Самае дзіўнае было, што брат не спаў — а маўчаў. І Антон нічога матцы не адказаў. І матка больш не адзывалася.
Ляжалі без сну — і кожны думаў адно і тое ж.
VI
З гэтых выхадных, ад Каляд аж да старога Новага года, стала такая адліга, такая зрабілася, як маці казала, «скаўзеліца», што без кійка немагчыма было прайсці па двары. Зверху вада, калюжыны, знізу — голы лёд. Пачарнелі стрэхі хат і хлявоў, дрэвы ў садзе, нязвыклы — без свайго белага ўбрання, — чужы, непрытульны стаяў лес. Агарод і поле цераз дарогу парабіліся рабымі ад чорных грудкоў, што павылазілі з-пад снегу. Зранку да вечара на двары вісеў мокры туман — нібы дождж, стаміўшыся, узяў і завіс паміж небам і зямлёю. Позна развідняла і рана цямнела. Васкевіч нічога не рабіў, сядзеў, чытаў, глядзеў тэлевізар; выходзячы пакурыць, глядзеў на пахмурае неба, на рабы агарод, выпускаў з рота цыгарэтны дым, а дым так і стаяў каля твару, над галавою, бы гэты туман, не разыходзіўся... Нейкі цягуча-нудны сум сядзеў усе гэтыя дні ў душы, не даваў спакою, раз'ядаў яе, як гэтая слота раз'ядала снег з поля... Прыходзіў у госці Пульс, мокры, трымаючы ў руцэ ўсю ў гразі шапку — пакуль дайшоў, умудрыўся два разы ўпасці. Як чалавек культурны, каля парога зняў галёшы, мокрую шапку выкруціў у «свінячае» вядро, паклаў на прыпечак сушыцца. Маці дала яму паесці і наліла шклянку віна. Ён адразу ж ап'янеў, выпіў адно за адным тры сырыя яйкі, у кожнае ўсыпаўшы мо з паўжмені солі, пачаў расказваць, як адна «баба» з Двароўкі (суседняй вёскі) ездзіла ў горад, у «енвалідскі дом», выбрала там і прывезла сабе «мушчыну», прасіў, каб Васкевіч і яго звазіў у той дом і памог там выбраць «бабу», спяваў, танцаваў пад песні з радыё... Толькі позна ўвечары ледзь удалося яго справодзіць.
Перад старым Новым годам, пасля абеду, выбліснула раптам сонца, без ветру, неяк самі сабой паплылі за лес шэрыя дажджавыя хмары, усё вакол паяснела. Адразу ж проста на вачах вада ў двары пачала пакрывацца крохкім рыфленым лядком, зацвярдзела, пашэрхла зямля, і певень, які ў той дзень доўга не йшоў на седала, ужо смела, героем пазіраючы на курэй, хадзіў па непралазнай яшчэ колькі хвілін назад, а цяпер трывалай гразі. За ноч зямля ператварылгася ў чорны лёд. Снегу не было, марозік ціснуў, а ад зыркага ранішняга чырвонага сонца было, здавалася, яшчэ халадней.