Зачыншчыкі былі абясшкоджаны, бунт скончыўся.
Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога - стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...
Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя - гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка?[20] Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, - прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і верыць, расчараваныя былі б.
А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом - вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...
- ...І вінаватыя будуць строга пакараны! - ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага. - Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце - вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...
- Гу-у-ура! - прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.
Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога - над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры - ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.
Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.
Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...
Дзяніс, памужнелы і нават пастарэлы за той кароткі час, пакуль быў у палоне, маўклівы з таго часу, прашыўся бліжэй да труны і таксама ў апошні раз паглядзеў - на таго, каму ўжо нічога не раскажа. Ні пра Лізку, ні пра дзядзьку Ладуся, ні пра свой палон... Ён марудна ўкленчыў на стылы дол і дакрануўся вуснамі да сябравага лба. Непадалёку выкапана была магілка, жоўты пясок хутка пакрываўся белым снегам.
А другі, кім ахвяравалі дзеля «сьвятой справы», нічога гэтага бачыць не мог.
У цёмным глухім катушку, які ахоўваў звонку вартавы, на саломе ў кутку ён спаў сабе, закруціўшыся з галавою ў шынель, як пшаніцу прадаўшы. Ці то ад таго, што халоднае, здаровае было паветра, ці ад таго, што не высыпаўся апошнімі днямі, а цяпер такая нагода, ці проста з той прычыны, калі чалавек зняволены па першым часе адчувае дзіўную палёгку, перастаючы залежаць ад самога сябе, - але яму даўно, ды ні разу, колькі ён у гэтым Семежаве, так спакойна, так па-дзіцячы соладка не спалася...
Аднак жа адразу прачнуўся, як толькі на двары сказалі штосьці голасам Мірановіча. Прачнуўся і сеў.
Бухнулі дзверы, расчыніліся, але ў катушку святлей не стала. У цемры чуваць было сапенне Мірановіча. Потым ён запаліў лямпу. Яна асвятліла яму твар, і Чайка не пазнаў яго. Упершыню Мірановіч быў непаголены, шчаціна расла кусцікамі, а сам твар выглядаў стомленым і азызлым... Калі ж Мірановіч нарэшце загаварыў, да Чайкі дайшло, што няверны сябрук яго проста п'яны - як цэп, у адкрытую ўжо дазволіў сабе расслабіцца пасля так удала праведзенай «аперацыі».
20
Гэтая гісторыя з запіскай, паступова ператворанай у «пакет з сакрэтнымі дакументамі» - увогуле самы цёмны эпізод ва ўсёй Слуцкай акцыі. Адчуванне такое, што ніхто яе ў руках не трымаў і ў вочы не бачыў. А між тым дакладны змест яе, калі яна існавала, павінны былі б ведаць проста на памяць усе: ад Жаўрыда да апошняга непісьменнага салдата. У.Пракулевіч, якога як старшыню Рады з такімі рэчамі павінны былі азнаёмліваць самага першага, успамінае так: «Было задержано его (Чайкі) письмо к известному в Слуцке комиссару Лебедю, в котором он, указывая на свое разочарование Слуцким восстанием... всё же предлагал ему не выступать против повстанцев. По другой версии, он даже предлагал Лебедю перейти на сторону повстанцев. Так говорили у нас об этом письме, но за достоверность не ручаюсь, ибо проверить не смог». У М.Бусла ўжо можна прасачыць зародак легенды: «Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо да Кецкі (заўважым блытаніну з адрасатамі). Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: «Я знаходжуся ў беларускай паўстанчаскай арміі і многа раблю карысці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіццем і аслабаняю палонных...» (вось такія ваенныя «тайны!»). Толькі ўсмешку можа выклікаць наіўны Ю.Лістапад: «Ён (Чайка) знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсьці, яго на фронце(!) затрымалі патрулі(!!)...» У 1950-я гады ў Ю.Харытончыка ўжо адназначна: «Гэтым часам высьветлілася таксама, што палкоўнік Чайка выслаў бальшавікам пакет й апісаў усю нашую сілу і род зброі» (два кулямёты). У А.Латышонка (пераклад з польскай): «Начальнік контрразведкі А.Мірановіч перахапіў яго (Чайкі) ліст да бальшавіцкага ваеннага камісара рэўкама Вызны Канстанціна Кецкі. Эсэравец К.Кецка быў сябрам і таварышам па службе П.Чайкі. Згаданы ліст загінуў, а рэляцыі на тэму таго, што ў ім было, вельмі значна розняцца...» А вось з тае завязі паспелы ў нашыя часы плод: «Ён (Чайка), былы савецкі работнік Слуцкага ваенкамата, спрабаваў перадаць пакет з таемнымі (так!) дакументамі на савецкі бок, але старога дзеда, якога П.Чайка паслаў у Слуцак з гэтымі дакументамі, затрымалі...»