Выбрать главу

«Сівы — гэта... — зашаптаў Церашкоў, заўважыўшы, кім Трухан цікавіцца. Каб быць пачутым, ён нахіліўся да Трухана бліжэй, пры гэтым абапёрся на дзявочае калена. На безыменным пальцы ў яго бліснуў залатой палоскай шлюбны пярсцёнак. — У школе праходзілі… А лысы, у касцюме — гэта сам... Вершы напамяць вучылі!»

«А той, з краю?»

«Ніхто не ведае. Ніводнага паседжання не прапускае, сам не выступае...»

«Нічога: дзе трэба, выступіць», — умяшалася Нэлі, якая ўсё чула.

У канцы стала шляхам розных перасадак стварыўся як бы прэзідыум. Справа сеў бялявы хлопец у чорнай скураной куртцы, злева — чарнявы ў светлым касцюме, пасярэдзіне — дзяцюк, які жартаваў пра бомбу. Яны ўтрох яшчэ аб нечым пашапталіся, і бялявы аб’явіў, што можна пачынаць. Чарнявы назваў прозвішча.

Усе прыціхлі. Сярод цішыні паднялася танюткая дзяўчынка з лістком паперы ў руцэ, двойчы бралася чытаць і, збіўшыся, замаўкала.

«Смялей, Ліда! — падбадзёрыў бялявы. — Уяві, што цяпер дваццатыя, ці трыццаць сёмы год, і па цябе зараз прыедуць».

Падзейнічала. Дзяўчынка справілася з сабою. Чыстым, звонкім галаском, без адзінай запіначкі яна, не гледзячы ў лісток, прадэкламавала доўгі верш на гістарычную тэму, пра князя і князёўну, у якім ці не праз слова трапляліся «дзіды» і «воі», «рамёны» і «цягліцы», «веі» і «скрыдлы»...

«Ну, хто што скажа?» — спытаў чарнявы ў светлым касцюме, калі дзяўчынка скончыла чытаць і не прысела, а стаяла, чакаючы прысуду, і зноў хвалявалася.

Першы азваўся бялявы.

«Я лічу, — сказаў ён, — такі верш далёка не кожны часопіс надрукуе. Смела, моцна! Амаль Караткевіч».

«Нарэшце мы пачалі выбірацца з лапцей», — заўважыў чарнявы.

«Гэта не паэзія, — рэзюмаваў дзяцюк пасярэдзіне. — Слабенькі верш... Але ж яна не ў афіцыйныя рэдакцыі прынесла яго, а нам. За што я цябе, Ліда, і люблю. Усё, наступны!»

Дзяўчынка з палёгкаю ўздыхнула, села і, пачырванелая, — відаць, чакала куды большага разгрому, — пачала перашэптвацца з суседзямі.

Такім, як гаворыцца, макарам пайшло і далей. Падымаўся хлопец ці дзяўчына, чыталі верш ці абразок; у вершах, як правіла, былі ўсё тыя ж «воі» — «веі», «скрыдлы» — «дзіды», «Храм» — «хам», у абразках — адзінота, непрыкаянасць, дождж за вакном, цыгарэта ў руцэ і парцалянавы кубачак кавы... Адзываўся першы чарнявы, заўсёды робячы ў сваіх ацэнках націск на тое, што, дзякаваць Богу, мы выбіраемся з лапцей, амаль знікла нарэшце ў творах вясковая тэма, не кажучы пра абрыдлую запечную псіхалогію старых дзядоў і бабуль, якія дзесяцігоддзямі не вылазілі з нашай літаратуры. Бялявы хваліў усіх падрад — на той падставе, што «такія рэчы не прыме ніводная афіцыйная рэдакцыя», а найвышэйшай пахвалой у яго было — «амаль як у Караткевіча». Падагульняў дзяцюк, у якога на ўсё была свая, таксама досыць аднастайная думка:

«Мура, калі шчыра... Лухта паўнейшая! Але ж не камусьці, а да нас на суд прынеслі. Вось за гэта — паважаю!»

І слухачы, і асабліва выступоўцы не­не дый пазіралі на старэйшых пісьменнікаў. А тыя пасля кожнага новага верша ці апавядання проста святлелі тварамі, усё гучней перагаворваліся — так, што дзяцюк вымушаны быў зрабіць ім заўвагу:

«Можа, вы хочаце выступіць?»

«З вашага дазволу», — адказаў, устаючы, пісьменнік у світэры.

«Хто гэта?» — цішком папытаўся Трухан пра дзецюка, які найбольш яго цікавіў.

«Ведрыч, — адказаў Церашкоў, — кадр яшчэ той».

Пісьменнік у світэры звыклым рухам чалавека, які прывык і ўмее трымацца на людзях, адкінуў даланёй назад сівыя валасы, загаварыў густым, упэўненым, пастаўленым, бы ў радыё, голасам:

«Думаю, называць сябе няма патрэбы — спадзяюся, усе мяне і так ведаюць. А вось маю новую пасаду наўрад ці. Я нядаўна абраны ў камісію па працы з літаратурнай моладдзю, таму...

«А што, ёсць такая камісія?»

«І з кім яна працуе, калі ўсе маладыя — тут, самі па сабе?» — пачуліся воклічы.

Бялявы з «прэзідыуму» таксама сказаў:

«Выходзіць, калі б мы самі не пачалі збірацца, дык не было б ніякае камісіі? Тады хто пад каго падладжваецца?»

«Пачакайце... Па­першае, чаму вы думаеце, што акрамя вас няма больш маладых... Па­другое, сапраўды, раз вы ўжо сабраліся, дык трэба ж некаму кіраваць... ну, працаваць з вамі... Адсюль і камісія!»

Адказам яму быў дружны смех. Пісьменнік усё ж вырашыў не здавацца і давесці сваю думку да канца: