Выбрать главу

«Схадзі, канечне».

«Ну вось, — уздыхнула яна. — Не каб сказаць, не трэба, дарагая, шануй здароўе — дык ён яшчэ і канечне!»

Такія цяпер былі паміж імі адносіны — у стадыі затухання, ці, дакладней, у тым яе перыядзе, які Церашкоў пра сябе называў «расплата за грахі». Усе гэтыя папрокі, уздыхі, падпусканне шпілек з яе боку і скаванасць, угодлівасць, перабольшаная ветлівасць — з яго… Усё тое, што горш за любыя сваркі, бо з’яўляецца нават не прадвесцем блізкага фіналу, а ўласна ім — канцом яшчэ аднаго хуткацечнага кахання, асуджанага на нешчаслівасць ад пачатку; мо таму смерць яго так адносна лёгка і перажываецца?

Ведаў гэтыя перыяды Церашкоў, тонка ўгадваў іх наступленне, не любіў іх, не хацеў, адцягваў як мог, але вымушаны быў мірыцца з імі, як з непазбежнасцю, як з тым, што дзень абавязкова змяняецца на ноч. Тут трэба было ўсяго толькі перачакаць. Перажыць. Перацярпець. Што ён на дадзены момант паспяхова і рабіў.

«…Дык табе ўсё роўна, куру я ці не?» — дапытвалася Нэлі, і змоўкла, убачыўшы, што да іх ідзе Ведрыч.

Перад сабою, як журналіст дыктафон, ён трымаў пачак цыгарэт. Парукаўся з Церашковым, затрымаў яго далонь у сваёй, здзіўлена, запытальна, нібы першы раз бачыць, разглядаючы залаты пярсцёнак у яго на пальцы.

Церашкоў вырваў руку.

«Што гэта за барсук з вамі?» — спытаў Ведрыч і паказаў пачкам на дзверы, каля якіх нядаўна таптаўся Трухан.

«Ды так, — хутка адказала Нэлі. Як толькі падышоў да іх Ведрыч, яна ўміг зрабілася сама сабою: бесклапотнай, усмешлівай дзяўчынкаю, у якой усё цудоўна і якая ні аб чым не дбае. — З маёй групы адзін…»

Яна наморшчыла лобік, падумала, але больш нічога не змагла сказаць пра Трухана. Ён ніколі не цікавіў яе, бо не мог быць ёй ні патэнцыяльным мужам, ні палюбоўнікам «на час» (як Церашкоў), а іншых крытэрыяў ацэнкі мужчын яна проста не ведала. У гэтым плане Трухан быў для яе практычна бясполым. Ведала, што ён сірата, што прынялі яго ва універсітэт ледзь не без экзаменаў — па нейкім «мэтавым накіраванні» ад нейкага калгаса ці саўгаса, куды пасля вучобы ён і вернецца. Ім, другакурснікам, было па семнаццаць­васемнаццаць гадоў, яму — за дваццаць, ён і паступаў некалі разам з Церашковым і з ім на адным курсе павінен быў бы вучыцца, але прапусціў з­за хваробы цэлы год — браў «акадэмічны». У арміі не служыў. Нездаровы, маўклівы, вось іменна, як Ведрыч заўважыў, барсукаваты, вечна чымсьці прыгнечаны, у сябе ўнураны…

Таму Нэлі сама здзіўленая была — навошта Церашкоў прывёў яго сюды? І думала, што зрабіў ён гэта па адной прычыне — пачалося астыванне між імі, і ўзнікла патрэба, каб заўсёды быў сярод іх нехта трэці.

«Ты ж сам прасіў агітаваць паболей людзей», — сказаў Церашкоў.

«Я і меў на ўвазе людзей. Колькі вам гаворана было — тут не багадзельня. Абы­хто сюды сцягваецца!»

«І я?» — какетліва спытала Нэлі.

«Ну, ты. Ты па­за канкурэнцыяй, любоў мая, сонейка маё… Дай, — Ведрыч нагнуўся і пацалаваў яе ў шчаку. — Каб яшчэ з гэтым жанатым не блыталася, цаны б табе не было».

Нэлі апусціла вочы.

«А ты, Церашкоў, глядзі! — паківаў тоўстым пальцам Ведрыч.

«Слухай! Пішы свае вершы і сварыся са сваімі старымі пісьменнікамі… Без цябе разбярэмся».

«Я вам усім тут бацька. І адказваю за вас, — сур’ёзна прамовіў Ведрыч. — А, зрэшты, рабіце што хочаце!»

«Можа, да мяне пасля зойдзем? — спытала Нэлі, калі «бацька» пайшоў. — Я адна сёння… Пагаворым».

«Можна», — без асаблівай ахвоты згадзіўся Церашкоў.

3

Між тым у фае ўсё гуло. Cпрачаліся, курылі, пераходзілі ад аднаго гуртка да другога; чалавек колькі акружылі старэйшых пісьменнікаў, якія пасля выступлення Ведрыча раздумалі пакідаць сходку і засталіся, і даказвалі ім штосьці. Каб выцягвала цыгарэтны дым, прачынілі дзверы на агульны балкон. І туды, не баючыся холаду, таксама павыходзілі людзі, і сярод іх Трухан — стаў збоку, далей ад расчыненых дзвярэй і скразняку. Унізе пад балконам бялеў снегам унутраны дворык, з пустым басейнам пасярэдзіне, з якога недарэчна, сіратліва тырчэлі трубы фантана, з чорнымі пірамідкамі кіпарысаў па перыметры.

Трухан курыў, пазіраў уніз, на дворык і кіпарысы, прыслухоўваўся да сябе і са здзіўленнем адзначаў, што бадай упершыню за апошнія месяцы яго можа цікавіць яшчэ штосьці, акрамя ўласнага здароўя. Ён думаў цяпер пра гэтых людзей, якіх толькі што слухаў і бачыў. Пра тое, як лёгка і добра яму сярод іх, быццам сустрэўся нарэшце з блізкай раднёю пасля доўгай разлукі. Ён адчуваў, што гэта яго свет, яго атмасфера… Адно было прыкра крыху: чаму раней ён нічога пра іх не ведаў? Не шукаў іх, не сыходзіўся з імі… Тады, можа, і лёс яго зусім бы іначай склаўся.