Нехта крануў яго за плячо. Ён павярнуўся і ўбачыў Ведрыча.
«Новыя людзі? — спытаў Ведрыч. Святло з фае падала няроўна, і вялікія ўважлівыя вочы ў яго свяціліся дзіўным, ненатуральным бляскам. — Паэзія, проза?»
Ад неспадзеўкі Трухан і разгубіўся, і ўзрадваўся — які чалавек дае яму ўвагу! — і чамусьці спалохаўся. Рэч у тым, што апошнімі часамі ён якразтакі і пачаў спрабаваць пісаць — канечне, у стол, канечне, нікому не паказваючы, сам перад сабою саромеючыся… На міг узнікла спакуса — прызнацца вось зараз, аб’явіць не без затоенага гонару: так, пішу, прозу, і тым самым як бы сцвердзіць і сваё права атрымаць дазвол на ўваход у гэты новы, такі заманлівы свет. Але не быў бы ён рахманым сынам свайго народу, не цякла б у яго жылах сярмяжная беларуская кроў, каб зараз жа не забунтавала ўсё ў ім: маўчы, не той гэта занятак, якім трэба хваліцца, гэта ж не мяхі цягаць і не падковы гнуць… Акрамя таго і раней ён сумняваўся: што ж такое ў яго атрымліваецца, ці можна назваць тое, што ў яго, прозай; а цяпер, чужое паслухаўшы і са сваім параўнаўшы, — і падаўна.
Таму ён амаль шчыра адказаў:
«Ні паэзія, ні проза, я звычайны студэнт».
«Праўда? — узрадваўся Ведрыч. — За гэта дай пяць, — і моцна паціснуў Трухану руку. — А вось сарочку такую пад пінжак насіць не раю — даўно не носяць такіх».
«Ды ў мяне і няма іншай…»
Ведрыч быў такі здзіўлены, што, зацягнуўшыся, забыў выпусціць дым з рота.
«А чаму, — ён закашляўся, — чаму ты так дзіўна гаворыш?»
«Рэдка карыстаюся ў жыцці роднай моваю, — вінавата адказаў Трухан. — Да свайго сораму».
Ведрыч павярнуўся і паклікаў:
«Эй, хадзіце сюды, паглядзіце, які хлопец цікавы! — і зноў да Трухана: — Дык ты праўда такі, ці прыдурваешся?»
«Які?» — усё не разумеў Трухан. Што яго ўжо так зацікавіла, гэтага Ведрыча? Ну, пінжак стары, да кашулі не падыходзіць, ну, маўленне, відаць, дужа правільнае, літаратурнае, як у стараннага замежніка…
Тым часам падышлі бялявы з «прэзідыума», і чарнявы ў касцюме, і дзяўчына, якая чытала верш пра воі і веі.
«Скажы яшчэ штонебудзь, — папрасіў Ведрыч. — Ці ты проста разыгрываеш нас? Прызнайся, што ты празаік, і цяпер проста выдурваешся».
«Не…»
«Лухта, не можа быць! Усе, хто размаўляе пабеларуску, штосьці пішуць. Нацыя пісьменнікаў! У народнай песні дзеўка, жаніхоў перабіраючы, самага першага за тое бракуе, што, ён бачыце, «не піша вершы», — геніяльна!»
«Не слухай яго, — сказаў бялявы. — Я ўжо гадоў дзесяць на мове размаўляю, ні слова не напісаў і не надрукаваў, але дзе б ні быў, з кім бы ні сустрэўся — першае пытанне: «Ты хто, празаік ці паэт?» Ніяк не звыкнуцца, што мову даўнымдаўно пара выводзіць зпад даху гэтага вось будынка!»
«Ну, скажы штонебудзь, — не адчапляўся ад Трухана Ведрыч. — Дзеля мяне — я даўно ўжо не смяяўся».
«Мне вельмі.... даспадобы вашае выступленне, — праўдзіва сказаў Трухан. — Ніколі не чуў такога».
«Оо, цяпер бачу, што ты не такі дурны, як здаешся... Толькі не хвалі мяне многа, бо я люблю страшэнна і яшчэ заплачу, чаго добрага. Не крыўдуеш за дурны? Ну, тады пахвалі мяне яшчэ».
«Магутнае... ды што там, проста цудоўнае выступленне», — падбіраючы словы, паўтарыў Трухан.
Усе, акрамя Ведрыча, засмяяліся.
«Смейцеся, — сказаў ім Ведрыч. — Вось гэта, можа, адзіная сапраўдная беларуская жывая душа сярод нас. Калі не іграе, вядома. Ні злосці, як у вас, ні зайздрасці, сарамлівы, тактоўны... Усё ў яго цудоўна, усё магутна... Як цябе завуць?»
«Алесь. Трухан прозвішча».
«Асофіл… Жартую — Анатоль. Ведрыч прозвішча. Дык а колькі табе гадкоў, кажаш?»
«Дваццаць адзін».
«А мне — дваццаць дзевяць. То чаму ж ты, дзядзька, выкаешся?»
Трухан паціснуў плячыма, даючы зразумець, што не асмельваецца на ты, але калі трэба, дык палічыў бы за гонар.
«Не звяртай увагі, — сказала дзяўчына. — Да яго яшчэ прывыкнуць трэба. А ты адчапіся ад хлопца!»
«Не, хай яшчэ мяне пахваліць. Бо ад вас дачакаешся. Ну?»
«Даспадобы яшчэ, як смела вы… ты размаўляў з вядомымі пісьменнікамі…»
«А, з гэтымі? — Ведрыч спахмурнеў, зрабіў выгляд, што задумаўся, нават прыкрыў даланёю вочы. Тады, падстройваючыся пад мову Трухана, загаварыў таксама знарок сур'ёзна: — Мусібыць такі праўда ваша. А вы іх ведаеце?»
«Канечне! — усклікнуў Трухан. — На выпускных сачыненне пісаў паводле творчасці...»
«А я вось не ведаю іхняй творчасці. Але не адабраю».
Тут Трухан захваляваўся чамусьці, нават сказаць нешта хацеў… Ды прамаўчаў. І ўсе маўчалі, і не адыходзіў ніхто, застылі, нібы ў чаканні канцоўкі вясёлага анекдота.