Выбрать главу

«…Бо ведаю, што адгарну любую кнігу і ў соты раз прачытаю, як у Замошшы, што каля Заполля, на ўзлеску Востраверхай пушчы каля Мікіцішынага калодзежа, дзе Дзянісава палянка, Сёмкаў дуб, вячысты, рачысты, разложысты, спракавечны, караністы і гэ­дэ і да бясконцага тэ­пэ, раскінуўся гожа і высока, і шырока, і далёка, і Іванка помніць яшчэ тыя часы, калі быў малы і бацька саджаў яго на бухматы воз сена, які плыў пад дубам, і каржакаватыя яго галіны чаплялі сена і збівалі з малога шапку... Пародыя, — патлумачыў Трухану Ведрыч. — А ты, мабыць, падумаў, што гэта пачатак якогась эпічнага іхняга палатна?»

Нічога Трухан не падумаў — наадварот, у яго было адчуванне, што Ведрыч агучвае і ягоныя думкі… Вось толькі тое, што яму, Трухану, сам­насам здавалася смелым, крамольным адкрыццём было, аказваецца, гэтымі людзьмі даўным­даўно адкрыта, разабрана, асмеяна і спарадыравана.

«Гэта іхняя проза, — не сунімаўся Ведрыч. — А вось паэзія: «Я дзякую Леніну, што мову мне даў». Дык што, Ленін вынайшаў беларускую мову? Атрымоўваецца, ён быў першы беларускі нацыяналіст? Так? У цябе пытаю».

«Не ведаю...»

«Затое я ведаю. Ніводнага твора ў стол, ніводнага сапраўднага дэсідэнта не далі некалькі пакаленняў! Нонсенс!»

«Ну, ты ўжо таксама, — сказаў бялявы. — Мала нам у дваццатыя­трыццатыя было ахвяраў? Ты што, прапаноўваеш…»

«Так. Менавіта гэта і прапаноўваю. Каб хтось свядома напісаў такі твор, за які як мінімум яму свяціла б турма. А як максімум — расстрэл».

Бялявы не знайшоўся, што адказаць.

Гул у фае сціхаў. Чарнявы высунуў руку з гадзіннікам на святло: — «Ого, час!» — і хутка пайшоў з балкона, а за ім і астатнія.

4

Другая пасля перапынку частка была нядоўгая і менш цікавая. Старэйшыя пісьменнікі даседзелі да самага канца. Яны ўжо не пераміргваліся і не перашэптваліся. Выступалі яшчэ людзі, чыталі вершы і прозу, але цяпер, пасля Ведрыча, усё гэта было нейкім прэсным, недасоленым.

Скончылі, абгаварылі час наступнага збору (тут маўклівы сумны чалавек дастаў з кішэні нататнік і штосьці хутка чыркнуў у ім), чалавек колькі яшчэ засталося ў зале, а большасць пасыпала ўніз, займаць чаргу ў гардэроб.

«Дык я вас чакаю, — не папытаў, а сцвердзіў Ведрыч, падыходзячы ў сваім кажусе да Нэлі, Церашкова і Трухана, якія стаялі апошнімі. — Куды вы потым?»

«Да мяне, — адказала Нэлі. — Тут недалёка. Хадзем і ты, калі хочаш. Праўда, я адна сёння, мае паехалі, лядоўня пустая, частаваць няма чым...»

«Во, а я сам хацеў напрасіцца! Толькі, Нэлі, адна ўмова: вершыкаў сваіх не чытаць, добра? Слабенькія ў цябе вершыкі, — і адразу ж, дзелавіта: — Трухана бярэм таксама, ён смешны».

«Як захоча», — сказала Нэлі. А Трухан прамаўчаў, адно з удзячнасцю зірнуў на Ведрыча.

Падышла чарга. Атрымалі: Нэлі сваё кароценькае, да каленяў, бэзавага колеру паліто, з­пад якога яе харошыя ножкі былі відаць гэтак сама, як з­пад сукенкі, Трухан з Церашковым — курткі. Адышліся, апранаючыся на хаду, да вялікіх, ва ўсю сцяну люстраў.

Яны ўсе ўчатырох адначасова падышлі да гэтых люстраў, і так неяк сталі, і ў адзін і той жа момант зірнулі на свае адбіткі, што, гледзячы збоку, можна было падумаць, яны размясціліся для здымка на групавую фотакартку.

І раптам Трухан збялеў і застыў з уздзетай адной рукою ў рукаво.

У яго ўжо даўно — ад самага перапынку, калі ён курыў на балконе, звінела ў вушах і плыла галава, і, як часта бывае ў чужым шумным месцы, сярод мноства незнаёмых твараў, пачыналі адбывацца гэтыя імгненныя зацямненні свядомасці, правалы памяці, знаёмыя кожнаму — «усё было ўжо некалі са мною, ці снілася мне», з тою розніцай, што для яго гэтая ў прынцыпе бяскрыўдная мешаніна часу з’яўлялася сігналам трывогі, сур’ёзным напамінам, што забывацца нельга: вось яна я, пошасць твая, нікуды не дзелася, заўсёды побач…

Але ж як не ў час гэта!

Ні з таго ні з сяго пачаў аддаляцца, рабіцца ватным ў вушах гоман людзей за спіною, тады зусім сціхла ўсё, і Трухан аглух. Людзі, якіх відаць было ў люстры, расплыліся, расталі, акрамя іх чатырох, і сцены, і столь, і бачная частка гардэробных вешакоў таксама расталі — знікла ўсё, а ў люстры перад імі чатырма з'явілася толькі нейкага брудна­матавага колеру палатно, як экран, як фон на чорна­белых фотаздымках; але і фон гэты не быў аднародны, а змяняўся на вачах — на ім праступалі і рабіліся ўсё больш выразнымі як бы дэкарацыі нейкага вясковага двара, непрыбранага, як нежылога, скрозь парослага счаўрэлай восеньскай травою... Патрэсканая, пабітая смалянымі сучкамі і паточаная шашалем сцяна хаты з вялікімі вокнамі, са складзенымі ў штабель бярвеннямі пад сцяною... Далей — саламяны дах пуні, каля якой стаіць запрэжаны ў калёсы конь, а Ведрыч корміць яго з рук пуком сена... Аброслы доўгімі валасамі, з бародкаю, у злінянай бруднай гімнасцёрцы і ў галіфэ з нашытымі накаленнікамі і латкамі на задніцы, Церашкоў нагнуўся і, прытрымліваючы адной рукой кабуру, што вісіць на баку, другой папраўляе на нагах абмоткі... Каля хаты на краі тоўстага бервяна прымасцілася Нэлі, абвязаная па вочы белай хусткаю, падобная на сястру міласэрнасці, у шэрым андараку, у лапціках; на руках у яе немаўля, спавітае ў латунне... Побач сядзіць ён сам, Трухан, і пстрыкае над немаўлём пальцамі — забаўляе, нібы гэта яго дзіця…