Выбрать главу

«А ў рондалі што? — зняў накрыўку, панюхаў. — Суп?»

«Быў некалі… Курыным, з лапшою…»

«Локшынамі», — паправіў Ведрыч.

«Ой, локшынамі. Дай, я выллю, пракіс даўно».

«Я табе выллю. Церашкоў, на пліту яго!»

Церашкоў уключыў газ.

«Ну, Нэлі! — сказаў Ведрыч. — Гэта называецца няма чым частаваць? Называецца пустая лядоўня? Біць вас, маладых, няма каму… Так, дзе ў нас патэльня?»

Нэлі задумліва паглядзела ў столь. Потым успомніла:

«У духоўцы, здаецца», — і выцягнула з духоўкі патэльню.

«Большую. Каб увесь дзесятак улез».

«Ты сам будзеш смажыць?» — здзівілася Нэлі.

«Донечка мая, я спец на ўсе рукі. Калі пажэнімся, сама ўбачыш».

Крышачы на патэльню сала, цыбулю, Ведрыч працягваў усчуваць цяперашніх маладых:

«Сала, яйкі, суп для іх ужо не ежа… А ікры не хацелі?»

«Ікры якраз і няма», — вінавата сказала наіўная Нэлі.

«Кабачковай, дзяўчынка, кабачковай! Якой з дня ў дзень душышся… Вунь, Трухан ведае, праўда? Намажаш пальцам скібку…»

«Гатова», — сказаў Церашкоў, здымаючы з пліты каструлю. Сабраўся выключыць газ, але Ведрыч прыкрыкнуў:

«Куды? А смажыць на чым? І што вас усяму вучыць трэба, адкуль у вас толькі рукі растуць! Нэлі, давай талеркі, разлівай суп».

«Я не буду яго есці!»

«Я тым больш, — сказаў Церашкоў. — Атруціцца яшчэ не хапала».

«А мы будзем, праўда, Трухан? Нам хоць смажаныя цвікі».

Мабыць, таму, што Трухан не адказваў, адно пасміхаўся сарамліва, Ведрыч ужо канчаткова залічыў яго ў саюзнікі. Шыпела і цвірчэла на пліце патэльня.

«Колькі тут памяшчаецца? — спытаў Ведрыч, ставячы драўляную падстаўку на стол і прыкідваючы, каб усім льга было дацягнуцца. — За гэтым сталом? Чалавек дзесяць?»

«Роўна трынаццаць, — адказала Нэлі. — Чортаў тузін… Пачакай, ты што, з патэльні сабраўся есці?»

«А як яшчэ яечню ядуць? Канечне».

«Гэта ж тэфлон!»

«Там ён ведае, што гэта такое», — сказаў Церашкоў.

«Павыдумляеце, — прамармытаў Ведрыч, хаваючы разгубленасць; сапраўды, відаць было, ён наўрад ці ведаў, што нельга, каб тэфлон судакранаўся з металам. — Я як лепш хацеў… Каб табе потым менш мыць давялося, ручкі такія далікатныя не псаваць, — дадаў ён, падхалімскім кампліментам загладжваючы промах. — Папрывыкалі вы да гэтых сподачкаў, талерачак… Нам бы з Труханам прасцей, па­вясковаму, па­беларускі… Праўда, Алесь?»

Нэлі разліла суп па талерках, паставіла перад ім і Труханам, Ведрыч аблізаў лыжку і прынюхаўся да пару. Скрывіўся:

«Не, сапраўды — аддае нечым... Пайшлі, Трухан, выллем!»

«Гэта кажа чалавек, які можа есці смажаныя цвікі?»

Нарэшце ўсё гатова было. Нарэзаныя сыр і сала, адчынена бляшанка шпротаў, падсмажылася яечня. Ведрычу з Труханам, як гасцям, дасталося па тры яйкі, Нэлі з Церашковым — па два. Ведрыч пачысціў цыбуліну, паклаў лустачку сала на хлеб, і ўсё чакаў чагосьці. Нэлі выйшла, неўзабаве вярнулася з чатырохграннай пляшкай у адной руцэ і з чаркамі ў другой.

«Ну, Нэлі! — зусім расчуліўся, расплыўся ва ўсмешцы Ведрыч. — Бацька не будзе сварыцца? Стоп: а гэта што?»

У бутэльцы, у сіняватай вадкасці вертыкальна плавала яшчарка. Самая сапраўдная, з хвастом, з кіпцюрыкамі на лапках.

«Ды звычайны спірт! — засмяялася Нэлі. — Тата з Кітаю прывёз».

«А яшчарка навошта? Для закускі?» — сур’ёзна дапытваўся Ведрыч; пасля канфузу з тэфлонавай патэльняю, мабыць, калі б Нэлі пацвердзіла, дык паверыў бы, што закуска.

«Для прыгажосці. Пі смела, не суп, не атруцішся».

«Мне не трэба», — прыкрыў сваю чарку рукою, калі Ведрыч пацягнуўся да яго з пляшкаю, Церашкоў.

«Мне таксама», — сказаў Трухан.

«А мне крышачку... Каб не думаў, што атрута».

Наліваючы ёй, Ведрыч спытаў:

«Кім твой бацька працуе, я ўсё забываюся? Доктарам?»

«У Бараўлянах, загадчыкам аддзялення».

«Дык хай бы нашага Трухана палячыў… Жартую! Бо ён ужо цямнее, як хмара. Крыўдлівыя ўсе, блін, як не ведаю што!.. Адна Нэлі тут чалавек!»

«Скажы тост, — папрасіла Нэлі. — Не кожны вечар у мяне такія паэты бываюць».

«Нэлі. Я цябе вельмі люблю і паважаю. Гэта ўжо сур’ёзна. Мала таго, што ты такая прыгожанькая, добрая, па­нашаму гаворыш — дык у цябе яшчэ і талент! І вершы твае проста цуд».

Нэлі пачырванела, Церашкоў гмыкнуў, а Трухану ўспомнілася: «толькі вершыкі свае, Нэлі, не чытай, нікудышныя ў цябе вершыкі»...

«А вы менш мяне слухайце, — параіў Ведрыч, угадаўшы яго думкі. — Не — слухаць, канечне, слухайце, але рабіце па­свойму. Словы ўвогуле мала што значаць у гэтым жыцці… Ну, бывай, розум!»