Уліў у сябе спірт, заперхаўся, скалануўся, заняло дыханне… Але выдужыў. Руку Нэлі, якая падавала запіць шклянку з вадою, адвёў рашуча. Захрумстаў цыбулінай. Трухан спадцішка назіраў за ім. Закусіўшы цыбулінай, Ведрыч узяўся за яечню: толькі жаўток падчапіў, а бялок абрэзаў старанна відэльцам і ссунуў на край талеркі.
«Не люблю, — патлумачыў, заўважыўшы здзіўлены позірк Церашкова. — Асабліва сырыя».
Церашкоў і не піў, і еў мала — сядзеў задумлівы, на сябе не падобны, ці то такім чынам настройваючыся на хуткую і наўрад ці прыемную размову з Нэлі, ці ад таго, што рэўнасць у ім варушылася, бо не яму, а Ведрычу ўвага, а можа таму, што вось так, на вачах, збліжаюцца Ведрыч з Труханам, першы раз адзін аднаго ў жыцці бачачы, а гэта ж ён, Церашкоў, іх звёў…
«Дык што, словы нічога не значыць? — раптам вярнуўся ён да Ведрычавага тоста. — А твае вершы? Тады і твае вершы таксама?»
«Церашкоў, што ты з мяне дурня робіш. Ты выдатна ведаеш, што я маю на ўвазе. Ідзе каласальная дэвальвацыя слоў, прычым знакавых, самых дарагіх… Якія ад частага і тупога паўтарэння выціраюцца да анучы, а мы ўсё эксплуатуем іх, усё выціраем аб іх ногі, а ў выніку губляем нават тых нямногіх чытачоў, што яшчэ засталіся».
«Аа, дык ты ў літаратурным плане?»
«Я ва ўсіх планах. Калі табе сапраўды балюча, не станеш жа ты гарлапаніць на ўвесь свет: ах, які боль я адчуваю, як мне моцна баліць! — а ў нас так і робіцца. Можна казаць — па блату спалілі немцы хату, і разам з тым начамі не спаць, бо сэрца крывёю абліваецца за тую хату няшчасную, а можна трубадурыць на ўсю Іванаўскую — людзі, беражыце мір ва ўсім свеце, малю вас, заклінаю! Чорта з два зберагуць, павер. Слова трэба любіць, ашчаджаць — як ваду ў пустэльні, не крыўдзіць, бо крыўды яно не даруе…»
«Скажы гэта нашым беларусам», — іранічна прамовіў Церашкоў.
«Вось якраз беларусы тут мала пры чым. Калі хочаш ведаць, мову губіць зусім не народ, які нібыта не хоча на ёй размаўляць, нават не чыноўнікі, а гэтыя ўсіх масцей трубадуры з пісьменніцкімі кніжачкамі ў кішэнях, для якіх мастацтва хутчэй арыфметыка, падлік — чым часцей паўтараць, як шаман заклінанне, «Беларусь», «беларусы» і гэдэ — тым лепш, тым верш, паіхняму, больш патрыятычны, чым часцей «хам — храм — Бог» — тым больш ён «хрысціянскі», чым больш у творах усёй гэтай шчымліваняўцешнанесціханабалючай пахучасці, тым больш ён, паіхняму, «лірычны!..»
Упершыню за вечар Трухан бачыў сур ёзнага Ведрыча.
Яшчарка ўжо не плавала ў пляшцы, а ляжала пад вуглом, хвастом дастаючы дна, а галавой вытыркаючыся на паверхню. Нэлі раз за разам паглядвала на гадзіннік. Ведрыч падняўся.
«Ну што, — сказаў, пазяхаючы. — У Францыі ёсць харошы звычай: пасядзець крыху, спірту выпіць, яечняй з цыбулінай закусіць — і па дамах».
Нічога Нэлі не адказала на гэта. Значыць, і праўда час быў развітвацца. Нацягваючы кажух у пярэдняй, Ведрыч бурчэў нібыта сам сабе пад нос, але так, каб чуў Церашкоў, які стаяў побач і сам не апранаўся, канечне.
«Шэнціць некаторым… І жонкі, і дзеці, і палюбоўніцы…Усё аднаму! А нам куды з Труханам? Упрочкі, на мароз, на вецер…»
Церашкоў рабіў выгляд, што не чуе. Але, як толькі зачыніліся за імі дзверы, з якой зайздрасцю ён паглядзеў ім услед! З якой радасцю ён пайшоў, пабег бы зараз разам з імі!
Ды нельга было. Трэба дацягваць ролю да канца. А як ты хацеў? — нічога за так, за дарам не даецца, за ўсё трэба плаціць… Захацелася свежай незнаёмай дзяўчынкі? — калі ласка, вунь яна чакае, ідзі… І малі Бога, каб і з ёю ўсё скончылася так, як з іншымі — без вялікіх наступстваў, бо малыя будуць абавязкова, хочаш таго, ці не. Шэнціла яму дасюль, трэба прызнаць, захінаў сваім выратавальным крылом анёлахоўнік, без асаблівых скандалаў, без шантажу, тым больш — цьфуцьфуцьфу — без рук на сябе накладання абыходзілася; мо таму, што і ён, Церашкоў, асцярожна і правільна паводзіў сябе, заўсёды быў — прынамсі, стараўся быць — шчырым перад чарговай пасіяй, да таннай хлусні не апускаўся, адразу папярэджваў, што жанаты і разводзіцца не збіраецца…
Ён заўсёды выконваў толькі пасіўную ролю — не ён шукаў, а яго знаходзілі, яму на шыю чапляліся з юру скручаныя ўчарашнія школьніцы, і самі ініцыіравалі паэтапна ўсе неабходныя прыступкі — аж да самай верхняй, «пасцельнай», і пры гэтым яшчэ самі перконвалі, што ніякіх прэтэнзій да яго няма і быць не можа, нічога нас потым не звяжа…
Цікава, што ведаеш, што нельга гэтага рабіць, а робіш, а пападаешся, а кожны новы раз думаеш — вось яна, не такая, з гэтаю ўжо іменна будзе інакш, лягчэй, прасцей… Нічога падобнага! Тыя ж разборкі ў фінале, тыя ж слёзы, ды папрокі, ды нязменнае «сама вінавата»… Нібы перадаюць яны адна адной адзін і той жа зачытаны сцэнарый, дзе не толькі рэплікі аднолькавыя, а і набраныя курсівам і заключаныя ў дужкі аўтарскія тлумачэннірэмаркі — як трэба у тым ці іншым выпадку паводзіцца.