Выбрать главу

І вось, аказваецца, усё гэта добра, сімпатычна і рамантычна, калі не з табою; апынуўшыея сам у скуры гнанага, адчуўшы блізка на сабе подых невядомага, сур'ёзнага нават не ветру, а толькі ветрыку, Васкевіч разгубіўся. Гераічны арэол адлятаў, як гэты дымок ад цыгарэты, а на яго месца — асабліва пасля размовы са Сцяпанам — усё часцей прыходзіла адчуванне занесенай над галавой дубіны, якая невядома калі і з чыіх рук так яшчэ можа трэснуць, што іскры з вачэй пасыплюцца...

«А што ж ты хацеў? — у каторы раз спытаў сябе Васкевіч. Ён ужо дабраўся да шашы, за якой віднеліся двухпавярховыя катэджы мястэчка, і стаяў, прапускаючы машыны, што праносіліся адна за адной як шалёныя, абдаючы яго хвалямі халоднага ветру. (Зімою на лясной шашы заўсёды здаецца, што машыны ездзяць занадта хутка.) — Чаго чакаў? Табе ж тлумачыў Рамановіч, ды і самаму няцяжка было ўгадаць — у гэтым жа і ёсць план... Патрошку даць зразумець, што ты — казюрка, муха з абарванымі крыльцамі, бегаеш па стале і думаеш, што бегаеш сам па сабе, а над табой зверху — палец, які калі захоча, тады і апусціцца... Што ж ты хацеў? У гэтым план: пасяліць страх, зламаць, запалохаць брата, матку...»

Ён падыходзіў да сельсавета. Сельсавет быў насупраць іхняй школы, у самым пачатку прыгожага, вялікага, кампактнага мястэчка, у якім амаль не было драўляных хат, усё добрыя цагляныя будыніны. Цяпер, пачынаючы ад шашы, дзе раней быў падлесак, і на пустэчы за школай, за сельсаветам, і на высокім дальнім беразе возера, што вялізнай падковай агінала паўмястэчка,— скрозь ішла будоўля, віднеліся ўжо гатовыя і яшчэ недабудаваныя двух- і трохпавярховыя катэджы. Васкевіч, якому ўвогуле падабалася любое вясковае будаўніцтва, на гэтыя домікі заўсёды проста любаваўся: акуратныя, кожны сваёй планіроўкі, з рознымі балкончыкамі, шпілямі, бы дачы; перад кожным — ладны кавалак зямлі, абнесены плоцікам, пад грады... Лес блізка, горад блізка, рыбнае возера пад бокам. Успомнілася, як колісь, школьнікам, калі гэтых домікаў не было яшчэ і ў паміне, ён зайздросціў хлопцам з гэтага мястэчка...

VII

Было роўна дзевяць гадзін раніцы, і Васкевіч, заходзячы ў сельсавет, абціраючы ў дзвярах ногі аб нейкую драцяную сетку, якая чаплялася за падэшвы і цягнулася следам, падумаў, што нікога яшчэ можа не аказацца тут і можна будзе трохі пастаяць у кутку каля акна, дзе батарэя, сагрэцца і сабрацца з духам (яму ўжо нават такая простая справа, як прапіска, здавалася нейкай падазронай). У цемнаватым пасля вуліцы, вялікім квадратным калідоры, сапраўды было ціха і пуста, але дзверы ў праўленне — масіўныя, абабітыя ў ромбы чорным дэрманцінам — былі прыадчыненыя. Ён, зняўшы шапку, зайшоў і апынуўся ў прыёмнай — пустым, светлым, такім жа вялікім і квадратным калідоры, як і першы. Прыёмная нагадвала більярдную залю: пасярэдзіне — два сталы, састаўленыя тарцамі, паўз сцяну — некалькі крэслаў (для ігракоў, што чакаюць сваёй чаргі). На прыёмную выходзіла двое такіх жа чорных дэрмацінавых дзвярэй (адкуль лёкаі выносяць шампанскае і крэйду для кіёў); на цэнтральных — зашклёная шыльдачка з надпісам «Старшыня І. В. Лобан», на другіх, кутніх — «Сакратар І. О. Лізун». Здзіўляючыся, што за імя па-беларуску на О — ён ужо забыўся, як сакратара па-бацьку, — Васкевіч пастукаў і ўвайшоў у знаёмы вузенькі катух. Нічога не змянілася з тых часоў, калі ён, выпісваючыся, некалькі гадоў назад быў тут. Злева як зайсці, каля запавуціненага кратамі акенца, амаль на ўсю шырыню катуха — стол, у кутку вялізны, у чалавечы рост сейф, за сталом — той жа сакратар Лізун, сівенькі, аднарукі, у касцюме, з гальштукам, глядзіць пукатымі, павялічанымі тоўстымі лінзамі акуляраў, няшчырымі вачмі, строгі, непрыступны... Такому б не на лічыльніках, што заўсёды перад ім на стале, костачкі біць, а ў Мінску па тэлевізары інтэрв'ю даваць. Насупраць акна, у глухім кутку, яшчэ столік, за якім цяпер нікога не было.

Убачыўшы Васкевіча, Лізун застыў з занесенай над лічыльнікамі рукою і моўчкі, звыкла строга, стаў чакаць першых яго слоў.

— Здрастуйце, — трохі замнуўшыся, сказаў Васкевіч і адчуў, як густа чырванее. «Вось і першая ластаўка!..» Замінка была кароткая, але і за гэтыя секунды ён паспеў уявіць, як з'едліва хмыкнуў бы Рамановіч, калі б пачуў гэта, з якой пагардаю зірнула б на яго, Антона, Лена. — Добры дзень! — гучным голасам паправіўся ён, злуючы чамусьці не на сябе, а на сакратара. — Я хачу прапісацца ў вас і стаць на ваенны ўлік. Васкевіч, з Сасноўкі, — і паклаў на стол дакументы.

Сакратар, ні слова не прамовіўшы, перавёў вочы на дакументы, потым спрытна падсунуў разгорнуты пашпарт адной палавінай пад лічыльнікі, утаропіўся ў першую старонку, прачытаў усю, перагарнуў... І так увесь пашпарт. Адклаў, узяўся за ваенны білет.