Церашкоў паплёўся на кухню. Нэлі сядзела згорбіўшыся, склаўшы рукі на каленях… Усё гэта было Церашкову знаёма.
«Во падружыліся", — весела пачаў ён, з прытворным перабольшаным здзіўленнем: можна падумаць, нечаканае збліжэнне Ведрыча з Труханам больш чым што зараз цікавіць яго, найважнейшая яму тэма.
«А табе зайздросна? Раўнуеш?»
«Не выдумляй. Калі Трухана, дык проста шкадую…»
«Вось як? А мяне ты не шкадуеш?»
«У сэнсе? Хіба штонебудзь здарылася? — асцярожна спытаў ён, выдатна ведаючы, што можа здарыцца, і выдатна ведаючы, што гэтага не здарылася, проста ідзе банальная, звычайная ў такіх выпадках праверка — так бы мовіць, разведка боем.
«Здарылася! — перадражніла яна. — Гэтага толькі не хапала. Можа, мне да жонкі тваёй з'ездзіць? Ды расказаць ёй усё?»
Яна помсліва прыжмурылася, а яму ад гэтага смешнага наіву… Вось жа бывае! — гэтая да містыкі невытлумачальная асацыятыўнасць слова і вобраза! Пасадзі чалавека ў камеруадзіночку, прапануй — пад страхам смяротнага пакарання або абяцанку казачнай узнагароды — прыгадаць якісь далёкі ў часе эпізод, напрыклад, зімовы вечар 17 студзеня эннага года, калі чалавек вучыўся ў сёмым класе, і нават раскладзі перад ім тагачасныя ягоныя рэчы: дзённік з раскладам урокаў, падручнік па геаграфіі, сшытак з дыктантамі… Не ведаю, вельмі і вельмі сумняваюся, што з гэтага нешта атрымаецца. А бывае — гэты ні адкуль, ні з чаго ўзніклы збег «абставін, часу і месца дзеяння»: едзеш ты летнім душным днём у тралейбусе, думаеш абы пра што, лена ловіш абрыўкі чужых размоваў… І вось яно! Самыя бязвінныя, самыя нейтральныя словы твайго суседа злева — «тады я яму званю…» — раптам успыхваюць у табе магніем, выбухаюць эмоцыямі, асляпляюць феерверкам успамінаў, і хоць за вакном гарадское лета, а на табе тэніска і шорты, у цябе прабягаюць па спіне мурашкі марозу, як і тады, у няпаленай хаце, калі ўвечары, парабіўшы ўрокі, чакаў матку з працы, глядзеў «Саламяны капялюш» па тэлевізары, аб нагу цёрся жоўты кот (якіх столькі зменіцца з таго часу!), на падлозе жаўцела лушпайка гарбузовай семкі, на спінцы крэсла, хітра распраўленыя, віселі штанцы з разадранай на нядаўнім хакеі калашынаю; і не толькі вечар, а ўвесь семікласны дзень — да самых дробных дэталёвых драбніц, да ўсіх пераменаўперападаў тадышняга настрою пранясецца перад табою за долі секунды!..
Штось такое адбылося з Церашковым і цяпер, пасля Нэлінай пагрозы да жонкі з’ездзіць. Зусім не сцэна разборак палюбоўніцы з жонкаю ўзнікла раптам перад яго вачыма, а — восеньскае позняе сонца, гарбатае, парэзанае бясконцымі разорамі, з цыбукамі картапляніку ў іх бульбяное поле; здалося, адчуў ён непрыемную сухасць брудных пальцаў, ныццё спіны, цяжар поўных кашоў; пачуў, як грукоча высыпаемая ў пусты пакуль яшчэ кузаў трактарца бульба… А галоўнае — згорбленая над разораю дзяўчынка ў белазялёным, як сімвал прамінулага лета, спартыўным касцюме. Мімалётная сустрэча вачыма, абмен усмешкамі, перакідка парай слоў, выпадковы дотык рук — усе гэтыя знешне нібыта пустыя, няважныя, звычайныя дэталі, а на справе — складаная, са шматслойным падтэкстам прэлюдыя флірту, цэлая навука, захапляючая да хмелю ў галаве, да адрэналіну ў крыві — для тых, хто разумее і разбіраецца ў гэтым, канечне, а Церашкоў якраз і разумеў, і разбіраўся. Нічога ў такой навуцы не бывае лішняга, кожная мікраскапічная драбяза нясе сваю важную ролю, кожная дэталь мае свой важкі сэнс і ў выніку ўсё працуе на канчатковую мэту — на збліжэнне. Тут і сумеснасць занятку, і суцішаная навакольная прырода вернутага сярод восені «бабскага» лета, і адсутнасць кантролю — у Нэліным выпадку бацькоўскага, у яго — жончынага, тут і (медалямі на грудзях дэмабілізаванага салдата) той факт, што Церашкоў пасля арміі, жанаты, мае маленькае дзіця; усё гэта ахутвала іхнія з Нэлі адносіны лёгкай смугою крамолы, нават таямнічасцю, неабходнай для збліжэння... Гэта пазней, праз не такі і вялікі час, ужо ў зімнім Мінску, паблякне, забудзецца пекната таго вясковага ціхага верасня, выцвітуць у памяці яго пастэльныя фарбы, пакуль не ператворыца ўсё ў звычайны студэнцкабульбяны раман, «раманчык», якіх кожную восень дзесяткі, сотні; якія для адных — гісторыі кахання, а для іншых — гісторыі хваробы…
Але тады, калі дні з’яўляліся толькі прадвеснікамі вечароў, калі вераснёўскія пахі былі такія вострыя, зоры на небе такія буйныя, цені ад белага месяца такія чорныя і доўгія; калі яны сядзелі, прытуліўшыся адно да аднаго, на лаўцы і ўчарашняя школьніца, непрывычныя да працы, запушчаныя ручкі якой ён трымаў у сваіх, даверліва шаптала, што «мяне ж бацька лёгка мог бы адмазаць ад гэтай бульбы, але я ведала, прадчувала, што нешта павінна здарыцца, што мы сустрэнемся!..»