Выбрать главу

«Гэта праўда, — пацвердзіў Ведрыч. — У мяне гэтых сяброў так званых як сабак нярэзаных. Любяць мяне, прынамсі, кажуць, што любяць, а давядзіся, не дай Бог, паміраць — думаеш, пашкадуе хто­небудзь? Помню, захварэў неяк, з ложка не мог падняцца — хоць бы адна пэ за тыдзень парог пераступіла!»

Пачуўшы слова «хварэў», Трухан сцяўся і як бы змізарнеў. Вочы ў яго ўраз патухлі.

«Усё», — сказаў ён вяла.

«Як усё?! А я толькі падрыхтаваўся слухаць. Хаця ты такую ахінею нясеш, што вушы вянуць… Ну, так і быць. Пераканаў. Згодзен пачытаць цябе».

«Ты што… падумаў — я для гэтага?! Я зусім не напрошваўся, і не збіраўся нікому паказваць…»

«Дык збярыся. Ну, давай. Я ж ведаю, ты мяккі, я ж цябе некалькі разоў уламваў ужо сёння».

«Добра, — і сапраўды вельмі неяк хутка здаўся Трухан. — Але ўмова: пры мне ты чытаеш толькі першы абзац».

Ён знік. Ведрыч не паспеў прыкурыць цыгарэту, як ён ужо вярнуўся, з шэрай картоннай папкаю ў руцэ.

«Во, — пахваліў Ведрыч, — каб так па чарніла другі раз бегаў». Акуратным дзявочым почыркам зверху на папцы было напісана — Ведрыч прачытаў уголас: — «Пачата 10.10. 1989; скончана…»

«А назва?»

«Не ведаю, для мяне назва справа нават не дзесятая, а сотая… Можа, проста — «Рэвізія»?

«Гэта пра магазін, ці што? Ці пра таварную базу? — Ведрыч разгарнуў папку. — Ого, намахаў. І як вы, празаікі, не лянуецеся? Ды мяне б пад наганам ніхто не прымусіў не тое што выдумаць столькі, а нават перапісаць механічна. Эпіграф нейкі… «Імем Яго Імператарскай Вялікасці аб’яўляю рэвізію гэтаму вар’яцкаму дому», — Ведрыч адарваўся ад рукапісу. Пабоўтаў бутэлькаю з астаткамі віна. Дапіў. — Прэтэнзіі ў цябе, аднак! Каму гэта ты аб’яўляеш рэвізію? Ці чаму?»

«Чытай!»

«Ціха, ціха, не лезь. Нічога, мне падабаецца. Пісьменнік павінен быць з прэтэнзіямі… Так… «Сёння, у сваю апошнюю ноч у гэтай палаце і ў гэтым шпіталі, Трухановічу не спалася…» Чакай, а што за Трухановіч? Ну ты даеш! Калі галоўны герой ты — дык так і пішы — Я. Калі не — выдумай якоясь прозвішча, каб лёгка запаміналася…»

«Хопіць!» —Трухан вырваў у яго з рук папку. Ён глядзеў на Ведрыча са страхам.

«Што здарылася?»

«Як ты чытаеш?!»

«А як ты хацеў?»

«Без інтанацыі! Забубенна! Ніякіх лагічных націскаў! Ніякіх ідыёцкіх паўзаў!»

«Добра, добра… Дай папку. Ты, я бачу, дужа сур’ёзна ўспрымаеш, гэта трэба чытаць у іншай абстаноўцы. З сабой забяру, — а калі Трухан памкнуўся запярэчыць, схаваў руку з папкай за спіну. — Ды не бойся, я нікому не скажу, што ты прозу пішаш!»

«Бяры».

Трухану і праўда стала ўжо ўсё роўна. Адна пустата была на душы, ды яшчэ вельмі хацелася спаць.

«Правядзі хоць да вахты, — сказаў Ведрыч, і далей, пакуль спускаліся па цёмнай, з устойлівый пахам прусаковай атруты, лесвіцы ўсё бубнеў: — Расчараваў ты мяне, Трухан… Пакрыўдзіў, можна сказаць. Я здуру клюнуў, узрадваўся, паверыў, што нарэшце чалавека знайшоў — сапраўднага, ціхмяна­рахманага, сціплага… А ты такі ж, як я, калі не хітрэйшы. Ды яшчэ і хворы, ды яшчэ і сірата, ды яшчэ і прозу навучыўся пісаць… Жах!»

Частка другая

«…Імем Яго Імператарскай Вялікасці…

аб'яўляю рэвізію гэтаму вар'яцкаму дому!»

1

У ноч перад выпіскай Трухановічу не спалася.

Ён ляжаў на ложку, скінуўшы на падлогу коўдру, — усё адно ёю больш не накрывацца, і глядзеў у столь.

У палаце было цёмна. І цёпла, аж душна ад напаленай да чаду грубкі. І нязвыкла ціха. Не чутно нават цягнікоў ад блізкай станцыі. На суседніх ложках пасля ўпрыскавання брому мёртвым сном спалі яшчэ два такія ж, як ён, няшчаснікі, толькі ў адрозненне ад яго, «лёгкага», які адбарабаніў тут свае два з паловаю месяцы і сёння камісуецца, ім яшчэ ляжаць ды ляжаць, мучыцца ды мучыцца. Ад аднаго гэтага, ад усведамлення сваёй перавагі над імі — меншага калекі над горшымі — была цяпер на душы ў Трухановіча ціхая прыемнасць. Яны не могуць падняцца з ложкаў — а ён можа. Ім немавед яшчэ колькі парыцца тут і, хутчэй за ўсё, тут жа, у гэтым Богам забытым шпіталі пакутна паміраць — а яму жыць. Усяго гадзін праз колькі ён убачыць бялёсае вераснёўскае неба, зялёны лес, сінюю рачулку, шэрыя хаты і новых людзей (хаця якраз апошніх хацелася бачыць менш за ўсё).

Не спалася. І не ляжалася.

Ён устаў ціха, падняў з долу коўдру. Добра арыентуючыся ў цемры, даволі хутка і спрытна, як для «адной левай» — нежывая правая рука мёртва вісела на перавязі, ён так і спаў, не разгінаючы яе, — заслаў ложак. Нырнуў ў халодную гімнасцёрку і пасунуўся да вакна, бялеючы ў цемры споднікамі.