Выбрать главу

Удзень, калі светла, адсюль нават праз дрэвы ў прышпітальным садзіку добра праглядалася чыгуначная станцыя. І калі праязджалі цягнікі, шыбіны пачыналі дробна і часта трымцець, нібы падпяваючы чыгунным колам, падлога таксама дрыжэла, а разам з ёю і ложак, і тады было адчуванне — калі легчы і заплюшчыць вочы, што ты сам цяпер у вагоне, едзеш кудысьці далёка, а ў расчыненае вакно студзіць цябе прапахлы паравозным гарам ветрык…

Зрэшты, чаго­чаго, а гару, і зусім не рамантычнага, хапала ў палаце. Дарма што вакно стараліся адчыняць як радзей; гэты ўстойлівы вугальна­паравозны смурод перабіваў нават пахі бальнічныя: лекаў, ёду, гною, нямытых чалавечых целаў і ніяк нельга было пазбавіцца ад яго ці выветрыць чым — не памагалі ні скразняк, ні хлёрка. На тумбачках, на стале, на сценах, калі доўга не прыбіралі ў палаце, можна было пісаць пальцам.

Цяпер праз вакно ў знадворнай цемры мутна свяцілі агні станцыі. Данёсся ледзь чутны, падвойнымі рамамі прыглушаны, свіст паравозіка. Трухановіч прылёг жыватом на шырокі падаконнік. Прытуліўся ілбом да шыбіны. Жорсткая барада, што адрасла за лета, шоргнула аб шкло. Варта было б пагаліцца, ці хоць бы твар вадою спаласнуць, усё ж падзея — выпіска са шпіталю, выхад на волю…

Пагаліцца! Калі ўжо ён прывыкне, дзе ён, і ў якім часе знаходзіцца! Так гэта проста: утыркнуў электрабрытву ў разетку ды пагаліўся. Ці пайшоў ванну прыняў, з экстрактам хвоі і марскіх соляў!

І справа нават не ў гэтым. Можна, канечне, абы захацеў, папрасіць у нянечкі кіпятню, і мыла знайшлося б, і свечкі агарак… Справа ў тым, што Трухановіч за гэтыя два з паловаю месяцы апусціўся да непрыстойнасці. Прычым свядома. Ён даўно адзінай сваёй рукою махнуў на такія штукі, як абавязковае галенне, ці штодзённая чыстка зубоў, ці рэгулярнае абрэзванне пачарнелых і цвёрдых, як капыты, дужак пазногцяў; займаўся гэтым тады толькі, калі прыпякала, калі доктар Партной даваў заўвагу ці калі самому рабіць не было чаго. Уся гэтая абавязковая «гігіена», «санітарыя» здавалася яму лішняй нават у тым — колішнім будучым часе, дзе ўсе ўмовы былі для гэтага; і там людзі насіліся са сваім здароўем, як з пісанай торбай, лічачы свае целы самай найкаштоўнай рэччу ў свеце.

Цяпер жа, у гэтым часе, ды яшчэ ў яго, Трухановічавым, становішчы гэтая «гігіенічная»[22] мітусня лішняй здавалася і падаўна, асабліва ў параўнанні з галоўным. Не да барады з пазногцямі, калі галава злятае і рукі не гілдуюць... Бо ні з якага не са шпіталю, калі на тое пайшло, ён цяпер не выпісваецца! Няма чаго паддурваць сябе. І параўнанне ў яго выпадку можа быць хіба што адно: з выпіскаю з раддому, дзе ён пару месяцаў назад з’явіўся на свет, паспеў за гэтыя месяцы ператварыцца ў дваццацігадовага дзецюка Трухановіча, паваяваць на вайне, атрымаць кантузію, скалечыць руку, страціць пальцы на назе, перанесці некалькі аперацыяў па выдаленні асколкаў, абрасці барадою… І вось, калі ласка! Выпіска! Таксоўкі толькі не хапае, ды маткі, маладзейшай за сваё, пару месяцаў назад народжанае «немаўля», ды шчаслівага бацькі, які з букетам у руцэ і з адвіслай сківіцай талопіцца на свайго барадатага, неахайнага нашчадка, вышэйшага за сябе ростам!

Ён яшчэ доўга стаяў перад вакном, знарок не расчыняючы форткі, тым больш вакна. Баяўся, каб скразняком ці шумам ад станцыі не пабудзіла суседзяў. Стаяў да таго часу, пакуль на дварэ не пачало крыху віднець.

І калі ён азірнуўся, абрысы невясёлага яго апошняга прытулку выступілі перад ім з нядаўняй цемры. Палата, доўгая і вузкая, як конская морда, з нізкай столлю, з чатырма сценамі, з трыма салдацкімі ложкамі… Трухановіч вярнуўся і прысеў на ложак. Таксама: кожны прэнт быў тут тысячу разоў абгледжаны і абмацаны, вядомая была кожная трэшчынка, вышчарбінка, выпукласць, кожная кропелька засохлай фарбы на біле.

Асцярожна, стараючыся, каб не скрыпнуў пад ім ложак, ён павярнуўся і лёг на бок. Аднак асцярога было дарэмнай. За ім даўно ўжо, аказваецца, назіралі.

— Не спіцца? — сіпла спытаў Антонаў. Ён падцягнуўся за біла і сеў зручней, амаль задніцай на падушку. — Дахаты сёння? Чуеш, ты? — інакш, як ты, у вочы ён Трухановіча не зваў, а за вочы — малахольным, кантужаным, бяспомным альбо псіхам. — Ты? Чуеш?

— Добрай раніцы, — сказаў Трухановіч.

І раптам зноў яму так радасна зрабілася. Ад таго, што чуе і бачыць усё гэта ў апошні раз. Хоць бы і гэтага вось «таварыша па няшчасці», які ўжо дастаў яго за цэлае амаль лета сваёй тупасцю, хамствам, няўменнем цярпець, які проста задзяўбаў то жаласлівым канючаннем, то на ўсю палату стогнамі, то істэрычным рогатам, то труслівым плачам (ён вельмі баяўся смерці), а найбольш лаянкай, складанай, брыдкай, з наваротамі, з нязменнымі згадкамі і Бога, і Духа Святога і ўсіх дванаццаці апосталаў…

вернуться

22

Трухановіч, канечне, не мог ведаць, што гадоў праз 60 брытанскі вучоны Стэнфард адкрые г.зв. «мікрабактэрыю гразі», на падставе якой створыць прафілактычную пры ракавых захворваннях «вакцыну гразі». «Стэрыльнае грамадства забівае сваіх грамадзянаў», — будзе сцвярджаць Стэнфард. Калі яму верыць, разам з брудам чалавек знішчае цэлую армію карысных бактэрыяў­памочнікаў, чым аслабляе арганізм