Выбрать главу
2

Дачытаўшы да канца — да слоў «яшчэ і прозу навучыўся пісаць. Жах.», Трухановіч чыркнуў над апошняй кропкай рысачку, ад чаго атрымаўся клічнік, затым акуратна, бы карты ў калоду, сабраў свае лісткі, схаваў іх назад у тумбачку і выйшаў на калідор.

У параўнанні са светлым пакоем тут яшчэ панавала сапраўдная ноч. Хіба што толькі ў самым канцы, каля «агляднага» пакоя, таго самага, дзе будзе вырашацца сёння Трухановічаў лёс, свяцілася грубка, там жа кашлялі, бразгалі чапялою, грукалі дрывамі.

Мацаючы рукой сцяну, Трухановіч мінуў гэты доўгі калідор; паварот, прыступкі, адны дзверы, другія. Ён піхнуў іх і апынуўся на ганку, на дварэ. Побач, пад самай сцяной іхняга шпіталя­бараку бялела цэлая гара гіпсавых ног і рук, скарыстаных бінтоў, марлі, ваты... Адвярнуўшыся, стрымліваючы дыханне, нібы яму смярдзела адтуль, Трухановіч хутка пайшоў на вуліцу. Выйшаў з варотцаў і стаў каля плота. Ранак — вераснёвы, свежы — толькі займаўся. Пасля цёмных палаты з калідорам вачам аж балела ад святла, ад прастору. Вуліца была роўная, шырокая і доўгая, са звычайнымі вясковымі драўлянымі хатамі; ніколі не сказаў бы, што ты ў самым цэнтры, на галоўным «праспэкце» аднаго з буйнейшых у Беларусі чыгуначных вузлоў, у мястэчку Каленкавічы.

Згорблены чалавек з мехам на плячах прайшоў вуліцай, азірнуўшыся на Трухановіча. Падвода праехала, рыпаючы коламі, у бок базарнай плошчы. Сабака прабег, за ім, праз якую хвіліну, яшчэ адзін. Пачынаўся новы дзень, пачыналася новае жыццё. І пакуль, думалася Трухановічу, ён сябе да гэтага жыцця рыхтуе, яно ў сваю чаргу спяшаецца прыняць яго. У вобразе падводы, што павінна ўжо недзе пад’язджаць да мястэчка… У вобразе чужога дзядзькі, які чамусьці лічыць яго сваім сынам. Падняўся сягодня гэты дзядзька рана, куды раней за яго, Трухановіча. Жонку пабудзіў. Ноч, цямень за вакном… Каня пакарміў, сам паеў. Сабраўся ў дарогу, сена ў воз паклаў, не забыў з сабою торбу «на перакус», ды доктару Партному хабар, ды каню аўса… І вось — замест таго, каб займацца такой важнай увосень сялянскай працай, едзе некуды кіламетраў за дваццаць! І не толькі ж сёння… А да гэтага колькі разоў прыязджаў! Ды не пусты, тыя ж сухары, сала, нават каўбасы прывозіў… Яму — чужому чалавеку, «сыну», як ён лічыць, «якому, беднаму, на вайне бонбаю мазгі адбіла — так што ні бацькі, ні маткі, ні сябе не помніць!»…

Што праўда, тое праўда. Наслухаецца сёння Трухановіч пра гэтую сваю «адбітую памяць». На хуткай і, дзякаваць Богу, нарэшце апошняй камісіі. Дзе ў соты раз яго, канечне, распрануць, абмацаюць, абстукаюць… Шматзначныя пераглядванні, перашэптванні, лацінскія тэрміны, сярод якіх самы часты — «амнезія»… Поўная страта памяці, рэдкі выпадак, феномен! І абвязкова знойдзецца хтосьці, хто кіне рэзка, гучна, каб і ён чуў: «Сімуляцыя!», і тады збянтэжыцца доктар Партной, і затараторыць, апраўдваючыся сам і апраўдваючы свайго «фенаменальнага» хворага: «Унікальны выпадак… Памяць у яго якраз прысутнічае, але вывернутая… Пасля кантузіі яму здаецца, што ён не мінулае помніць, а… будучыню! Вось, у мяне запісана… Такія рэчы расказваў, што ахнуць…» — «Э, перастаньце. Чаго яны толькі не навыдумляюць, абы да бабы пад спадніцу…»

І, пляваць ім, вядома, на яго «феномен» і на яго «кантузію»; але як вы мёртвую руку патлумачыце, таварышы? А пальцы на назе што, карова языком злізала?

Халаднавата было ўсё ж на вуліцы. Ды і варта паспяшацца заняць чаргу, раз ужо падняўся так рана і пакуль яшчэ няма нікога перад кабінетам. Ды чым хутчэй скончыць гэтую валынку, зваліць усё нарэшце з плячэй — каб хоць якая перамена, няважна, да лепшага ці да горшага.

Трухановіч вярнуўся ў калідор.

Шпіталь за гэты час ажыў сваімі абвыклымі і абрыдлымі, асабліва пасля свежасці вулічнага паветра, бальнічнымі пахамі і гукамі. Бегалі ўзад­уперад як заўсёды ўвішныя і як заўсёды бесталковыя нянечкі. Там кагосьці гучна паклікалі, тут нехта ціха і безнадзейна застагнаў…

Трухановіч прысланіўся да грубкі, заклаў далонь пад спіну — каб не так пякло і каб не выпэцкацца, і цярпліва стаў чакаць. Бліжэй да васьмі гадзін падыйшлі яшчэ двое, лёгкапараненыя, слабасільныя і затурканыя салдацікі, але нават яны ў шпітальнай іерархіі былі вышэй за яго, «бяспомнага» Трухановіча, таму з ім нават не павітаўся ніводзін, толькі зіркнулі з насмешкай і пачуццём перавагі… А вось нарэшце і світа, у складзе трох чалавек, бухаючы ў падлогу ботамі, прайшла ў кабінет. Першы — Партной, у белым брудным халаце, з ключом у руцэ, якім адамкнуў дзверы, за ім двое незнаёмых, адзін малады, другі стары, абодва ў тужурках, перапаясаных рамянямі да таго туга, што ззаду сваімі таліямі і адтатурчанымі задніцамі падобныя былі на жанчын.