Выбрать главу

Не паспелі зачыніцца дзверы за апошнім, як зноў расчыніліся, і голас Партнога паклікаў:

— Заходзьце! — забыўшы, ці не лічачы патрэбным нават удакладніць, хто менавіта ім трэба.

Трухановіч ўжо ўзяўся за ручку дзвярэй. Але нейкая інтуіцыя прымусіла яго азірнуцца. Ён павярнуўся і ўбачыў, што па калідоры спяшаецца сюды і робіць яму знакі пачакаць ягоны «бацька», а з ім, ззаду, яшчэ нейкая рослая дзяўчына ці то маладзіца. Давялося памарудзіць, каб хоць павітацца з імі. Калі яны наблізіліся, ён паспеў адно паціснуць «бацьку» руку, пра сябе адзначыўшы, як прыкметна тырчыць у таго з­за халявы пуга: пазнакай заможнасці (тое самае, што цяпер пакручваць на пальцы ключы ад аўтамабіля), і кіўнуць маладзіцы. Вочы іх сустрэліся… Але тут зноў, ужо нецярпліва паклікаў яго Партной, і Трухановіч заспяшаўся ў кабінет, несучы з сабой нейкае трывожна­радаснае, саромна­пажадлівае, невядомае і нязведанае дасюль адчуванне якойсьці надзеі, ці, лепш сказаць — падзеі, якая ці то ўжо адбылася ў яго з гэтай маладзіцай, ці толькі будзе яшчэ наперадзе…

Кабінет мала чым розніўся ад сучасных. Хіба што гэты, ваенна­шпітальны, абліты мутным святлом слабенькай электрычнай лямпачкі з­пад столі, больш шэранька выглядаў і было ў ім, канечне, не так светла ў параўнанні з цяперашнімі. Аднак усе неабходныя медыцынска­бальнічныя атрыбуты былі ў наяўнасці: і табліца літар для праверкі зроку, і мыйнік у кутку, і бліскучыя біксы для кіпячэння інструментаў, і розныя слоікі за шклом шафы, і зігзагападобная фіранка, за якой распранаюцца, — шпіталь быў не толькі для ваенных, за хабар тут прымалі і звычайных местачкоўцаў, і вакольных сялян.

За сталом сядзелі трое. На яго «дзяньдобры» ніхто не падняў галавы. Унураныя, заклапочаныя, шастаюць паперамі, перагаворваюцца ціха… І слова «амнезія», і слова «феномен» данеслася да Трухановіча… Вось малады прамовіў штосьці, не падымаючы галавы. Трухановіч не адразу і зразумеў, што гэта ўжо да яго звяртаюцца.

— Прозвішча, імя, — гучней паўтарыў малады, крыху картавячы. — Званне.

— Трухан…овіч, Алесь. Чырвонаармеец.

— Сядайце.

Ён сеў на табурэт, у якім пасярэдзіне была авальная дзірка.

— Год нараджэння, — нявінна спытаў малады, а сам аж наструніўся ў чаканні, і тыя пападымалі галовы, упёрлі ў Трухановіча вочы.

Нарэшце! Можа, паддацца? — мільганула ў ім блазнаватае. — Пацвяліць іх трохі? Магчыма, так і зрабіў бы, каб не цяпер, а хвілін дзесяць назад пачаўся гэты допыт­кансіліум, магчыма, тады і даставіў бы ім, апраўдаўшы спадзяванні Партнога, некаторую радасць. Але цяпер, калі ўсё ўспрымалася ім нібыта праз шкло таго дзявочага, штосьці абяцальнага позірку, яму хацелася толькі хутчэй гэты цырк закончыць.

— Тысяча… васемсот… — сказаў ён, знарок расцягваючы словы, каб аблегчыць запісванне, бо малады ўжо нацэліўся алоўкам на паперу, — дзевяноста восьмага года нараджэння.

— Як…так? — у голасе Партнога былі і разгубленасць, і рачараванне.

А як ты хацеў? Ты ж сам мне ўбіваў два месяцы ў галаву, хто я, што я, «з якога хлопец году, з якога параходу»…Навучыў на сваю галаву? Нябось, не чакаў, што я акажуся такім здольным вучнем? Разладжваецца, рассыпаецца спектакль­прадстаўленне «феномену», у самы ардынарны, выедзенага яйка не варты, выпадак ператвараецца?

Двое ў тужурках глядзелі на доктара з насмешкаю. Партной дрыготкімі пальцамі выцягнуў з нагруднай кішэні халата і начапіў на нос пенсне.

— Пачакайце, — замармытаў ён, нізка схіляючыся над паперамі; пенсне звальвалася і ён прыціскаў яго пальцам да пераносіцы. — Але я ўсё запісваў…

—Да вашых запісаў яшчэ дабярэмся, — малады паклаў далонь на паперыну. Звярнуўся да Трухановіча: — Раскажыце коратка сваю біяграфію і чым займаліся да ранення, — пры яго картавасці атрымалася даволі дасціпная інверсія — ганення замест ранення.

Крыху нагадвала ўсё гэта экзамен, дзе Трухановіч з’яўляўся студэнтам, а чэкісты з Партным — выкладчыкамі; вось толькі памылка на такім іспыце задужа дорага магла каштаваць. Аднак, успомніўшы някепскую сваю падрыхтоўку, Трухановіч кароткімі сказамі, дабразычлівым, мяккім, у меру пафасным голасам, націскаючы на канкрэтыку дат і лічбаў, да якіх, на шчасце, меў добрую памяць, пачаў «адказваць на білет», інакш — нясці самую розную, механічна зазубраную лухту. Тым больш пакуль што патрабавалі ад яго ўсяго толькі сухіх анкетных дадзеных. Месца нараджэння? — вёска Каменка Мазырскага павета Мінскай губерні; сацыяльнае становішча? — з сялян-сераднякоў; склад сям’і? — бацька, маці, старэйшы брат; апошні жанаты, актывіст­камбедчык…