Выбрать главу

— Далей!

—… З 1914 працаваў на чыгунцы, з 1916 ваяваў на франтах з немцам… Быў атручаны газам, — дадаў Трухановіч, успамінаючы прачытаныя пра першую сусветную кніжкі, у якіх ніводнага героя не было, хто б тым газам не труціўся. — Пасля лячэння вярнуўся ў родную вёску, у 1918 у якасці байца Каменскага партызанскага атрада зноў змагаўся з тымі ж немцамі…

— Так, — малады звяраў яго хлусню з запісамі на паперы. Пажылы, заплюшчыўчы вочы, масіраваў сабе скроні. Партной, наадварот, не спускаў з Трухановіча вачэй, у якіх чамусьці чытаўся страх.

— У складзе 215­га Мазырскага стралковага палка ў чэрвені 1920 года падчас вызвалення Мазыршчыны ад белапалякаў пры фарсіраванні ракі Прыпяць быў цяжка паранены, кантужаны і патрапіў у Каленкавіцкі шпіталь…

Пажылы раптам расплюшчыў вочы, якія аказаліся мутнымі, і хутка спытаў нейкім булькаючым басам:

— Які цяпер год?

— Тысяча дзевяцьсот дваццаты.

— Дзень, месяц?

—Дваццаць першага верасня.

— Што значыць не ў свае сані не садзіся?

Бог ты мой! Цяжка было здзівіць чымсьці Трухановіча, але цяпер ён ледзь не зваліўся з табурэта. Ды гэта ж… і да ягонага часу ў ваенкаматах неўрапатолагі такім жа чынам правяраюць прызыўнікоў! На тых жа «санях» ловяць, прычым некаторыя ўмудраюцца нават пагарэць на гэтым… Няўжо вунь яшчэ адкуль цягнецца гэты хвост?!

Пажылы палічыў яго замінку за абдумванне.

— Адказваць хутка!

— Гэта значыць, — з ветлівай усмешкай, ямчэй паправіўшы руку на пярэвязі, адказаў Трухановіч, — ведаць сваё месца, не саваць носа ў чужое проса. З аднаго сінанімічнага раду — кожная свіння сваё карыта хваліць, кожны кулік — сваё…

— Што­што?!

Во ўскінуліся. Во натапырыўся малады, а Партной як ажыў адразу! Трэба ўсё ж быць больш асцярожным, палкі не перагінаць, менш пацыкаць іх.

— Што за сінанімічны рад? Якая ў вас адукацыя?

— Цэ­пэ­ша. Але потым — курсы чырвонага байца, — важна дадаў Трухановіч. — Савецкая ўлада ўмее вучыць...

— Дык вы помніце, дзе вучыліся? Імёны настаўнікаў! Выкладчыкаў на курсах!

— Гэтага не помню, — Трухановіч дакрануўся здаровай рукою да галавы.

Пайшло — перашэптванні, папераў шастанне… А затым ізноў пасыпалася — адно пытанне картавым голасам, другое — булькаючым, як бы пахмельным: «Нумар часці? Як вас параніла? Дзе?»

— Не памятаю…

— Імя камандзіра палка? Ці хоць адно імя ці прозвішча, хоць кагосьці з аднапалчанаў?

— Не памятаю.

Які кашмар, толькі цяпер дайшло да яго: ды гэта ж яны мне шпіёнства шыюць. І вельмі проста[23]. Калі асноўныя вехі біяграфіі, з датамі ды лічбамі, яшчэ можна было па­папугайску, з чужой падачы завучыць, дык на драбязе, на дэталях — такіх, як прозвішча школьнага настаўніка, ці якога колеру валасы на галаве ў штабнога пісара, яго злавіць — раз плюнуць. І цалкам заканамерныя іхнія падазрэнні. Разважае пра сінанімічны рад, але не помніць не тое што ніводнага прозвішча аднапалчаніна, але нават імені роднай маткі!

Выйсце тут адно: раз не можа ён ім нічога растлумачыць — дык не трэба і старацца. «Кантужаны» — дык і спекулюй на кантузіі! І на ўсе пытанні, што тычацца дэталяў, даваць адзіны і, дарэчы, сумленны адказ: «Не памятаю».

— Не памятаю, — паўтарыў ён. І далей, з вінаватай усмешкаю, пранікнёным голасам, пафасным тонам: — Таварышы, я паранены чалавек. Кроў праліў і здароўе страціў за родную савецкую ўладу. І не віна, а бяда мая, што некаторыя моманты я помню, а іншыя — не… Хай я не магу назваць, ці пазнаць аднакласнікаў, настаўнікаў, аднапалчанаў, аднавяскоўцаў сваіх — але ж яны мяне могуць! Вось хоць бы ў бацькі майго папытайце. Ён якраз цяпер тут, на калідоры чакае... Няўжо б ён ездзіў да мяне за блізкі свет, да мяне, чужога яму шпіёна?! Пазваць бацьку? — і з табурэта прыўзняўся, паказваючы гатоўнасць бегчы.

— Сядзіце, — астудзілі яго.

Ага, падзейнічала. Нават пажылы памякчэў.

— Добра. Усё гэта добра. Але як вы растлумачыце… дзе яно? — малады пачаў шукаць у папцы, — вось яно, — знайшоў некалькі аркушыкаў паперы, спісаных доктара Партнога почыркам, паказаў Трухановічу, яшчэ і далікатна, пазногцем маленькага пальца падкрэсліваючы радкі. — Гэта праўда тое, што тут запісана? Вы гаварылі доктару Партному ўсё гэта, усю гэтую шкодную контррэвалюцыйную ерась? Напрыклад, што сусветная рэвалюцыя не толькі не адбудзецца, але і ў адной асобна ўзятай краіне, у Савецкай Расіі, немагчыма будзе пабудаваць камунізм? Вы гаварылі, што праз семдзесят гадоў увогуле камуністычныя ідэалы будуць пастаўлены пад сумненне, падвергнуцца пераацэнцы, пасля чаго і сама Савецкая ўлада перастане існаваць?

вернуться

23

«…Нужно помнить, что враг в лице польской шляхты оставил своих агентов, кои будут играть на умах малосознательных и тем нарушать течение жизни…». З загада начальніка Мазырскага гарнізона В. Федарэнкі. (Філ. ДА Гом. вобл. г. Мазыр. Ф. 307. Воп. 1. Спр. 3. Л. 8)