«Відаць, быў званок — не прапісваць! — думаў Васкевіч, не перастаючы сачыць за гэтай праверкаю і здзіўляцца, як налаўчыўся спраўляцца з перагортваннем аднарукі чалавек. — А прычына? Любая. Напрыклад...»
— Ваш Сцяпан у горадзе ж ужо даўно, — сказаў сабе пад нос сакратар, выцягнуўшы з-пад скобкі і разглядаючы ўлікова-паслужную картку.
— Ну і што?
— А тут указана, у Сасноўцы.
— Алоўкам указана. Для таго ж і пішацца алоўкам, каб можна было выцерці і паправіць.
— Дык трэба выцерці і паправіць...
Сакратар адсунуў дакументы, пстрыкнуў ключыкам шуфляды, дастаў адтуль яшчэ адзін, маленькі ключык, сагнуўшыся, недзе ў глыбіні шуфляды адамкнуў яшчэ нейкую патаемную шуфлядку, выцягнуў з яе ўжо вялікі двухзубцавы ключ; не ўстаючы з месца, нібы выпадкова павярнуўшыся так, каб засланіць сабою дзверцы, адамкнуў і трошкі, на адну шчылінку, прачыніў дзверцы сейфа. Сабе на стол кінуў тоўстую кнігу з надпісам «Сасноўка», Васкевічу падаў бланкі:
— Запаўняйце.
Хутчэй Антон выйшаў з гэтага цеснага, душнага катуха, прысеўшы за «більярдныя» сталы, расклаў перад сабою, нібы ігрок карты, бланкі. У гэты момант шчоўкнулі ручкай другія дзверы, старшынёўскія, і паказаўся малады хлопец з чорным чубам, без пінжака, у светленькай кашулі з закасанымі да локцяў рукавамі — як у тых, што недзе ў кабінетах, закасаўшы рукавы, плануюць далейшы Васкевічаў лёс... Тут у кабінеце зазваніў тэлефон, і хлопец, не паспеўшы нічога сказаць, крутануўся назад.
— Старшыня слухае! Алё! Старшыня з вамі і гаворыць! — пачулася з кабінета бадзёрая добрая беларуская мова.
Васкевіч сядзеў, як заварожаны, слухаў і не верыў сваім вушам. Чаго ён ніяк не чакаў пачуць у сваіх мясцінах, а тым больш у такой установе, дык гэта чыстай мовы... Старшыня пагаварыў і выйшаў зноў у прыёмную:
— А хто вы, прабачце? Васкевіч назваўся.
— Дык я ж з тваім Сцяпанам у адным класе вучыўся! — узрадваўся малады старшыня, паціскаючы Васкевіча за плячо. Рука ў яго была досыць цвёрдая. — І матку добра ведаю! Ты ж у Мінску вучышся? Ты курыш? Хадзем, зайдзі да мяне, пакуль час ёсць...
Васкевіч, не паспеўшы адказаць ні на адно пытанне, сабраў бланкі, дакументы і пайшоў за ім. У кабінеце — прасторным, светлым, з дыванком ад парога да паліраванага, літарай «Т» стала, над якім, узяты ў прыгожую рамку, вісеў каляровы партрэт Леніна — старшыня падвёў яго да скуранога крэсла-круцёлкі, што стаяла ў кутку каля акна і служыла, відаць, асабліва важным гасцям, зноў-такі даволі моцна ўзяўшы за плячо, пасадзіў, сам падбег да стала, прынёс пачак харошых цыгарэт і попелку, на выгляд крышталёвую... Васкевіч падзякаваў і дастаў свае, а попелку, пашукаўшы вакол вачыма, паставіў сабе на калена.
— Дык ты прапісваешся? Што, заваліў экзамены? — падміргнуў старшыня, чыркаючы запальнічкай. — Акадэмічны ўзяў?
Васкевіч кіўнуў — раз хочаш, думай, што акадэмічны. Хоць ён і не дужа свабодна пачуваўся ад гэтага панібрацтва, асабліва ад «тыкання», тым не менш Лобан яму падабаўся — ды тут за адну мову можна было дараваць, што хочаш!..
Жыўчык-старшыня, вядома, пасядзець не мог, падскочыў, адчыніў фортку, зноў прабег да стала, апрануў пінжак, які вісеў на спінцы крэсла, струсіў попел з цыгарэты ў сметніцу за крэслам, вярнуўся і пакарыстаўся попелкаю на Васкевічавым калене.
— У цябе працоўная кніжка з сабою? — спытаў ён раптам.
— З сабою.
— А чаго ты яе ўзяў?
— Ну... так, проста.
— Пакажы...
Васкевіч падаў. Лобан, быццам напярод усё ведаў, разгарнуў яе якраз на месцы апошняга запісу — «отчислен за неоднократное нарушение...»; але, прачытаўшы, нават не глянуў на Васкевіча, задумліва паляпаў кніжкаю па далоні.
— Слухай, у нас ёсць для цябе праца... Бібліятэкарам. У Двароўцы ўжо тры месяцы бібліятэка зачынена. Пойдзеш? — і, не даючы Васкевічу слова сказаць, думаючы, відаць, што той пачне зараз аднеквацца, стаў пераконваць: — Ездзіць можна аўтобусам, ды і прайсці там колькі, работа лёгкая — сядзі сабе, кніжкі чытай!.. Да экзаменаў падрыхтуешся, праз год спакойна здасі і паедзеш назад у Мінск... Ну?
Васкевіч між тым і не думаў аднеквацца. Для яго гэта была б проста нягаданая, раптоўная ўдача, калі б... Ён зірнуў старшыні ў вочы — сказаць ці не? Вырашыў сказаць: і каб перастрахавацца, і каб потым, калі што якое (прыедуць яго арыштоўваць), не падстаўляць Лобана. А галоўнае, яму раптам захацелася паказаць старшыні, што ён, Васкевіч, трохі не тое, што пра яго можна падумаць.