Выбрать главу

Пажылы гучна гмыкнуў.

— Тыповая контррэвалюцыя, — сказаў ён. — Але добра, хоць семдзесят дае!

— Вы сапраўды прарочылі, хай сабе і ў беспамяцтве, што чырвоны тэрор расцягнецца на дзесяцігоддзі і ахвярамі яго стануць дзесяткі мільёнаў? Што будзе другая вайна з немцамі? Што амерыканцы прыдумаюць нейкую звышбомбу і скінуць яе з аэраплана на Японію? Вы сцвярджалі, што электрычнасць будзе паступаць не з гідраплацін, а выпрацоўвацца з атамаў, для чаго будуць пабудаваны спецыяльныя станцыі і адна з якіх выбухне?

Малады пытаў рытарычна, з усмешкаю, усяляк паказваючы, што і сам не прыдае падобнай лухце значэння і другім не раіць.

Трухановіч паварушыўся на табурэце.

— Я…

— Гаварылі ці не? — перабіў пажылы.

— Я, таварышы, не спрачаюся. Пасля аперацыі пад морфіем, без памяці, канечне, мог нагаварыць абы­чаго! Вось толькі чаму вас не цікавіць, навошта доктару Партному спатрэбілася запісваць усё гэта? Можна задаць яму пытанне?

Малады кіўнуў.

— Вы матэрыяліст, доктар Партной?

І няхай паспрабуе сказаць, што не.

— Я? — разгубіўся ад нечаканасці доктар, які, задумваючы гэты бяскрыўдны, як яму здавалася, спектакль, наўрад ці ўяўляў, што ўсё можа вельмі проста абрынуцца на ўласную галаву. — Я… матэрыяліст!

— Тады чаму вы надаяце нейкую асаблівую ўвагу звычайнаму трызненню? Ці вы ўсё ж ідэаліст? Працягваеце верыць у перасяленне душ, ды ў рай, ды ў пекла, ды ў Бога?

Партной выціраў з ілба пот. На яго без шкадавання цяжка было пазіраць. Чэкісты слухалі Трухановіча з цікавасцю і не перабівалі. Таго яшчэ больш натхніла гэтая маўклівая падтрымка.

— Мы, людзі новага часу, якія скінулі ярмо царызму, ачысціліся ад дурману рэлігій і розных там забабонаў — мы хіба можам верыць розным варажбітам, аракулам, розным ілжэпрарокам, — у час спахапіўся, — акрамя, канечне, таварышаў Леніна з Троцкім… Мы — разняволеныя людзі новай краіны і мы будзем тварыць жыццё паводле бальшавіцкіх запаветаў, а не верыць у розную містыку і прадказанні!

Недзе зусім блізка праехаў цягнік, і табурэт пад Трухановічам нейкі час прыемна дрыжэў; святкуючы перамогу, тонка адзвінелі на стале і ў шафе слоікі­шкляначкі.

Пераканаў хоць крыху? Здаецца, так. Вось калі спатрэбілася, вось пры якіх умовах выручыла яго «пяцёрка», атрыманая па гісторыі КПСС! А яшчэ сямяліся з гэтага прадмету, так скептычна ставіліся да яго — не разумеючы практычнай каштоўнасці яго…

— Добра, — ухвальна, з куды пабольшанай павагай у голасе сказаў малады. — Усё гэта так. Мы верым вам. Хаця, калі папраўдзе, не падобна, каб нешта было ў вас з галавою… Аднак забудзем. Хоць і запісаны вашы шкодныя трызненні на паперу, а гэта афіцыйны дакумент — забудзем, зробім выгляд, што іх не было. Вось, наце, можаце забраць іх сабе на светлую памяць, пакажаце якому­небудзь пісьменніку, раптам выкарыстае… Калі ж сур’ёзна, вы, наколькі я зразумеў, прыхільна ставіцеся да савецкай улады, да партыі бальшавікоў?

— А можна хіба інакш?

— Уступіць не жадаеце?

— Ніколі… маю на ўвазе ніколі не думаў, што варты такога гонару…

— Чаму? Вы пісьменны чалавек. У вас цалкам цвярозыя разважанні, даволі прыстойная — як для селянскага сына, канечне, эрудыцыя. Вы стаіце на цалкам правільных марксісцкіх пазіцыях.

Яшчэ б! — у душы пасміхнуўся Трухановіч. — Проста ідэальны для вас бальшавічок! Мазгі чыстыя, настальгіяй па царызму не загружаныя…

— Калі хіба знойдуцца людзі, якія дадуць рэкамендацыю, — сказаў ён няўпэўнена ўголас, а пра сябе пацяшаючыся з гэтых клоўнаў, з гэтых блазнаў, над якімі адчуваў поўную сваю ўладу, бо праз тоўшчу дзесяцігоддзяў яму добра высвечвалася іхняя крывавая, трагічная і бясслаўная перспектыва.

— Падумайце, — раіў між тым малады. — А пакуль што — вось вашы дакументы, — ён працягнуў руку, і Партной адразу выхапіў з папкі і падаў яму некалькі паперак. Усё было загадзя падрыхтавана, аказваецца, проста час цягнулі камісійшчыкі, невядома на што спадзеючыся.

— І ў любы час будзьце гатовы, што вас выклічуць.

— Дык… А рука? — спалохана спытаў Трухановіч. — А нага?

Тады пажылы раптам падняўся і без слоў паказаў Трухановічу пустое рукаво.

— І без рук занятак знойдзецца ў савецкіх органах.

— Усё. Можаце ісці. Не сумняваюся, што мы хутка ўбачымся, — сказаў на развітанне малады. — І клікніце там наступнага.

— Я на хвілінку, — доктар, зашпільваючы гузікі халата, таксама выйшаў следам за Трухановічам на калідор.