Выбрать главу

Партной аж пасінеў, бедны, і ад холаду і ад страху. Рукі паціраў, параю дыхаў, але ў шпіталь ісці і не збіраўся. Што да дзядзькі, дык той выслухаў маналог кантужанага сына спакойна, уважліва, з разуменнем; хворы на галаву чалавек і павінен гаварыць абы­што, як жа іначай.

— Ну, паехалі памалу… Ідзіце на вуліцу, — загадаў ён Трухановічу з нявесткаю. Вароты былі вузкія, акурат падводзе праехаць, і ён баяўся зачапіцца за шула колам, таму і не хацеў, каб сядалі на воз тут.

Ён ужо і за лейцы ўзяўся. А Партной усё чакаў.

— Вось жа галава дзіравая…

Прыгнечаны сынавай кантузіяй, толькі цяпер успомніў «бацька», што звычайна ж адзячваюць людзей у такіх выпадках, тым больш такога харошага доктара, які вунь як яшчэ прыгадзіцца можа… Клунак з воза зняў. Партной інстынктыўна пацягнуўся рукою, каб забраць. Але дзядзька не адразу аддаў, а з прадмоваю:

— Не крыўдуйце, калі мо што не так… Што людзі даюць, тое і мы. Грыбы, уюны, сала трохі, яек…

— Усё добра, дзякую, дзякую! — казаў Партной, чырванеючы і разам з тым ледзь не вырываючы клуначак.

На вуліцы «бацька» памог Трухановічу ўзабрацца на воз, сесці на папярочную дошчачку. Сам сеў побач, Наста размясцілася ззаду на ахапцы сена.

— З Богам! Вось і добра, — упаўголаса сказаў «бацька», калі паехалі; не так да нявесткі з «сынам» звяртаўся, як, мабыць, суцяшаў сам сябе. — Нічога, добра з’ездзілі… І цябе забралі, і з Партным разлічыліся… Усё па­людску…

Распагодзілася. Пахкае вераснёвае паветра, з якім мяшаўся дым з комінаў, п’яніла. Сіняе чыстае неба — хоць і без сонца яшчэ, доўгая вуліца, трухканне коніка, шастанне сена ззаду, калі варушылася, ямчэй уладкоўвалася Наста…Усё было як сон, ці, лепш сказаць, як кіно, як нейкі віртуальны стэрэа­фільм, у якім Трухановіч з’яўляўся і гледачом, і ўдзельнікам адначасова. Моўчкі, прагна ён углядаўся ў хаты, двары, у людзей, якія хто пехам, хто як яны — канём, то абганялі іх, то цягнуліся насустрач. Якое чужое ўсё! Без аўтобусаў, машын, без вітрын магазінаў, без шматпавярховак, без асфальтавай шашы горад быў не проста чужы — Трухановіч не пазнаваў тут анічога абсалютна, і калі б апынуўся зараз адзін, дык, мусіць, давялося б распытваць дарогу. Ён не адразу пазнаў нават высокі жоўты будынак царквы, а толькі тады, калі бацька на хаду перахрысціўся на яе. Ды яшчэ на самым выездзе з мястэчка сёе­тое пачало ўсплываць у памяці. Рэчка і мосцік праз яе. Вось гэтую рэчку з крыху нечаканай, балгарскай назвай — Пліска, і ўспомніў Трухановіч, ды яшчэ — дубовы лес, ужо за мястэчкам, па шляху на Мозыр.

Тут «бацька» спыніўся, з крэктам злез долу і за аброць павёў каня з дарогі, пад дубы. Размясціліся на пагорку. Было суха, пахла прэлым лісцем. Трухановіч заўважыў, як пасля бальніцы абвастрыўся ў ім найперш нюх, наколькі вастрэй пачаў разлічаць ён пахі — проста галава плыла.

— Ну, давайце, каб усё па­людску, — распарадзіўся «бацька». Нельга было не звярнуць увагі, што трошкі больш, чым трэба, казырае чалавек гэтай «людскасцю», нават злоўжывае, як бы ва ўсім яму хочацца быць падобным на іншых — у любой, відаць, драбязе ён найперш правяраўся тым, а як бы на яго месцы паважаныя ім людзі рабілі?

Наста тым часам развязала клунак, падобны на той, які аддалі Партному. На чыстую белую палатняную анучку пачала выкладваць сала, хлеб, цыбулю, яйкі — асобна сырыя і вараныя, соль, бурачковага колеру хрэн у слоіку… Так жыва нагадала ўсё гэта Трухановічу Паску ці Радаўніцу! Восень і вясна ўвогуле часта бываюць падобныя на нейкіх этапах і пахамі сваімі, і пагодаю, і прыродаю, а тут яшчэ і гэты бураком зафарбаваны хрэн, нязменны на Паску ці на Радаўніцу, і гэтыя яечныя шкарлупкі, і бульканне самагонкі па чарачках… Дзядзька напоўніў іх так: сабе і «сыну», як мужчынам, больш, а нявестцы менш за трацінку.

— Ну, каб людзі нічога благога не думалі! — урачыста сказаў дзядзька. Аднак і ён, і Наста ўсё ж марудзілі, нібы чакаючы, ці не захоча яшчэ дадаць чаго Трухановіч.

Варта было б зрабіць гэта, сказаць хоць бы штосьці накшталт «дзякую, што вы, чужыя людзі, падабралі мяне; пастараюся не сядзець у вас сіднем на шыі» і таму падобнае. Але Трухановіч, з уздыхам апусціўшы вочы на скалечаную руку, сказаў інакш:

— Не ведаю, куды вы зараз сабраліся мяне вязці, як і не ведаю, які з мяне будзе вам памагаты. З гэтым трэба альбо змірыцца, альбо…

— Ды хто ж цябе гоніць? — здзівіўся, нават пакрыўдзіўся «бацька». — Не жабракі, дзякаваць Богу, не старцы якія. Не аб’ясі. Ты ж не самахоць скалечыўся, за нас кроў праліў…

Ды не праліваў я ніякай крыві! — хацелася крыкнуць Трухановічу. Але ён толькі заплюшчыўся і пакорліва і адначасова пакутліва выпіў усё да дна.