Канечне! — затое Ігар не ведае і ценевых бакоў. Безбацькоўшчыны, па чужых людзях туляння, у дзяцінстве цукерак ды капеек на кіно адсутнасці… Не ведае ні бальніц, ні кропельніц, ні рэнтгэнаў, ні наркозаў… Ні таго, што — калі ты падрос ужо — дзяўчына танцаваць не йдзе з табою, бо ў цябе няма джынсаў і што ты ў арміі не служыў… І адной сотай не ведае гэтага Ігар, бо ён жа для іншага ў свет прысланы — для паляпшэння пароды. Таму і ашчаджае, і беражэ лёс такіх, як ён. Ды і куды Ігару выпрабаванні! Зломіцца ад драбязы, на якую прывыклы, трэніраваны, закалёны Трухан увагі не звярнуў бы, сап'ецца, звар'яцее, самагубствам, чаго добрага, скончыць…
Гэта нам грузі пабольш— вязі падальш, гэта нас таўкуць, а мы мужнеем! — з горкім гонарам думаў пра сябе Трухан, пакуль не апамятаўся: пры чым тут Ігар?! Пачалося ж з таго, што зайздрасці да яго ён ніякай не адчувае… І вось кола, даўшы круг, з другога боку пад'ехала.
Так. Трэба не дурыць сабе галавы, а прызнаць шчыра: ні ў гэтай сітуацыі, ні ў гэтым жыцці сам чорт нічога не разбярэ. Настолькі яно ірэальнае, незразумелае, нелагічнае, што міжволі пацягне схавацца ад яго — хоць у больніцы ці ў шпіталі, хоць пад коўдрай з галавою, хоць між старонак гэтага «Ідыёта»… А сама лепш — «у снах», у творчасці, дзе ўсё табе падуладна, усё зразумела, дзе адным чароўным дотыкам пяра можна атрымаць усё, што пажадаеш, усё, чаго пазбаўлены тут, у гэтак званым жыцці «рэальным»...
Дадумаць яму не далі нечыя чужыя галасы, а потым цяжкія крокі і стук у дзверы.
Трухан павярнуў галаву і ўбачыў у дзвярах міліцыянера. Міліцыянер быў рыхтык такі ж, як яны і бываюць — класічнакіношны, у кажусе, падперазаны рамянём, з папкаю ў руцэ. Нават прозвішча, калі міліцыянер, пераклаўшы папку з левай рукі ў правую, казырнуў і назваўся, аказалася ў яго з канчаткам на ка — Піліпенка, ці што, Трухан не запомніў, запомніў толькі, што гэта ўчастковы.
Ён падняўся з ложка. Участковы пратупаў, пакідаючы мокрыя сляды, да стала і прысеў на табурэтку, тварам да дзвярэй, папку сваю разгарнуў і паклаў на калена. Дзяўчына ў дзвярах пазірала на яго з разяўленым ротам, выціраючы слёзы з вачэй; у адной руцэ ў яе быў нож, у другой — недалупленая цыбуліна.
«Распішыцеся ў атрыманні павесткі, — стомлена сказаў участковы. — У панядзелак з'явіцца ў пракуратуру. — І дадаў, апярэджваючы Трухана: — Чаму — не ведаю».
Участковы ўручыў яму позвачку і пайшоў. Іншым разам Трухан толькі палюбаваўся б на яго, адклаў бы ў памяць, што вось такім і павінен быць міліцыянер — ветлівым, не назолам… Каб не шэрая паперчына ў руцэ. Каб не гэтыя «граждананину», ды «вы обязаны», ды «в случае неявки…»
Чаму пракуратура? Чаму павестка ў суботу, а з’явіцца ў аўторак? І толькі потым, і толькі на трэцім месцы — «за што»?
І вось жа ж натура чалавечая! Здавалася б — што яму, такому хвораму, перад такой страшнай, хуткай аперацыяй, яму, які столькі часу тое і робіць, што рыхтуе сябе да заўчаснай смерці — што яму да гэтага шэрага аркушыка паперы?! Ды парві і выкінь, зрабі тое, што на нядаўняй лекцыі зрабіў, калі, нікому нічога не тлумачачы, проста падняўся ды пайшоў! Будзь свабодным, плюнь на ўсё, думай, як і да гэтага думаў, як бы і не адбылося нічога, пра важнае, пра галоўнае…
Ды вось не атрымоўваецца нешта.
Ці гэта яшчэ адна загадка псіхікі — такім чынам ратавацца, драбязою перабіваць галоўнае? Як той прыгавораны да гільяціны жартаўнік, што адмовіўся ад прызначаных перад пакараннем цыгарэты і келіха віна — на падставе, што алкаголь і нікацін шкодзяць здароўю.
Круціш у руках гэтую шэранькую дрэнь, перачытваеш, спакою яна не дае табе, трывожыць цябе, думаеш пра яе, ловіш сябе на тым, што баішся яе, і раздражняешся, і злуешся, што можаш надаваць ёй такое значэнне, і разумееш урэшце, што пануе ўжо яна над табою, над тваімі думкамі і пачуццямі, і няма зладу з ёю…
А то грахі і грашкі свае перабіраць пачынаеш. І сярод іх — на поўным сур’ёзе, як цалкам дапушчальны — і той, што выклікаюць яго ў пракуратуру, бо дэманстратыўна з лекцыі сышоў.
Ноч амаль бяссонная… Увесь выхадны па горадзе блуканне, як бы апошні раз яго бачыш… Катаванне сябе рознымі здагадкамі, ды гіпотэзамі, ды домысламі…
І толькі ў панядзелак пад вечар Трухан супакоіўся. Да таго часу ён ужо разумеў сёетое. Напрыклад, чаму спатрэбілася такая паўза паміж суботаю і аўторкам — паміж уручэннем павесткі і яўкаю: а каб пахадзіў, падумаў, паперажываў… Як і тое, чаму не трэба аб’яўляць загадзя, навошта яго выклікаюць: а сам здагадайся. Сам прыдумай штонебудзь! Гэткі псіхалагічны момант, закладзены ў будучае пакаранне — як кошт пасцелі і шклянка гарбаты аўтаматычна закладваецца ў кошт чыгуначнага білета.