Выбрать главу

У тую ноч ён добра выспаўся. І калі ўстаў, галава была светлая. Сам ранак, які быў за акном, супакойваў. Такімі ранкамі, калі марозік, сонца і адначасова ідзе сухі рэдкі снег, нічога кепскага не павінна здарацца з людзьмі. І ён напярод ужо ведаў, што і з ім нічога не здарыцца. Сваю «кару» ён ужо адбыў за гэтыя двое сутак. Ды і ўвогуле — пачало здавацца яму, што няйначай закралася ва ўсю гэтую гісторыю памылка. Недарэчная, прыкрая, яна каштавала яму, канечне, крыху нерваў, але нічога страшнага. Ні на кога ён не ў крыўдзе, а нават удзячны лёсу ў асобе пракуратуры за гэты штучны ўсплеск эмоцый, які, будзем шчырыя, прымусіў яго ўспомніць і такое, аб чым успамінаць не заўсёды прыемна.

Дарогу ён добра вывучыў яшчэ за выхадны, калі бадзяўся па горадзе. Вуліца Інтэрнацыянальная. Кінатэатр «Перамога». Драўляныя высокія цяжкія дзверы. Каб адчыніць іх, трэба было прыкласці сілу. Трухан прыклаў яе і апынуўся ў вестыбюлі ўстановы — з яе казённай гулкасцю, з яе паветрам, насычаным трывогаю і чамусьці пахам сургучу (як на вясковай пошце), са шкляной будкай дзяжурнага і круцёлкай­турнікетам побач.

Трухан падаў дзяжурнаму павестку. Дзяжурны папрасіў не паказаць, а «прад’явіць» яшчэ і дакумент. Потым доўга звяраў квадрацік фотакарткі двухгадовай даўнасці ў студэнцкім білеце з жывым Труханам, які зняў з галавы шапку і, успомніўшы фільм «Афоня», жаласліва рассунуў губы ва ўсмешку. А самога ў сэрца кальнула — няўжо так моцна за гэтыя няпоўныя два гады ён змяніўся?..

«Праходзьце», — сказаў дзяжурны. Афіцыйнасць яго голасу здымала ўсе сумненні — ніякай памылкі няма, ён, Трухан, а не хтосьці іншы, тут патрэбен.

Ён падняўся на другі паверх. Доўгі калідор быў пусты. Уздоўж сцяны стаялі крэслы. Так пацягнула апусціцца ў адно з іх, нібы не два пралёты лесвіцы адолеў, а немавед якую дарогу. Да таго ж па звычцы, як да ўрача на прыём, ён з’явіўся роўна за пятнаццаць хвілін да патрэбнага часу і цяпер меў запас.

Аднак той жа бальнічны вопыт падказваў яму, што ніколі не варта адцягваць, і, «пакуль няма чаргі», карыстацца момантам. Чым хутчэй наважышся, тым лягчэй потым. Ён пастукаў у дзверы і без запрашэння ўсунуўся ў кабінет.

У кабінеце сталоў было тры, але толькі за адным з іх сядзеў малады чалавек, у звычайным цывільным касцюме, з вусікамі, — і дзюбаў адным пальцам па клавішах пішучай машынкі. З­за гэтага, відаць, і не чутно было стуку ў дзверы. Не адрываючыся ад свайго занятку, вусаты падбародкам паказаў Трухану на табурэт з другога боку стала.

«Праходзь, прысаджвайся», — і зноў за сваё дзюбанне.

Трухан прысеў. Не забываць нічога, сарціраваць, раскладваць па шуфлядках памяці! Як вось гэтае «прысаджвайся» замест звычайнага чалавечага «сядай» — каб не сурочыць, бо сесці, па­іхняму, можна толькі ў турму; нібыта боязь ці нежаданне пакрыўдзіць словам, а на самой справе гэткая здзеклівая даніна «фені», вытанчана­вычварна­мянтоўская далікатнасць, арыя з той самай оперы, паводле якой, адабраўшы ў п’янага грошы (расказвалі людзі), зняўшы гадзіннік, вянчальны пярсцёнак і нацельны крыж, — словам, абчысціўшы дарэшты, — абавязкова пакінуць пару цыгарэт з запалкамі і драбязу на талончык…

Вусаты дзюбаў сабе і дзюбаў, манатонна, праз аднолькавыя паўзы, аж па мазгах біла. Трухан цярпліва чакаў. І ад няма чаго рабіць употайкі разглядваў памяшканне і гаспадара — разглядваў і дзівіўся: якая ж, аказаваецца, небяспечная рэч літаратура! Не паспеў напісаць ён пра свайго Трухановіча — калі ласка, сам атрымоўвай, — і табурэтку, і казённы кабінет, і следчага, і магчымы скоры пратакол. Раптам ён убачыў на краю стала… сваю папку.

«Твая?» — спытаў вусаты, працягваючы дзюбаць.

«Мая… А адкуль…», — яна ў вас, ледзь не вырвалася ў Трухана, ды ў час апамятаўся. Хто, як не ён, па студэнцкай звычцы, як на канспектах, уласнай рукою запісаў на адвароце папкі ўсе свае дадзеныя: і прозвішча, і адрас, і нават нумар пакоя.

Вусаты меў талент рабіць дзве справы адразу, плюс яшчэ бачыць чалавека, зусім на яго не пазіраючы.

«І што ты там напісаў? Чаго выклікалі?»

«Не ведаю… У сэнсе, што напісаў, ведаю, а чаго выклікалі…»

«Супраць улады штось? Ці парнаграфія?» — нечакана спытаў вусаты.