Ну, канечне. Што ж яшчэ для іх можа лічыцца крамолаю? Трухан асмялеў.
«Можна і так сказаць…»
«Сур’ёзна? — вусаты аж на машынку, на дзюбанне сваё важнае забыўся. І ўпершыню падняў на Трухана вочы. У іх была цікавасць. — Не, праўда парнаграфія?»
«Хутчэй у пераносным сэнсе. Калі мастацкі твор няўдалы, дык можна яго і такім словам назваць…»
Тут расчыніліся дзверы і ў кабінет хуткім крокам увайшоў чалавек. На хаду ён расшпільваў гузікі чорнага паліта. Штось вельмі знаёмае падалося Трухану ў яго абліччы… Ды гэта ж той самы! Паголены, з сумнай вінаватай усмешкаю, які маўчком прасядзеў усю нядаўнюю сходку на Фрунзе, 5; той, у каго ўсё дапытваўся Ведрыч, чаго ён сюды цягаецца, і ці не празаік ён, ці не драматург. І цяпер паголенасць была самай характэрнай дэталлю ў яго твары. Настолькі розніліся голеная частка ад няголенай, што, здавалася, пад носам, на барадзе і на шчоках прыклеена ў чалавека сіняватая маска.
Вусаты пры яго з’яўленні ўстаў. Але паголены, павесіўшы паліто ў шафу, да першага падаўся Трухана.
«Гэта не я спазніўся — вы раней прыйшлі, — сказаў ён, за руку вітаючыся. — Выбачаюся, рука пасля двара халодная… Вас я ведаю, а мяне завуць Іван Паўлавіч. Ды вы сядзіце!»
Што да вусатага, дык з ім Іван Паўлавіч нават рукацца не стаў. Яны абмяняліся позіркамі, пасля чаго вусаты паляпаў сябе па кішэнях — у адказ звякнулі ключы і зашамацелі запалкі — і выйшаў на калідор.
Адзінае, што чамусьці прыходзіла Трухану ў галаву, гэта тое, што адбываецца «кантрастны» допыт: злы, хамаваты адзін следчы — і добры і ўсмешлівы другі; штучка старая, як свет, як сама паліцэйскажандарскаміліцэйская сістэма… Але пры чым тут што? Ніхто ж яго не дапытваў, і яны абодва, здаецца, добрыя, вусаты і паголены… Да таго ж вусаты яўна ніжэй рангам у гэтай іхняй іерархіі. Галоўны тут, канечне, вось хто…
«Распрануцца не хочаце? — пытаў тым часам гэты «хто». — Не? Правільна, не Крым. Мой прынцып — абы чалавеку зручна было. А то навыдумляюць розных умоўнасцей… Вось я, напрыклад, калі гарачую гарбату п’ю, дык сёрбаю, мне і смачней так, і губы не пячэ… Але што ты! Некультурна, непрынята, пальцамі паказваюць, — мякка, соладка гаварыў Іван Паўлавіч, як калыханку баяў. — Дарэчы, можа, гарбаты? Кавы? Тут ёсць электрачайнік, і ўсё іншае знойдзецца… Не? Тады і я не буду — за кампанію».
Іван Паўлавіч прысеў насупраць — нага на нагу, рукі складзеныя на жываце, на твары — тая самая, вінаватая і крыху сумная, усмешка. Калі вусаты за ўвесь час толькі раз зірнуў на Трухана, дык гэты наадварот — вачэй з яго не спускаў.
«Вам сказалі прычыну выкліку сюды? Не? Ну вось, такія ў нас парадкі! А чалавеку перажывай…»
«Я здагадаўся, — сказаў Трухан, ківаючы на папку. — Злавілі тых рабаўнікоў?»
«Ээ… чаму адразу рабаўнікі? — усклікнуў Іван Паўлавіч. — Усё цэлым засталося ў сумцы вашага сябра… Зрэшты, зменім тэму. На добры лад, не тут, — абвёў ён вакол сябе рукою, — не ў такіх умовах павінна было б адбывацца нашае знаёмства. Ды калі ўжо такая нагода з гэтай сумкай... Усё адно трэба было выклікаць вас, каб папку вярнуць, дык заадно ўжо, думаю, і пазнаёмлюся з чалавекам… Калі вы не супраць, канечне!»
«Ну што вы, — паддаўся на абмен ветлівай гэтай саладжавасцю Трухан. — Я вельмі ўдзячны за ўвагу, за павестку…»
«Размова наша будзе максімальна кароткая. Яшчэ раз выбачайце, што не па сваёй волі вы тут. Не здзіўляйцеся, — ён яшчэ больш памякчэў голасам, давёўшы інтанацыю амаль да кампанейскай, — але і не па маёй таксама».
Далей пачало адбывацца ўвогуле штосьці неверагоднае.
«Не будзем мы весці ніякіх пратаколаў — к чорту афіцыёз. Не люблю, не прызнаю! Гэта ім там, — падняў угору ўказальны палец Іван Паўлавіч, —усё паперы падавай, канцылярыстам гэтым», — і Трухан у першы момант не зразумеў — нябесную канцылярыю ён мае на ўвазе, або сваю, зямную, што размешчана за які квартал адсюль. Калі апошняе, дык не проста смела з яго боку, а неяк… незвычайна, нават падазрона: хіба можна ім крытыкаваць начальства (хай сабе і ў «інтэрасах следства»), ды яшчэ пры сведку?!
«…Як дзеці малыя, яйБогу! Вечная падазронасць, усё ім мрояцца падкопы, загавары, дысідэнцтва… Прычым не столькі выкараняць усё гэта збіраюцца, колькі дзеля галачкі — паказаць, што і ў нас, як і ва ўсіх: свае незадаволеныя, свая апальная інтэлігенцыя», — не сунімаўся Іван Паўлавіч, казаў з нейкім вясёлым адчаем у голасе — маўляў, ведаю, хоць і ўляцець можа за гэта, але і маўчаць не магу: раз пайшла такая п’янка — рэж апошні агурок.
«…Хоць бы вас узяць. Збіраюцца маладыя, здольныя, задзірыстыя, пішуць сабе, выступаюць, агітуюць памаленьку… На здароўе! Дык што ты! Дзе ты бачыў!» — цяпер ужо да лёгкай горычы перайшоў Іван Паўлавіч, як бы палемізуючы, не згаджаючыся зараз з кімсьці — з тымі, хто яму, Івану Паўлавічу, гэты занятак прыдумаў, хто даручыў яму такую непапулярную місію; а так сам ён, Іван Паўлавіч, нібыта і ні пры чым, проста вымушаны цераз не хачу рабіць усё гэта для пустой справаздачы.