Выбрать главу

«…Кантроль ім трэба, адбор, селекцыя, назіранне ў дынаміцы… Не паспее праклюнуцца здольнасць у чалавеку, яшчэ невядома, што з яго атрымаецца, — а ўжо бягом апекаваць, бы тыя сем нянек: хаця каб правільнай дарогай пайшоў, каб не дай Бог шляху пакручастага, калдыбаністага, дэсідэнцка­выгнанніцкага не выбраў!..»

Трухан ужо надзею страціў зразумець хоць што­кольвечы. Так заблытаў, задурыў галаву гэты Паўлавіч. І чаго, з якой такой радасці на творчасць перакінуўся?.. І ўсё гэта з нязменнай іроніяй, нібы нечыя чужыя словы вымушаны паўтараць, а сам ён — усё разумее, свой у дошку, на баку менавіта дэсідэнтаў і толькі іхні шлях і прызнае як адзіна правільны.

Нейкія смутныя здгадкі ўспыхвалі, канечне. Што нездарма ўсё гэта, даверлівасць гэтая залішняя, развагі гэтыя салодкія — пра патэнцыяльныя здольнасці, пра апякунства… Трухан перавёў вочы на шэрую папку. І нават машынальна пальцам пакратаў шнуркі­завязкі на ёй. Адразу ж на яго рух пасур’ёзнеў і Іван Паўлавіч.

«Мы прачыталі, — проста сказаў ён. — Вы не супраць? Хаця што гэта я: перш уваходжу, а тады дазволу пытаю…»

Шчокам Трухана раптам зрабілася горача, а спіне — холадна. У скронях застукала: чыталі… у множным ліку… вось вынік… ацанілі!..

«І што скажаце?» — нечакана для сябе хутка выпаліў ён.

«Скажам, што паказальны сам факт — гутарка нашая адбываецца. Раз на вас звярнулі ўвагу…», — тут Іван Паўлавіч перайшоў да самага цікавага, менавіта — разгарнуў папку. Знаёмыя старонкі замільгалі перад вачыма…

«Я тут пазнакі рабіў… Алоўкам, лёгка сцерці… Калі вы не супраць… Вось, і яшчэ, і вось…»

І Іван Паўлавіч, спяшаючыся, шукаючы патрэбныя месцы, пачаў перакідваць­перагортваць старонкі то туды, то сюды. Аднак Трухан паспяваў сёе­тое заўважыць. «Маразм бальшавіцкі» падкрэслена было хвалістай лініяй… Ленін, Сталін…

«Параўнанне Леніна з ідалам, — не вучыў, а ціха, па­сяброўску раіў Іван Паўлавіч, — наўрад ці пажаданае: усё ж правадыр. Рызыкоўна нават для нашага часу, тым больш для нашай беларускай сціплай літаратуры, якой у прынцыпе чужое палітыканства… Вы заўважылі (згадваючы пасля, Трухан прыпомніць, што ні разу за ўсю гутарку Іван Паўлавіч не назваў яго ні па імені, ні па прозвішчы) — дзіўная рэч: што для вялікай, развітай літаратуры дапушчальна, натуральна — скажу больш, у пэўнай ступені нават другасна, тое для літаратур малых народаў — адкрыццё, знаходка, крамола, анты­ і контра! Праўда, я магу памыляцца, бо не настолькі абазнаны ў прыгожым пісьменстве… Не хачу быць ханжою… Сам пісаць не магу — не даў Бог таленту, затое цешу сябе надзеяй, што ў літаратуры разбіраюся не горш, калі не лепш…», — казаў Іван Паўлавіч, і гучала гэта як «сам плаваць не ўмею, затое на сухім беразе навучу любога».

«…Дык вось — хацелася б пачытаць усё, калі вы не супраць зноў­такі… Цікава: як ваш герой, наш сучаснік, будзе паводзіцца там… далёка… Гэта ж цэлую гісторыю навярнуць можна!» — вочы ў Івана Паўлавіча раптам ажывіліся і заблішчэлі. У іх з’явіўся імпэт чалавека, якому, бадай, упершыню ў жыцці прыадчынілася наглуха да гэтага задрапіраваная заслона, за якой — патаемная, такая зваблівая магчымасць тварыць самому, хай нават і су­тварыць.

Зрэшты, хуценька ён астыў, і спытаўся:

«Ці можа, тут усё прасцей? І вы такім ходам — пераносам у часе, сацыяльнай, так бы мовіць, фантастыкай спрабуеце элементарна зацікавіць чытача?»

«Хутчэй яго зацікавіш парнаграфіяй», — адказаў з усмешкаю Трухан. Аднак Іван Паўлавіч гумару не зразумеў — ён жа не мог ведаць пра эпізод з вусатым.

7

«Бог з ёй, з папкаю, — сказаў Іван Паўлавіч, папку закрыў, аборачкі акуратна, як шнуркі на чаравіках, завязаў і паклаў на папку далонь, тым паказваючы, што з першай часткай пакончана. — Давайце так дамовімся: калі вам непрыемна будзе, нетактоўнымі пададуцца пытанні — без усялякіх кітайскіх цырымоній абрывайце, і… скончым на гэтым!»

Трухан, які быў размяк ад літаратурнага экскурсу, ізноў падцягнуўся.

«Мы ведаем, што жывяце вы няпроста — мякка кажучы… Праблемы і з вучобаю, і са здароўем, і ў матэрыяльным плане… На сельсаветаўскую стыпендыю дужа не разгуляешся», — Іван Паўлавіч змоўк у чаканні Труханавай рэакцыі.

Аднак вокліча тыпу «ах, вы і гэта ведаеце!» не дачакаўся. Ніяк не адрэагаваў на гэта Трухан. Не здзіўленне, а хутчэй абыякавасць была на яго твары. Падумаеш, заслуга: паднялі дакументы ў дэканаце, з накіраваннем ад калгаса і з даведкаю, што сельсавет абавязуецца штомесяц высылаць стыпендыю. Пра здароўе прагучала? — тут яшчэ прасцей, цэлы год Трухан быў у «акадэмічным» па хваробе, у той жа асабістай справе ўсе неабходныя паперы, а калі больш падрабязна даведацца захацелася — калі ласка, у паліклініцы медкартка, дзе ўсё, што хочаш — ад рэнтгентаўскіх здымкаў да аналізаў мачы, якія тут «урачэбныя тайны».