Выбрать главу

— Вы чыталі запіс? — спытаў ён.

— Ну і што? Я і так усё ведаў, — старшыня зноў падміргнуў яму. — Мне наш Лізун, — кінуў ён на катух, — яшчэ на тым тыдні казаў, што Васкевічавага хлопца, з Сасноўкі, выгналі за гэтае дзела (ён паказаў, як куляюць чарку)... Ды ты не перажывай! Праз год назад прымуць.

— Я не перажываю, проста...

— У нас, калі я вучыўся, таксама хлопцаў выганялі, потым зноў прымалі. Ты колькі правучыўся? Два гады? Плюс падрыхтоўчыя курсы год, так? — тры. А цяпер падлічы, колькі на цябе грошай убухалі. Каму будзе выгадна, каб ты не давучыўся? Дзяржава не такая дурная...

— Мяне выгналі ні за якае не за «гэтае дзела», — цвёрда сказаў Васкевіч, трохі любуючыся сабою ў гэты момант, — а за нацыяналізм.

Лобан зірнуў на яго — ён так і стаяў перад Васкевічам, чуць сагнуўшыся, пакурваў — і так зарагатаў, што аж у пустой прыёмнай у прыадчыненыя дзверы адбілася.

— Хто ж цяпер за гэтае выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару — і што? І паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога — перажывуць! — і такая ўпэўненасць была ў яго словах, такі, знаёмы ўжо Васкевічу, імпэт правінцыйнага падзвіжніка — змагара «за ідэю», што Антон нічога не захацеў расказваць, падумаў толькі: «Што ж, раз не верыш, тым горш можа бьщь для цябе ж».

— Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе — гэта свой чалавек! — Лобан прытушыў недакурак, зірнуў на гадзіннік. — Карацей, ты згодзен. Давай, па-быстраму прапісвайся, зараз, у дзесяць, будзе аўтобус на горад — тым больш усе дакументы пры табе, — паедзеш у цэнтральную раённую бібліятэку...

— Пачакайце, ды я паняцця не маю, што і як! Вам жа пасля сорамна будзе...

— Не трэба тут вялікай навукі. Тут да цябе такія працавалі, што фармуляра не маглі запоўніць. Значыць, раённую бібліятэку ведаеш?

Васкевіч не ведаў. Старшыня, радуючыся, што хоць нейкае выйсце знаходзіць яго бурлівая энергія, схапіў са стала лісток, падрабязна накрэсліў, як знайсці, дзе перайсці вуліцу, стрэлкамі паказаў, як заходзіць у будынак бібліятэкі, куды павярнуць на калідоры, дзе кабінет дырэктаркі, якую завуць Валянціна Мікалаеўна... Там Васкевічу трэба будзе сказаць, што ён ад Лобана, напісаць заяву, і там яму ўсё раскажуць і пакажуць.

Ужо збіраючыся выходзіць, Васкевіч успомніў і спытаў, прыцішыўшы голас:

— Што за імя па-беларуску на О?

— А, Осіпавіч? Дык у яго так і ў метрыках, і ў пашпарце запісана. Потым, ён нам са слоўнікам даказаў, што імёны і прозвішчы не паводле правілаў пішуцца, а так, як вымаўляюцца. Хітры, разумны дзядзька! Сказаў, не збіраюся быць ні Восіпавічам, ні Ёсіпавічам, ні Язэпавічам...

«А сапраўды, — падумаў здзіўлены Васкевіч, якому хацелася казырнуць перад Лобанам сваёй назіральнасцю і заадно злавіць несімпатычнага яму сакратара на непісьменнасці. — Не пішам жа Ёфэ, або Іёныч, хоць па правілах павінны былі б...»

Не паспеў Васкевіч, прапісаўшыся, выйсці з сельсавета, як у кабінет старшыні ціха ўсунуўся сакратар, стаў у парозе, з дакорам ківаючы сівай галавою:

— Не баіцеся вы, Васільевіч... Як можна яго браць?

— А што? Ён разумны хлопец, — старшыня яўна цешыўся сваёй уладай, маладосцю, жвавасцю. — Чаго баяцца? Што кніжкі прап'е?

— Хоць бы і так. Фонд там багаты, харошы...

— А вы хіба не п'яце, Осіпавіч? — спытаў старшыня, добра ведаючы, які будзе адказ. — Калі-нікалі?

Лізун уздыхнуў і паварушыў пальцамі адзінай рукі, бьщцам адкідваў костачкі на лічыльніках.

— Дзевяць гадоў, тры месяцы і дзевятнаццаць дзён ні кроплі, — адказаў ён.

— А хочацца? — дапытваўся старшыня, ужо ў адкрытую смеючыся.

Сакратар толькі прыцмокнуў і, як і належыць старому безадказнаму служаку (ён быў на пенсіі і баяўся скарачэння), таксама ўсміхнуўся на начальніцкі смех; а сам, відаць, падумаў: «Я ж цябе, смаркача, без штаноў помню — помню, як ты яблычкі ў мяне латашыў... Радуйся, што мінуў тады маёй рукі!..»

Менш чым праз паўгадзіны Васкевіч ужо выходзіў з аўтобуса ў цэнтры горада. З такім планам, які ляжаў у яго ў кішэні, бібліятэку можна было знайсці з заплюшчанымі вачыма, таму ён не дужа спяшаўся: купіў марожанага, у кіёску на плошчы папытаў «Маладосць», апошні «ЛіМ», потым памалу пайшоў уверх, у горад, вузкай крывой вулічкай. Яшчэ перад горадам сонца схавалася; цяпер ззаду, з Прыпяці, налятаў халодны снегавы вецер, задзіраў старчака капюшон, гнаў паперадзе шматкі папер, смецце і ўжо забіваў трэшчыны тратуара ледзь прыкметнай драбнюткай белай сечкаю. Холадна было і ад з'едзенага марожанага, і ад гэтага ветру. Васкевіч ішоў і пазіраў па баках: пасля жывога, «сапраўднага» Мінска і ціхай вёскі, якія былі натуральнымі — як два полюсы, — гэты раённы горад, некалі галоўны цэнтр усяго Палесся, цяпер проста ўражваў яго сваім брудам, нейкай неўладкаванасцю, мноствам грузавых аўтамабіляў, якія, равучы, пыхкаючы чорным дымам, паўзлі і паўзлі адзін за адным па вузкай вулічцы; сваімі нізенькімі чэзлымі дрэўцамі паўз тратуары, шэрымі і жоўтымі сценамі «хрушчовак», сярод якіх ці не на кожны квартал абавязкова тырчыць у неба вялізная труба і копціць неба дзень і ноч... А людзі!.. Шэрыя, як гэтыя сцены, твары, бязрадасныя, нейкі застарэлы ўвесьчасны клопат у вачах, або проста страх, або падазронасць — быццам нейкі злы знахар накінуў на цэлы горад чары, і людзі развучыліся весяліцца, смяяцца... Бедна, непрыгожа, безгустоўна адзетыя — як старыя, так і маладыя... Яшчэ даволі рана, а ўжо на кожным кроку сустрэнеш п'янага; вунь, каля гастранома, цэлы гурт — стаяць, п'юць піва з паўлітровых слоікаў, моўчкі, уважліва аглядаюць тых, хто заходзіць у магазін і выходзіць, некаторых падзываюць да сябе... Побач аблезлая бабка корпаецца ў сметніцы, стала на коленцы, запусціла па локаць руку... «Ды тут большая глуш, чым любы хутар!» — успомніў Васкевіч братавы словы.