Выбрать главу

«З аперацыяй… вы маеце на ўвазе?»

Іван Паўлавіч шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на яго. Затым нечакана рэзкім голасам прамовіў, амаль выкрыкнуў:

«Усё! Пазней! Не тут, не цяпер… Калі­небудзь… Дзякую, спадзяюся на працяг — і твора, і нашага сяброўства». — Ён падыйшоў да дзвярэй, гукнуў вусатага, які зараз жа ўвайшоў. Трухан узяў сваю папку і падняўся.

«Павестку давай, — сказаў вусаты. — І распішыся вось тут. Што папку вярнулі і да нас прэтэнзій няма».

Апынуўшыся на вуліцы, Трухан першай справаю разарваў на дробныя шматкі, і па ветры пусціў, позву — чым такі апраўдальны дакумант, дык лепш прагул. Затым марудна пайшоў заснежаным тратуарам, удыхаючы водар маладога снегу, аўтамабільны дым і смурод уласнай цыгарэты… Такі ж кангламерат — каша з самых розных, палярных пачуццяў — быў у яго цяпер і ў галаве. Што? Чаму? Прачыталі… працяг… дапамога ці трэба? Ніякай магчымасці не было разабрацца. Ды і Бог з ім! Утрамбуецца з часам, высветліцца, растлумачыцца. Галоўнае — прачыталі, пахвалілі, прафілактыку — каб на няправільны шлях не збіўся — правялі… Дэбют, першае прызнанне! І няма ж у іх больш важных спраў, як у маёй біяграфіі, у маіх праблемах калупацца. Цэлы спектакль разыгрываць… Няўжо дзеля гэтых двух няшчасных аркушаў? Ці тут прасцей: трэба ім галачка, на ўлік кагосьці з ненадзейных дысідэнтаў маладых паставіць — вось выпадкова на яго і выпала гэтая латарэя. Хаця, па вялікім рахунку, любая выпадковасць — вынік заканамернасці. Каб не пайшоў ён тады на Фрунзэ, 5, каб не пазнаёміўся з Ведрычам, каб той не зацікавіўся рукапісам, каб не гэтае дзіўнае «абрабаванне» Ведрыча…

Якое глупства!

Ды на яго месцы іншы дэбютант­пачатковец не ведаў бы, куды падзецца ад радасці! Проста купаўся б у гэтых першых, хай сабе і нясмелых, промнях такой арыгінальнай папулярнасці! А што, калі… не спектакль гэта? А праўда? І памогуць яму нават надрукавацца… І на іншыя мовы перакладуць… І ці не ёсць гэты эпізод усяго толькі пачаткам — чагосьці вялікага, значнага, што крута пераменіць яго лёс, яго будучыню…

Панеслі, паперлі, закружылі фантазіі чалавека!.. Да таго, што нават перакусіць забыўся зайсці ў сталоўку. Апамятаўся толькі ў пакоі. Нічога страшнага. Пазней сходзіць. Усё адно дзень прагулены. А пакуль можна і гарбаткаю з чорным хлебам перабіцца. Замест вустрыцаў з шампанскім, якімі — на добры лад — відаць, і адзначаюцца ўдалыя дэбюты.

Ціха — усе на занятках. І на кухні ціха, пакуль рабіў гарбату, і ў пакоі. Любата! Нязвыкласць! Ён прысеў за стол і, дзьмухаючы на гарбату, скасіўшы вочы, прагна пачаў перачытваць адна за адной старонкі, нібы ўпершыню бачыў іх. Уласны тэкст раптам вырас, падняўся, як на дражджах; радкі зрабіліся не лінейныя, а аб’ёмныя, ўжо можна было разглядаць іх не толькі зверху, а і з бакоў, і нават знізу.

Ён чытаў то марудна, то ліхаманкава хутка, стараючыся падлавіць рытм Івана Паўлавіча і тых, іншых, невядомых. Падоўгу спыняўся на падкрэсленых словах... Як ён сказаў? «Абавязкова спадзяюся на працяг»? Гм — абавязкова… А працяг — вось ён. Вось яны, сшытачкі школьныя… Едзе конік, вязе ў невядомасць Трухановіча... Воз, як човен на вадзе, калываецца… Маладзіца побач… Дзядзька, які называе яго сваім сынам… Куды яны прыедуць? Што іх наперадзе чакае?..

Частка трэцяя

1

«…Конь спакойна бег па сухой дарозе. Аднастайна, як човен на вадзе, калываўся воз. Сонца то свяціла, то закрывалася белымі воблакамі. Час ад часу набягаў восеньскі ветрык», — запісваў у памяці Трухановіч, пакуль не надакучыла гэта.

Ён разваліўся ўпоперак воза, ногі закінуў на драбіну, ад чаго яны апынуліся вышэй галавы — і так лёгка стала ў гэтай позе і спіне, і галаве, і шыі. Млявасць ад самагонкі, ад цеплыні лагоднага дня, ад грыбных пахаў — бо дарога скрозь вяла праз лес, ціхі ход воза, аднастайны тупат капытаў, сонным голасам дзядзькава панокванне…

Пазней Трухановіча доўга брала дзіва: як умудрыўся прадрамаць, прапусціць, нічога амаль не вынесці з такога шляху? Тым больш гэта быў шлях дамоў, на сваю мінулую малую радзіму! Яшчэ ў шпіталі, ведаючы, што прыедуць і забяруць яго, — як жа чакаў ён гэтага дня! Яму здавалася, цікавей за такую вандроўку нічога не можа быць, ніякія кругасветныя падарожжы з ёю не параўнаюцца. І што ён вачэй не самкне, скураю, сэрцам убярэ ў сябе і гэтае неба, і лес, і стракатанне конікаў малых, і памахванне хвастом каня вялікага, і дзядзьку з пугаю, і…