І вось яно, сутыкненне з рэальнасцю. У якой так будзённа ўсё, так гола. Не — можна, канечне, перамагчы сябе, прымусіць сілаю пазіраць навокал. І што? Ну, дзесяць, пятнаццаць хвілін выцерпіш… Уверсе ўсё тое ж неба, тое самае сонца, якое то блісне зырка, то схаваецца, па баках — той жа лес… Дрэвы — дэкарацыямі на тэатральным коле, нібыта не новыя ўвесь час мясціны яны прамінаюць, а тыя самыя бярозы ды сосны, счакаўшы, пакуль схаваецца воз, прыгнуўшыся, перабягаюць наперад і неўзабаве зноў сустракаюць іх.
Толькі за Мозырам, калі дарога з сухой пачала рабіцца чорнай, бы мазут, і стала спускацца ўсё ніжэй, і пайшоў замест хвойніка лес змешаны, больш ліставы, калі конік страпянуўся і, чуючы блізкую дамоўку, дадаў ходу, Трухановіч драмаць перастаў.
Ну, вітанне, роднае балота… А пахі! Як павастрэлі! — густыя пахі алешніку, арэшніку, лазняку, крушыны, ажынніку… Паявіліся і зазвінелі камары. Трухановіч узрадваўся гэтаму звону, да таго расчуліўся, што падставіў далонь камару, даў яму добра напіцца, і калі той, падрыгваючы ў экстазе жывоцікам, паступова ператварыўся ў чырвоную ягадзіну, прыдушыў пальцам, і камар лопнуў, пырснуў крывёю — і так жыва нагадала гэтая кроў на пальцы ваенны шпіталь, і мінскія паліклінікі, і ўсе гэтыя аналізы, якія так прымітыўна, брыдка робяцца, якіх ён маладушна баяўся і цярпець не мог і ў тым жыцці, і ў гэтым!
Каб перабіць думкі, ён захацеў спытаць у дзюбаючага носам «бацькі», ці далёка яшчэ.
—Да… (Даў пеўня голас.) Хутка прыедзем?
— Як кажаш? — ачнуўшыся, няўцямна перапытаў «бацька». Пазірнуў на Трухана і адвёў вочы. Відаць, спадзяваўся ўсё ж, што гэтае бяспамяцтва ў «сына» толькі ў шпіталі будзе, у чатырох сценах, у чужым месцы, а тут, убачыўшы ўсё сваё, роднае — успомніць, акрыяе. — Блізка, — адказаў з уздыхам.
— Можна спыніцца?
«Бацька» тпрукнуў. Трухановіч нязграбна злез з воза і, калі той крануўся, пакульгікаў побач, здаровай рукой трымаючыся за драбіну. У задку на сене, скручаная абаранкам, накрытая з галавой хусткаю, спала Наста. Скрып воза, сонца праз галіны і лісты вольхаў, дарога, што пахла балотам, жабамі і ўюнамі… Так усё гэта было блізка, пасвойску — палюдску, як яго новы «бацька» кажа.
Трухановічу здалося, што і праўда пачынае ён нешта пазнаваць: хоць бы тую вунь пахіленую крывую прыдарожную вольху, са счасаным коламі камлём. Але не — не зрокавага, не канкрэтнага плану была пазнавальнасць, а нейкая агульнаабстрактная, у далёкім дзіцячым сне сто гадоў назад убачаная, ці, хутчэй, у сотнях кніг вычытаная. Падалося яму, што вось нібыта вяртаюцца яны, сям'я, з гораду, куды ездзілі ў нядзельку на кірмаш, прадалі, што хацелі, купілі ўсё патрэбнае — словам, удалая атрымалася паездка; паабедалі, едуць назад, стары бацька кіруе канём, ён, сын, ідзе збоку, каб даць каню палёгку, жонка ягоная спіць соладка, бо ўстала рана, змарылася… І так усё добра у іх, так згодна, ладна. Наперадзе вечар — няспешны, з кармленнем скаціны, з сядзеннем потым на лаўцы, калі чуецца дзе кляпанне касы, дзе цырканне малака аб даёнку… Пад гэтыя гукі, пад дымкі самакрутак — мужчынская бяседа аб тым, аб сім; галоўнае, з непарушнай упэўненасцю, што хутка настане ноч, а заўтра абавязкова будзе раніца, і аніякай справы ім няма не тое што да таго, што дзесьці ў вялікім свеце робіцца, а нават у суседняй вёсцы… У іх сваё натуральнае замкнёнае кола: сям'я, праца, якая адначасова і адпачынак, прырода, якую нельга змяніць, якая вечная, як вечная гэтая зямля пад нагамі...
З нецярпеннем Трухановіч чакаў, калі ж нарэшце пакажацца вёска. Чагочаго, а вёску, вуліцу ён жа не зможа не пазнаць. Патаемна ён нават спадзяваўся ўбачыць сваю хату, на тым жа месцы, такую ж самую…
Але ніякай вуліцы ён не ўбачыў. Да яе проста не даехалі. Конь звярнуў да першага на ўездзе хутара. Сярод алешніку адкрыўся невялікі выган. За ім, абнесенае плотам, тулілася селішча — хата, нават дзве, здаецца, хаты, хлеў… У Трухановіча сціснулася сэрца. Усё было незнаёмае, чужое. Але вось з наступным крокам ён заўважыў па той бок выгана характэрныя зараснікі лазы, якія толькі каля вады бываюць. Так і ёсць — яшчэ праз пару крокаў і сама сіняя палоска роднай стыхіі між кустоўя паказалася… Рэчка! Адпусціла крыху ад душы. Калі ёсць вада — усё не так і кепска!..
Не паспеў воз уехаць на выган, як іх пачулі ужо. Два сабакі недзе ў двары заліваліся: адзін густа і злосна, другі — тонка і радасна... Куры сакаталі. Карова падала голас, падсвінак падключыўся… З часам кармлення скаціны іхні прыезд супаў, ці гэта замест духавога аркестра?.. З двара выбегла і застыла каля варот жанчына, тулячы да грудзей рукі; следам — дзяцюк (і праўда, падобны крыху на Трухановіча, толькі што без барады, ды ростам ніжэйшы, але такое часта бывае, што меншыя перарастаюць старэйшых). Дзяцюк адразу ўхапіўся адсоўваць цяжкія вароты.