Нэлі павяла сяброў знаёміцца з бацькамі і з гасцямі. Тым больш усе знаходзіліся пакуль у адным месцы, на кухні.
З «чужых» былі толькі Нэліна цётка з дачушкаю гадоў трох і яшчэ адзін нейкі далёкі сваяк, па імені Ілья Ільіч. Ён гуляў цяпер з Нэліным бацькам, Альбертам Казіміравічам, у шахматы. На століку замест гадзіннікаў стаяў каля кожнага фужэр з віном, побач былі попелка і цыгарэты. Цётка — тыповая караткевічаўская гераіня, такога шляхетнага выгляду, у чорнай з зіхоткамі сукні, сядзела, паклаўшы нага на нагу, на канапе і сустракала новых людзей цікаўнай усмешкаю. Беленькая, як пудзялёк завітая, дзяўчынка стаяла побач, прысланіўшыся да матчынай нагі, і глядзела на чужых дзядзькаў ззяючымі нецярпеннем вочкамі.
Ведрыч як толькі ўбачыў яе, так, нікога больш не заўважаючы, прысеў на карачкі, працягнуў рукіаглоблі:
«Ой, а гэта хто? А што гэта за коцік? Ну, хадзі да дзядзькі».
Малая зараз жа адляпілася ад матчынай нагі і ахвотна падбегла да яго.
«Як цябе завуць?»
«Ясенія», — адказала за яе маці з некаторай насцярогаю. Але, пабачыўшы, як пяшчотна, умела падняў Ведрыч яе дачку на рукі, як даверліва туліцца да яго сама малая, супакоілася.
Ведрыч з дзяўчынкаю на руках пайшлі блукаць па кватэры, а на кухні з’явілася, на хаду развязваючы фартух, яшчэ жанчына.
«Знаёмцеся — мая маці», — сказала Нэлі. Каб не сказала яна гэтага, можна было б падумаць, што гэта яе крыху старэйшая сястра зайшла, да таго падобныя яны былі: і тварамі, і кароткімі хлапечымі прычоскамі, і манерамі — гэта калі маці, знаёмячыся:
«Таіса Іванаўна», — працягнула далонь лодачкай, так, як Нэлі любіць рабіць.
Падняліся зза століка, сваёй чаргі чакаючы, Альберт Казіміравіч і Ілья Ільіч.
«Илья… можно без отчества».
«Альберт Казіміравіч».
«Альберт… Алесь, я хацеў сказаць», — заблытаўся з уласным іменем Церашкоў. Так як Ведрыча да дзяцей, так яго да шахмат, бы магнітам, пацягнула. То паціраючы нос, то пашчыкваючы сябе за вуха, ён углядаўся ў пазіцыю на дошцы.
«Таксама Алесь», — сказаў Трухан.
Пачуўшы гэта, Ілья Ільіч раптам так расхваляваўся, што аж запыхцеў.
«А почему… побелорусски?! Или вы шутите?»
«А то ты не ведаў, што Нэлі, і сябры яе, беларусы? — сказаў Альберт Казіміравіч. — Правільна робіце, хлопцы. Я хоць сам і паляк напалавіну, але паважаю, падтрымліваю!»
«Паляк напалавіну… Паляк напалавіну, — мармытаў Церашкоў, які ўжо машынальна ўсеўся на Ільіное месца, і фігуры паправіў, і ход зрабіў. — А гэта што?» — паказаў ён на корак зпад віна на дошцы.
«Замест каня, — Альберт Казіміравіч таксама прысеў і ўставіўся ў дошку, закрыў рукамі вушы. — Каня Соня пагрызла… А калі мы так?»
«Так?! Трэба падумаць… Гм… Сабака пагрыз каня…»
Ілья Ільіч нават не заўважыў, што месца яго занялі так бесцырымонна і за яго партыю збіраюцца дагульваць.
«Нет, вы объясните!» — прычапіўся ён да Трухана. Той паціснуў плячыма і спытаў у гаспадыні:
«Можна закурыць?»
«Канечне, курыце. Так, жанчыны, — распарадзілася яна, — не ўсё ж гатова яшчэ», — і жанчыны пайшлі з кухні, а Нэлі, выходзячы, азірнулася і падміргнула Трухану — трымайся, маўляў. Ілья тым часам хапаў яго за рукаво і не даваў прыкурыць.
«Я понимаю — Нэли иногда может словечко ввернуть… Но она же стихи пишет! А вы? У вас, я смотрю, серьёзно это! Так объясните мне!»
«Не ведаю я», — Трухан папраўдзе разгубіўся, не ведаючы, як паводзіцца ў падобных ідыёцкіх сітуацыях, калі пачынаюцца ўсё гэтыя дэбаты тыпу: чаму беларус у Беларусі гаворыць пабеларуску? Вось паспрабуй адкажы на такое. Ды яшчэ і гэты Ілья яўна быў з тых настырных назолаў, якому калі ўжо чаго заманецца, дык не злезе з цябе. І памагчы не было каму.
«На так — шах, — гаварыў Церашкоў, — а калі так — ферзь пад боем…»
«Объясните!..»
Тут вярнуліся Ведрыч з малою. Ведрыч паднёс дзяўчынку да Трухана:
«Паглядзі, Ясечка, які дзядзька! А ўрэдныўрэдны! А хітры — не глядзі, што такі таўкач… А зараз вып’е — пабачыш, што будзе!»
Малая спадылба зіркала на Трухана, а той хаваў руку з цыгарэтаю за спіну, а другой адмахваў дым.
«Ничего не понял, — зусім ашалелы Ілья Ільіч зняў акуляры, выпусціў зпад рэменя крысо белай кашулі і працёр шкельцы. Потым азірнуўся разгублена. — Вы что… все?!»
«Бяжы адсюль, дзіцятка, дымна тут… Бяжы да мамы, — Ведрыч правёў малую да дзвярэй і вярнуўся. Яму не трэба было тлумачыць, аб чым спрэчка, ён на такіх дэбатах сабаку з’еў (як тая Соня шахматнага каня). — Дзядзька, хто ты па прафесіі?»