Выбрать главу

Аднапавярховы, прадаўгаваты, з драўляным ганкам і зялёнымі аблупленымі парэнчамі будыначак раённай бібліятэкі стаяў у дварах, сярод дрэў, і ўлетку вельмі проста можна было прайсці побач і не заўважыць яго. Васкевіч, які спярша, пасля размовы са старшынёю, быў акрыяў, ужо едучы ў аўтобусе абдумаўся і, замест адчування хоць невялікай, але ўдачы, на яго зноў найшла ўжо звыклая апошнім часам падазронасць — цяпер і да гэтага Лобана, і да яго прапаноў. Што за свінню яму збіраюцца падкласці, Васкевіч, як ні фантазіраваў, прыдумаць не змог, але цвёрда ўпэўніў сябе, што нічога людскага з гэтага ўладкавання не выйдзе. Хай, тым больш, губляць няма чаго — паспрабуе... Таму ён без лішніх абдумак таўхануў дзверы, на хаду буркнуў «добрага дня» жаночай галаве ў праёме гардэроба і пайшоў, адным вокам пазіраючы ў свой план, другім — на дзверы з надпісамі «Абанемент», «Чытальная зала», «Ж», «Даведачны аддзел», — у самы канец калідора.

Дырэктарка — Валянціна Мікалаеўна — была на месцы. Калі Васкевіч уторкнуўся ў кабінет, яна сядзела за сталом, курыла і задуменна глядзела ў акно. На стале, апроч тэлефона і звычайных для такіх устаноў папер, адразу кідаўся ў вочы вялікі бліскучы электрасамавар, які важна шумеў і ўжо ваўсю струменіўся параю. Відаць, за гэтым шумам і не пачуўся лёгкі стук у дзверы. Васкевіч кашлянуў, Валянціна Мікалаеўна азірнулася, войкнула і раптам неяк паспешліва і няўмела схавала руку з цыгарэтай пад стол, другой рукой пачала ляпаць вакол сябе па стале, знайшла, уздзела на кірпаты носік акуляры ў чырвонай аправе, глянула:

— Фу, напужалі! — і засмяялася харошым грудным смехам маладой жанчыны. Ужо смела зацягнулася яшчэ раз, пстрыкнула недакуркам у расчыненую фортку, вышмаргнула з разеткі шнур, і самавар сціх. — Я крадком пакурваю, — патлумачыла яна і, яшчэ панізіўшы голас, прыклаўшы да поўненькіх, чуць падфарбаваных вуснаў палец, дадала: — Шпіёнаў многа!

Васкевіч, як агаломщаны, стаяў і круціў у руках шапку. Нічога такога ён не чакаў. Гэты кабінецік — вузенькі, утульны, з дываном на ўсю падлогу, з карцінамі, габеленамі на адной сцяне, з секцыяй-шафай уздоўж усёй другои, і ў секцыі — нейкія вымпелы, тэлевізар-кубік, і, здаецца, музычны цэнтр, і прыгожы посуд, і яшчэ розная драбяза, якую не ўхопіш вокам... Гэтая маладая, сімпатычная, зусім не падобная на дырэктарку жанчына, якая так даверліва ні з таго ні з сяго дзеліцца з ім, чалавекам з вуліцы, нейкімі сваімі сакрэтамі... Трэба было абвыкнуцца хоць трохі. Урэшце ён, зіркаючы з-пад ілба, пачаў мямліць пра старшыню Лобана, Двароўскую бібліятэку...

Валянціна Мікалаеўна выслухала і засмяялася.

— Гэты Лобан сам насабачыўся па-беларускі, ды яшчэ такіх, як сам, шукае! — сказала яна, як бы трошкі з зайздрасцю да таго Лобана. — Што ж, добра, распранайцеся, сядайце, пішыце заяву. Вось папера, ручка... Вам кавы зрабіць, пакуль самавар гарачы? — спытала і зараз жа лёгка паднялася — паўнаватая, фігурыстая, у зялёнай бліскучай сукенцы, белагаловая, прайшла, мякка тупаючы ў дыван абцасамі белых, пад колер валасоў, туфелек, дастала з секцыі бляшанку кавы, сподкі, кубачкі. — Тут якраз перад вамі прыходзіла адна, фіфа нейкая намазаная, таксама прасілася ў Двароўку... З малым дзіцям. Я сказала, што падумаю, а сама думаю — трэба ты мне з дзіцям! Будзеш сядзець месяцамі на бальнічным, а там зноў у дэкрэт пойдзеш.

Зацурчэў кіпень з самавара, запахла каваю. Васкевіч, распрануўшыся, прымасціўся за стол. Валянціна Мікалаеўна падсунула яму кубак, прапанавала курыць, калі курыць, і жартоўным голасам, нібы даючы зразумець, што яна давярае, але вымушана пацікавіцца гэтым па службовай патрэбе, спытала, што ён за чалавек і адкуль узяўся.