Выбрать главу

«Буду…»

«Глядзі. Калі што, я цябе адкачваць не збіраюся. Ды вы ж не наядайцеся многа, — гучна папярэдзіў сваіх, — гарачае яшчэ будзе!»

Выпілі, закусілі, папрыцерліся адзін да аднаго, як яно заўсёды за сталом бывае... Поўным ходам пайшло святкаванне. Бразгат відэльцаў, нажоў, звон чарак, тэлевізар, які трэба было перакрыкваць… Добра, хутка Нэлі выключыла яго. На стале ўсяго хапала. Ведрыч налягаў на адбіўную з бульбай і з зялёным гарошкам. Імянінніца жавала бутэрброд з маслам і чырвонай ікрою. Церашкоў аддаваў перавагу салёным грыбам і марынаваным памідорчыкам… Як толькі на ім спыняліся вочы, так Трухану ўяўлялася ягоная жонка з сынам: што яны цяпер робяць у інтэрнаце? Ілья Ільіч калупаўся відэльцам у гуляшы, увогуле еў і піў мала і неахвотна — відаць, у думках усё яшчэ знаходзіўся там, на кухні, сярод няскончанай мовазнаўчай дыскусіі…

Ведрыч, як бы ў кампенсацыю за сарваны тост, артыстычна і без ламаніны прачытаў дзяжурны свой для такіх выпадкаў верш, той самы, дзе:

Паэт сказаў: п’ем за Айчыну! І кожны выпіў — за сябе…

Усім так спадабалася! Прыцішэлы юрыст прамовіў:

«В поэзии — да, возможно… Какие­то скрытые рэзервы есть…»

«А вы, — звярнуўся раздабрэлы ад выпіўкі і закускі Альберт Казіміравіч да Трухана, — таксама пішаце?»

«Піша, яшчэ і як, — адказаў за яго Ведрыч. — Сны запісвае. Пачытай што­небудзь, пасмяшы нас! Добра, добра, не чапаю… Ён у нас сарамлівы. Яшчэ ў вобмарак грымнецца. Ну, хоць пару слоў скажы — ты ж у гасцях!»

Змоўклі ўсе. Страшна пачырванеўшы, Трухан падняўся.

«Нэлі, — сказаў ён. — Калі я заходжу ў аўдыторыю… Не, лепш не так. Чамусьці заўсёды ведаеш, што ты ёсць, прысутнічаеш у аўдыторыі, нават калі не бачыш цябе — як сонца, якое мы бачым, нават не пазіраючы на яго. Такой жа прыгожай, светлай і патрэбнай людзям, як сонца, жадаю табе заўсёды заставацца. Усё».

І яго словы, як і Ведрычаў верш, спадабаліся гэтым добрым, з размяклымі ад алкаголю душамі, людзям.

Трухану нават папляскалі.

«Гэтыя маладыя празаікі панавучваліся гаварыць, як старыя дзяды! — пракаменціраваў Ведрыч. — Трухан у нас вораг усялякіх умоўнасцей, гаворыць толькі тое, што думае, і як правіла — чужымі цытатамі…»

А Нэлі сказала:

«Дзякую, Алесь», — упершыню назваўшы яго па імені.

Настаў самы час размяцца, ды пакурыць, ды, можа, паспяваць ці патанчыць…

«Ды курыце за сталом! — прапанавала Нэліна маці. — Столь высокая, не пажаўцее. Мой не любіць, але я і сама тут калі­нікалі з цыгарэткаю…»

Трухан раптам заўважыў, што Нэлі падае яму знак — каб выйшаў з ёю. Ён яшчэ і азірнуўся: мо хто іншы стаіць за спінаю, і таму адрасавана гэтае запрашэнне? Потым выбраўся з­за стала і пайшоў за Нэлі на кухню. Па дарозе бакавым зрокам паспеў заўважыць, як Таіса Іванаўна правяла іх абоіх незадаволеным паглядам, нават зрабіла рух, як бы збіраючыся ўстаць і самой ісці за імі. Але ўмяшаўся Церашкоў:

«Такую цешчу, дык і жонкі не трэба», — пажартаваў ён. І яна заўсміхалася і вымушана была застацца і адказваць на гэты фрывольны, пашлаваты камплімент.

На кухні Нэлі няўмела выцягнула з пачка цыгарэту. Трухан паднёс запалку. Ростам Нэлі была яму па плячо, таму ён нагнуўся, а дзяўчына, наадварот, выструнілася, прыкурваючы, да яго падалася — блізка, амаль на адлегласць пацалунка… Трухан паспеў удыхнуць пах яе валасоў. Потым яна выпусціла з рота цыгарэтны дым, які перабіў іншыя пахі.

Сваё таннае курыва Трухан даставаць не асмеліўся, а яна сваё дарагое не прапаноўвала.

«Дзіўна. Мы ўжо два гады амаль у адной групе, — ціха, і ад таго, яму падалося, неяк ласкава сказала яна, — а вось так, сам­насам — упершыню».

«Ты ж больш з Церашковым», — не падумаўшы, сказаў ён. Проста курыць вельмі хацелася.

«Сапраўды», — прамовіла яна. Уся ласкавасць знікла без следу.

Ну, і што рабіць? Аб чым гаварыць? Як таго пачаткоўца­веласіпедыста цягне ўвесь час у канаву, так неабазнанага ў палюбоўных справах Трухана ўпарта сцягвала на адну тэму, акурат на тую, што ўвачавідкі была непрыемнай Нэлі: пра Церашкова. Яму ўсё карцела сказаць, што зараз яго, Церашкова, чакаюць у інтэрнаце жонка з дзіцём. Падлавата, канечне, было б гэта.

Нэлі маўчала. І Трухан крыху памаўчаў. А затым — усё ж не вытрымаў:

«А ў інтэрнаце Церашкова жонка чакае… З малым сынам», — сказаў ён, у другі раз наступаючы на знаёмыя граблі.

«Ні ён, ні яго жонка мяне абсалютна не цікавяць!» — яшчэ больш суха прамовіла яна.

«Тады хто цябе цікавіць?»

«Можа нават і ты».