Яна глядзела не на яго, а ў цёмнае акно. У руцэ яе зусім не грацыёзна, заціснутая паміж указальным і вялікім пальцамі, дымілася цыгарэта. Трухан таксама за кампанію паглядзеў у акно. І ўбачыў, як у люстэрку: дзяўчына сядзіць, ён стаіць, медзведзявата над ёю нагнуўшыся, абапіраючыся кулакамі на стол … Але ў цэлым — нічога, сімпатычная карцінка. Такое адчуванне, што нібыта не на кухні яны зараз, а ў купэ цягніка, пазіраюць разам у цёмнае люстра акна, і ехаць ім яшчэ доўгадоўга, аб усім хопіць часу нагаварыца…
«Перастань, — няўпэўнена сказаў ён, чамусьці не да жывой Нэлі звяртаючыся, а да адбітку яе ў акне. — Я ж усё разумею, ведаю сваё месца».
«Адкуль ты яго ведаеш? Хто табе на яго паказаў пальцам? Ці табе прадалі на яго білет?» — у яе, відаць, таксама ўзнікла асацыяцыя з чыгункаю, цягніком, купэ.
«Ты ж ведаеш, пра што я».
«Нічога не ведаю. Хіба ты мне расказваў калінебудзь? Ці хоць бы спрабаваў? Ты ж якімісьці сваімі, нам, звычайным, недаступнымі праблемамі заняты…»
«Дык і ты нібыта не дужа цікавілася. Раскажу якнебудзь… Можна мне цыгарэту?» — не вытрымаў ён.
«Калі ласка, — яна пасунула да яго пачак. — Толькі навошта чакаць?»
«У сэнсе?»
«Каб пагаварыць нам нармальна. Запрасі мяне ў кіно, у кавярню, у парк пагуляць…»
Якая салодкаліпкая павуціна слоў, як лёгка ў яе ўблытацца!.. У яго зноў зашумела ў галаве.
«Моцная цыгарэта, — сказаў ён, — а я думаў, так — дамская…»
«Цыгарэта як цыгарэта. Дык запросіш? Ці ўсе вы аднолькавыя — толькі на словах малайцы?»
З выклікам, нібы пацьвельваючы яго, яна гаварыла. Але ён быў удзячны ёй і згодны нават на такое: хай розыгрыш, хай проста пасмяецца яна з яго. Абы яшчэ крыху працягнуць гэты момант — яны ўдвух, ціхія галасы, іхнія адбіткі у ваконным шкле…
«У мяне ёсць іншы варыянт. Паехалі да мяне ў вёску? На наступныя выхадныя. Цягнік цэлую ноч едзе. Нагаворымся… Дзень там пабудзем, а ўвечары назад. Ад цябе нічога не патрабуецца, толькі ты сама. Ну, як?» — Нарэшце ўдалося яму перахапіць ініцыятыву. У яго словах быў выклік.
«А што, — сказала яна пасля паўзы. — Я згодная».
(«Выходзь за мяне замуж». — «Я згодная», — таксама зляціць некалі з гэтых жа вуснаў. Грудкі сукенку напінаюць, варушацца, як жывыя. Вочкішчочкі, эх, ты, Церашкоў!..)
«Цікава нават. Дарогу я люблю. Як і вёску… А хто там у цябе? Я думала, ты круглы сірата».
«Дзед з бабаю. І яшчэ… гэта крыху іншая вёска, — сказаў ён. — Не такая, як ты, відаць, уяўляеш. Не дачны пасёлак. Наша — цёмная, чарнобыльская, спітая, напаўразбураная, акрамя прыроды нічым больш не цікавая… У хаце — сажа, бруд, падлога не мытая. Прыбіральня, выбачай, на дварэ».
«Напалохаў. На бульбе я не была, ці што? І дождж, і холад… Асабліва нам, дзеўкам: ні памыцца, ні, пардон, падмыцца… Амаль два месяцы так. І нічога страшнага. А ў цябе ўсяго адзін дзень. Дарэчы, што мы там рабіць будзем?»
«Ды ёсць адна справа…»
Трухану патрэбна была гэтая паездка яшчэ і вось для чаго: нарэшце ўпэўніцца, што ён сапраўды быў некалі Трухановічам і жыў у тым часе. Трэба было праверыць знак, які зрабіў ён некалі, будучы Трухановічам: менавіта — у снараднай гільзе ён прыхаваў частку сваіх запісаў. Цяпер ён хацеў адшукаць гільзу, і тады ўсё стала б ясна.
Ён узяўся другую цыгарэту ад першай прыкурваць. Але Нэлі адабрала яе і зламала ў попелцы.
«Хадзем, — сказала пазмоўніцку, паказваючы тым, што ўжо ўзнікла нешта паміж імі, што з’явіліся ўжо ў іх сакрэты, якія звязваюць іх і якія іншым ведаць зусім неабавязкова. — А то ўдваіх столькі часу… Падумаюць, чым мы тут займаемся?»
Далей ўсё было як у тумане.
Трухан еў штосьці, піў штосьці. І звінела ў галаве, і шумела ў вушах — але зусім не сімптомамі хваробы… У яго нешта пыталіся: Ведрыч з аднаго боку, Церашкоў — з другога, Ілья Ільіч — цераз стол… Ён нешта адказваў. А на Нэлі і глядзець баяўся. Яму здавалася, што яна зараз пачне ўсіх па чарзе выклікаць на кухню. Ведрыча, Церашкова, нават пажылога юрыста — і ўсім ім у сімпатыях прызнавацца. Але яна ні разу больш не выйшла.
Пазней — у бальніцы, а потым у турме, часта згадваўся яму гэты вечар. Многае ўспаміналася: смак ежы, пахі, шахматы, твары гасцей, падобная на манашку Нэлі, «сабачы» пакой… Успамінаўся шум у вушах і ружовы туман у вачах… Словам, шмат чаго.
Але назву кнігі, якую падараваў тады Нэлі, ён не мог успомніць, хоць забі. Ні назвы, ні аўтара, ні вокладкі. Правал памяці. Карнэгі? Дзюма? Марыс Друон?
Ён апамятаўся, стоячы ў пярэдняй. Знаёмы ўжо шчанючок, падрослы крыху, неяк выграбся са свайго пакоя і цяпер церабіў Трухана за шнурок чаравіка. Альберт Казіміравіч памагаў Трухану апрануць куртку. Церашкоў і Ведрыч адзетыя ўжо былі і чакалі яго. Моцна падпіты Ілья Ільіч чапляўся да Ведрыча, той адпіхваў яго, і юрыста насіла ад сцяны да сцяны па ўсёй пярэдняй. Нарэшце развіталіся, падзякавалі, выйшлі на вуліцу.