Выбрать главу

Здорава. Вось з гэтага давай і пачынаць. Дык жанчыны вінаватыя, ці мы, такія, як я — слабыя, істэрычныя стварэнні, што нясуць да іх замест сілы, упэўненасці, кахання свае смаркачы ў насовачках?..

7

Назаўтра пасля дня нараджэння, у панядзелак, на першым жа ўроку першай лекцыі Трухан апынуўся з Нэлі за адной партаю. Гэта было ўпершыню за ўсю іхнюю сумесную вучобу. І сёння, вось цяпер, Трухан паклясціся быў гатовы, што ні ён, ні Нэлі спецыяльна не падгадвалі, каб так сесці. Проста лёс нарэшце вырашыў звярнуць на іх увагу і ўмяшаўся: узяў за каўнер аднаго і другую і звёў іх разам.

Што б ёй сказаць? — прыкідваў Трухан, скоса на яе пазіраючы. Проста падзякаваць за дзень нараджэння? У яго і ў думках не было даваць працяг учарашняй гутарцы на кухні.

Ён паўздыхаў, паварочаўся і, так і не прыдумаўшы нічога (водар духоў яе перашкаджаў, і яе нага каля сваёй, і «што за партаю адной ты сядзела не са мной…»), абы даць пальцам размінку, узяўся канспектаваць лекцыю, аўтаматычна, ад суму перакладаючы гэтую нудняціну на беларускую.

«Ну, не перадумаў? — Нэлі кранула яго за локаць. — Ты запрашаеш мяне?»

Лёгкая прыкрасць была ў яе голасе — ад таго, што не ён, а яна вымушана пачынаць. Яна не разумела яго маўчання. Адкуль ёй было ведаць, што яшчэ падчас учарашняга шпацыру па вячэрнім горадзе, і пазней, уначы, ён ужо напярод усё з ёю здзейсніў: ужо з’ездзілі яны з ёю да яго ў вёску, вярнуліся, ён ёй выгаварыўся, і прызнаўся ў каханні, і прапанаваў выйсці замуж, і атрымаў насмешлівы, строгі адказ… Таму і быў ён цяпер амаль сярдзіты на яе — як нібыта ўсё гэта адбылося на самой справе.

«Я якраз сягоння збіраўся ехаць па білет. Дык што — па білеты? Калі ты не…»

«Нічога не я. Сказала ж. Проста не думала, што так хутка».

«Нэлі, можа, ты мне проста паслугу робіш? Глядзі. У цябе сваіх справаў хапае».

«Сказала ж!»

Ён чытаў па ёй, як па разгорнутай кнізе: па твары, па сярдзіта падціснутых губках, па наіўным прыжмуры вачэй; стараўся ўгадаць ход, паслядоўнасць, чаргаванне яе думак і, здавалася яму, не без поспеху —угадваў, «уваходзіў» ў яе хоць такім чынам…

Ёй, да сцяны прыпёртай, цяпер не было як адступаць. Ад жадання зрабіць наперакор — ён не сумняваўся ў гэтым — яна паедзе. Білеты. Можа, кветкі. Вагон­рэстаран, пятае­дзесятае… Каб можна было на дзень назад перанесціся! Табе ж давалі ўчора грошы.

Увечары ён паехаў да Ведрыча.

Паехаў на авось, не ведаючы адраса, памятаючы толькі назву вуліцы. Аднак пачварную аблупленую будыніну інтэрната нельга было не знайсці і без адраса. Толькі цяпер, да ганка падыходзячы, Трухан апамятаўся, што студэнцкі білет не ўзяў, і могуць не пусціць, а нумару пакоя ён таксама не ведае. Як і не ведае, дзе можа быць сам Ведрыч. Так­такі зараз сядзіць ён на месцы, са сваім характарам, і чакае яго...

Ды калі ўжо лёс возьме пад сваю апеку, то ўсур’ёз і надоўга. Не давялося ні ў кога прасіцца, нікому нічога тлумачыць, нават ў вестыбюль Трухан не зайшоў, бо сутыкнуўся з Ведрычам нос у нос на ганку, у дзвярах, над якімі цьмяна свяцілася ўзятая ў сетку лямпачка. Ведрыч быў з сумкаю ў руцэ. Пабачыўшы Трухана, ён не ўзрадваўся, а як бы засаромеўся нечага. Перакінуў сумку ў левую руку, каб павітацца. Па­здрадніцку звякнулі парожнія пляшкі.

«Трохі парадак вырашыў навесці, — знайшоўся, што патлумачыць, Ведрыч.— А ты чаго тут? Па грошы прыйшоў?»

«Ды не — так…»

«Не хлусі. Бачу, што па грошы. Спахапіўся. Табе ўчора давалі? Дык трэба было браць… Добра, насупіўся ўжо. Знайду я. На, сумку патрымай», — і пайшоў, не запрасіўшы Трухана нават у вестыбюль, не тое што да сябе.

Пакуль чакаў, Трухан тупаў на ганку, каб ногі не замёрзлі.

«На, — сказаў, з'яўляючыся, Ведрыч. Трухан запіхнуў скручаныя трубачкай купюры ва ўнутраную кішэню курткі. — Бяда мне з вашым каханнем. Па вачах бачу, навошта яны табе спатрэбіліся. Трухан, хочаш параду? Не разлічвай на Нэлі. Гэта дохлы нумар. Яна не па табе дзеўка. Не строй планаў, бо пасля толькі горш будзе. Як сябар табе кажу!»

«Ды мне… доўг аддаць…»

«Ведаю я! Пасля ўчарашняй кухні табе гэты доўг спатрэбіўся».

Такім чынам праблема з грашыма была вырашана.

У суботу ўвечары Трухан таксама, як на ганку Ведрычавага інтэрната, прытанцоўваў на пероне каля цягніка, які вось­вось павінен адправіцца. Смех смехам, але гэта было яго першае ў жыцці спатканне, з усімі атрыбутамі: хваляваннем, непакоем, гаданнем: прыдзе — не прыдзе, зіркамі на гадзіннік то на руцэ, то на вялікі вакзальны… З букетам кветак і са смутнай здагадкаю, што неўзабаве можа адпомсціцца яму гэтая фармальнасць, гэтае жаданне «быць як усе»: дзе і ў чым зімою ў цягніку іх паставіць, гэтыя кветкі, і як у цесным купэ будуць яны лезці ўвесь час пад рукі — замінаючы, перашкаджаючы…