Выбрать главу

Час бег. На пероне дакурвалі цыгарэты апошнія пасажыры. Правадніца прасіла лішніх «пакінуць вагон». Трухан убачыў Яе, калі вяртаўся ад сметніцы, куды хадзіў выкідваць букет.

Румяная, задыханая… Мілая — яна спяшалася да яго. У спартыўным касцюме. Дзіўна, як гэта ён раней не заўважаў, што пры мініяцюрнай постаці ў яе такія доўгія, роўныя ногі. Дык вось яно як бывае. Вось ты якое, каханне, эпізоды твае, дэталькі — такія значныя… Пераходы­перагрузкі твае — то ў жар, то ў холад, то ў сум, то ў радасць…

«Малайчына, што здагадалася так апрануцца, — яшчэ нічога не разумеючы, шчаслівы, сказаў ён. — І пасуе табе, і для дарогі…»

«Алесь, я не змагу, — хутка перабіла яна. — Не крыўдуй».

«… практычны», — па інерцыі працягваў ён, і пакуль дагаворваў канец сказа, тады толькі да яго дайшло, што ніхто ні з кім нікуды не едзе.

«Білета шкада — прападзе…»

«А ты гаспадарлівая, — сказаў ён, крыва пасміхнуўшыся. — Эканомная».

«Шчасліва з’ездзіць».

Цягнік ужо кранаўся. Правадніца саступіла з падножкі і ўпусціла Трухана. У тамбуры ён азірнуўся. Нэлі прыклала да вуснаў палец, усміхнулася яму і памахала рукою. Правадніца гэта бачыла, яшчэ іншыя людзі на пероне... Дзяўчына сама паехаць не можа. Але прыйшла на вакзал, каб правесці хлопца. Усё так проста.

Ён прайшоў у купэ. Тры месцы былі вольныя. Прайшла правадніца, забрала білет. Ён пасядзеў крыху, затым узяў сумку і — праз тамбур, праз хісткі пераходны масток, на якім кідала, як на караблі падчас шторму, праз гэты вецер, свіст, лязгат —прайшоў у агульны вагон. Хвілін праз пятнаццаць, у Мачулішчах, ён выйшаў на куды больш людны, чым у Мінску, перон. Людзі чакалі электрычку. Зрэшты, ў гэты час бегалі яны адна за адной. Трухан прапусціў адну, бо не захацеў выкідваць недапаленую цыгарэту. Другая падышла… І вось ізноў мінскі вакзал плыве за вакном.

Інтэрнат. Пакой. Ігара няма, не трэба нічога тлумачыць. Хаця слабенькае апраўданне было ім падрыхтавана: спазніўся на цягнік.

Ён уключыў святло. Сеў на ложак. Добра, круцілася ў галаве, хоць кветкі выкінуў. Варта было пазычаць грошы, рыхтавацца, турбавацца, каб праз якую гадзіну сядзець тут, на гэтым ложку, дзе мог бы і нікуды не збіраючыся сядзець… Вялікая дурасць з яго боку!

Гарэла святло, а ён усё сядзеў: ці то спаў з расплюшчанымі вачыма, ці проста задумаўся… Сціхла за сцяною музыка, адно патрэсквала, шамала штосьці — ціха, бы іголка па краі плацінкі. Ён падняў галаву і ўбачыў, што гэта… прусак шастае пад газетаю. Не пад газетаю нават, а пад стосікам жоўтай паперы. І не свяцільнік гарыць, а газовачка — гільза з кнотам, патрэсквае сабе, амаль не даючы святла... І не ў інтэрнацкім пакоі ён сядзіць, а — у сваёй каморцы, і на ім не касцюм, а гімнасцёрка і старое галіфэ, а на нагах — зручныя, хоць і дзіравыя, кірзавыя боты. Вакенца расчыненае насцеж. На дварэ — не зімняя ноч, а хутчэй летняя: такая цёплая, густа­чорная, і ціхая­ціхая… Нядзіва, што чуваць шкробат прусака і трэск кнота.

Частка чацвёртая

1

Трухановіч зусім не здзівіўся гэтаму перамяшчэнню. Плаваючы паміж эпохамі, жывучы адначасова двума жыццямі, ён спакваля — сон за сном, запіс за запісам — падрыхтаваў сябе да таго, што два гэтыя жыцці, як дзве няроўныя, непаралельныя прамыя паступова будуць усё больш выраўнівацца, рабіцца паралельнымі, збліжацца — пакуль не сальюцца, не злучацца нарэшце ў адну…

Іншае было цікава: і ў тым, і ў гэтым часах ён помніў толькі да нейкай пэўнай мяжы — у тым, «будучым», успаміны абрываліся на вяртанні свайго двайніка з Мачулішчаў у Мінск, у гэтым, «мінулым» — на прыбыцці ў вёску, на знаёмстве з сямейнікамі і ў камору ўладкаванні.

Ён пстрычкаю і цытатаю з ранняга Коласа:

— Куды сабраўся? А пачпарт у цябе ёсць? — прагнаў прусака (той схаваўся ў шчыліне стала), прабег вачыма, як бы пераправерыў яшчэ раз асноўныя этапы прыгодаў свайго мінскага цёзкі з прозвішчам без «іч»… Потым запіхнуў пажоўклыя аркушыкі пад сяннік тапчана, патушыў газоўку і ў поўнай цемры, памалу, звыкла выставіўшы наперад руку, выбраўся ў сенцы, а адтуль — у двор. Было позна. Усё жывое і нежывое спала даўно. Толькі адзін з сабак ціха бразнуў ланцугом недзе блізка, але нават з будкі не вылез, — за гэтыя тры дні, што прайшлі ад часу яго прыезда сюды, сабакі паспелі прывыкнуць да яго.