Ён хацеў выйсці з двара, пайсці далей, на тое месца, якое днём відаць было з акенца каморы — дзе поплаў, і каля рэчкі алешнік. Але пабаяўся заблудзіцца ў цемры.
Прысеў на калоду каля сцяны. З усіх бакоў яго атуляла ноч. Цемра, густата яе, парная цеплыня яе адчуваліся ім фізічна, здаваліся ватнымі, вязкімі, вадкімі — нібы ён, як рыбіна, нарэшце апынуўся ў роднай воднай сваёй стыхіі, у цёплым начным акіяне.
Ён глядзеў перад сабой, амаль нічога не бачачы, прыслухоўваўся, амаль нічога не чуючы, усміхаўся сам сабе і думаў, што вось ужо тры дні пражыў ён тут, і гэтага часу было дастаткова, каб агледзецца, абнюхацца, асвойтацца, каб утрамбавалася ўсё ў галаве і каб можна было пачынаць рабіць нейкія высновы. Першая з якіх — усё зусім не так і кепска, як уяўлялася ў шпіталі.
Цяпер можна было з усмешкаю ўспамінаць нядаўнія свае «страхі», напрыклад, хоць бы тую ж сустрэчу з так званымі «родзічамісваякамі», тое, што калі выкрыецца яго, хай сабе і ненаўмыснае, шарлатанства і высветліцца, што ён ніхто гэтым людзям — наляцяць, аблаюць, абражаць пачнуць, насміхацца… Прагоняць. Дык гэта яшчэ паўбяды. А то (чаму б і не? Мо гэта толькі на людзях ягоны «бацька» такі добранькі, усё Бога згадвае, а дома — самы звычайны тыран, самадур) — накінуцца разам са сваім Міканорам, аддубасяць дрынамі да паўсмерці. Можа, і ў шпіталь да яго ездзілі так, для чужых вачэй адводу, і забралі адтуль таму толькі, каб потым на ім злосць спаганяць, крайняга ва ўсім рабіць, бо і такія ж у сем'ях патрэбны, асабліва ў сем'ях старадаўніх, цемрашальскіх…
Пры ўсёй несур’ёзнасці, дзіцячасці такіх апасак была тут пэўная логіка. А што ж, нянькацца з ім? Дзякаваць лёсу, што вось зваліўся на галаву калека, з якога ў вёсцы ніякага толку, які да сялянскай працы непрыгодны, адно кармі самога, дык яшчэ і «без памяці» — як з такім малахольным жыць у адных сценах, яшчэ невядома, што ён адмачыць можа!..
А то на 180 градусаў думкі яго мяняліся. Калі не гэтае — не абразы, не здзек з яго калецтва, дык іншая крайнасць можа ж быць: розныя «ўрачыстыя» сустрэчы, якія пачнуцца, здавалася яму, адразу ж, як толькі ваколіцы абляціць чутка, што Трухановічаў «дурненькі» з вайны вярнуўся. І аб'явіцца рознай радні, пацягнуцца чарадою, не паспее ён парог пераступіць, і будуць так бясконца швэндацца — то ў хату, то з хаты, як у маўзалей ці ў звярынец, усе гэтыя суседзізнаёмыя, з якімі яго ніхто не знаёміў, кумысваты ды хросныяхроснікі, з якімі ён нікога не сватаў і не хрысціў, ды «сябры маленства», аб якіх ён паняцця не мае і якіх першы раз у жыцці бачыць. І пад кожнага трэба будзе падладжвацца, кожнаму даваць увагу, вітацца, усміхацца, ківаць, падтакваць, гвалтаваць сябе, ламаць камедыю, тупую ўсмешлівую маску на твар насунуўшы!..
Аднак на яго вялікае, і прыемнае, здзіўленне нічога падобнага пакуль не адбывалася. Не спраўджваліся шпітальныя страхі. Ніхто ў гэтыя першыя дні яго не турбаваў. Ніякіх нават адведак не было, калі не лічыць Міканоравага сябра, таксама валрэўкамаўца — Якава, які, з яго слоў, нібыта помніў Трухановіча яшчэ «воось такога!» (рука ніжэй калена), дык і гэты Яшка паводзіўся стрымана, у душу з роспытамі не лез, — наадварот, падбадзёрваў надзеяю, што ўсё наладзіцца, абы час, выздаравееш, паправішся, «і ўспомніш усё, дарагі ты мой таварыш, і паваюем мы з табою, хоць і не на ваенных хрантах, але на не менш трудных — мірных!» І больш ніводнага чалавечка. Ці то сама пара такая гарачая была, калі людзям больш светлага дня трэба ўрваць, ці проста да ўсяго яны ўжо прывыклі такім ліхалеццем, усяго набачыліся — мала хіба калек з войнаў павярталася, і ў сваёй вёсцы, і ў суседніх; ну, будзе жыць яшчэ і такі — «няпомняшчы»... А мо самі тагачасныя людзі былі не такія, якімі больш чым праз паўвека зробяцца, можа, гэтыя, саветчынай пакуль яшчэ не перакручаныя, сацыялізмам не пераламаныя, канцлагераў, жабрацтва, вялікіх голаду і холаду не ведаючыя — па самой прыродзе сваёй больш тактоўныя, разумнейшыя, спагадлівейшыя?..
Тое ж самае атрымалася і з новай яго сям’ёю. Прынамсі, у гэтыя першыя дні ён зусім не адчуваў сябе лішнім, непатрэбным. Працаю яго не нагружалі; увогуле, ён неяк адразу пастаўлены быў у такія ўмовы, каб непаўнавартасць яго не адчувалася. Паступова пачало да яго даходзіць, што не раз, не два гэтыя людзі раілісярадзіліся, перш чым забраць яго, і раз ужо вырашылі гэта, дык і ўсё астаняе было імі да драбніц прадумана. Само сабою разумелася, што разам з ім самім цяпер яны ўзвальваюць на свае плечы і ўсе яго клопаты: і дзе жыць яму — выпадак з камораю найлепшы таму доказ, і што есці, і чым займацца… Знойдзецца работа. Лучыны нашчапаць… Грыбыягады — гэта ж такі ў сям’ю прыбытак, бо ў каго здаровага шмат вольнага часу на гэта?.. Рыбная лоўля… Сячкарню, тачыла можна і адной рукою круціць… Вады прынесці, бурака, бульбіну выкапаць, кош паднесці, бацвіння нарваць… Ды абы захацеў — занятак знойдзецца!