Тады, можа, у супрацьлеглы бок? На захад? Праз Варшаву, якую акурат у гэты момант аблажылі войскі Тухачэўскага, — у Германію, Францыю, Англію? Да сваіх жа братоўбеларусцоўэмігрантаў, бо хто яшчэ, акрамя іх, прыме яго — не Керзан жа з Пуанкарэ ці дэ Голем (які, да таго ж, сам пакуль яшчэ дужа дробная фігура)… Ды і свае, эмігранты, — ці прымуць? Ці паціснуцца, ці вызваляць месца для яшчэ аднаго няшчасніка? Які толькі тое і ўмее, што «каркаць» пра лёс іхні незайздросны, перакаціполеўскі… Дык яны гэта лепш за яго ведаюць, такіх аракулаў і без яго нямерана.
У Амерыку — з папярэджаннем пра «вялікую дэпрэсію»? А туды як патрапіць? І дзе знайсці там багатага «спонсара», што пагодзіцца арганізоўваць і аплачваць яму выступленні, на якіх ён будзе баяць заакіянскай, ад цвярозасці ашалелай публіцы пра Другую сусветную вайну, ды пры «Трэцюю — халодную», пра перападзел Еўропы, СталінскаГітлераўскі пакт, пра капіталістычны ды сацыялістычны лагеры…
А самае галоўнае, калі дапусціць дзіва, і раптам знойдзецца якісь, выбачайце, наіўны дурань, і захоча выслухаць яго, і «памагчы матэрыяльна», г.зн. укласці грошы ў яго — чым ён дакажа свае прароцтвы? Чым пацвердзіць, што ён — пасланец будучыні? Ён хоць штонебудзь можа? Акрамя слоў? Можа разбурыць савецкі лад у зародку? Не даць адбыцца калектывізацыі? Папярэдзіць гібель Купалы з Гарэцкім? Не дапусціць вайны, голаду, Чарнобыля? Ён можа намаляваць план канструкцыі касмічнай ракеты? Звышгукавога, ці любога іншага, самалёта? Кампутара, тэлевізара, халадзільніка, магнітафона?..
Ды ў тым і справа, што нічога гэтага ён не можа! Нават простай схемы аўтамата Калашнікава ён не ведае! Нічога ён не можа. Таму не варта пераацэньваць сябе. Не трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець, што нічога добрага не прынясуць яму ні вандроўніцтвы па свеце, ні спробы змяніць ход «гістарычнага воза», а тым больш старанні перакуліць яго, падсеўшы, як тая кандраткрапівінская жабка, пад яго кола…
І тут вось яшчэ што. Такая вымалёўваецца справа — а трэба яму яно? Гэтыя намаганні змяніць нешта, паўплываць на штосьці, умяшацца кудысьці, папярэдзіць кагосьці… Калі ясна, што любое, нават самае нязначнае ўмяшанне ў гістарычны працэс элементарна прывядзе да таго, што… бацькі яго некалі не сустрэнуцца, і ён проста не народзіцца! Во парадокс. Зусім адваротны цяперашняму «хочаш жыць — умей круціцца»; тут, у ягоным выпадку — «хочаш жыць — не варушы нават пальцам!»
…А навокал буяў, адцвітаў сваім запозненым, апошнім ужо колерам ціхі верасень, і ніякай справы не было яму да метафізікі.
Раніцамі доўга трымалася на сівай, жорсткай травеціпцы раса, і акропленыя ёю карункі белага ліпкага павуціння пад раннімі сонечнымі промнямі блішчэлі, пераліваліся, а ў нізінах, дзе павуціння было найбольш, яно здавалася інеем. Неба яшчэ не страціла свайго летнеблакітнага колеру, але вада ў рэчцы, у якой яно адбівалася, была ўжо свінцовасіняя. На поплаве адрасталі па трэцім разе канюшына і дзятлаўнік — галоўкі іх набіваліся між пальцаў, калі ісці босым, а пяты калола нядаўняя пакоша… Бульба амаль уся была выкапана; цешылі вока, абяцаючы неблагі ўраджай, пустыя шэрыя загоны, толькі з дзенідзе чорнымі кругамі на месцах спаленага картапляніку, ды паўз разоры — рады буракоў са свежазялёным, а знізу фіялетавым бацвіннем, ды яшчэ гарбузы дабіраюць апошняе цяпло, валяюцца панамі на пляжы — калі перавярнуць такога нагою, дык адкрыецца белая, як сыр, незагарэлая скура, а ў зямлі застанецца ладная ўмяціна. Доўгія вяроўчыны гарбузніка з агароду запаўзалі на поплаў, блыталіся з травою, пускалі карэньчыкі, урасталі ў зямлю — паспрабуй выдзяры! — і цвілі, цвілі сабе як ні ў чым не бывала буйнымі жоўтымі кветкамі, а потым, дзякуючы познім руплівым пчолам, усяго за якіх пару дзён стваралася завязь — маленькія, з яйка, гарбузікі, якім, канечне, так і не наканавана вырасці.
Недалёкі лес уяўляў сабою жоўтабарвовазялёнае пано. Клыпаючы туды з лазовым, лёгкім пакуль кошыкам, дзе толькі сцізорык, два яблыкі, рэпа і загорнуты ў анучку кавалачак сала, Трухановіч прамінаў скапаныя загоны, у канцы іх прадзіраўся праз сцяну сланечнікаў уперамешку з кукурузаю, затым праз поплаў, пакідаючы на мокрай расе розныя сляды — адзін, як і трэба, пункцірам, другі — суцэльнай паласою, дабіраўся да вузкай, у карчоўі схаванай кладкі праз рэчку.