Ён крочыў гэтай адвечнай сваёй дарогай, звыкла рабіў простыя рухі — такія, як адхінуць галінку, каб не сцёбнула, спружыніўшы, па твары, услухоўваўся ў ранішнія гукі і адчуваў, як кружыцца ў яго галава — ад ціхай радасці жыцця, ад магчымасці існавання, ад таго, што вушы могуць чуць свіст крылаў нейкай птушкі над галавою, нос — удыхаць ядранае вераснёвае паветра, вочы — бачыць барвовае золата бярэзніку і асінніку ўперадзе, скура — адчуваць праз гімнасцёрку здаровую ранішнюю прахалоду… І яму здавалася, не толькі галава, а і сам ён марудна кружыцца ў гэтым коле быцця, як тая вунь сухая хваёвая шыпулька ў вертыкальна павешанай сетцы павуціння.
А калі пачынаўся лес і жоўтазалатая лістота ўзнікала не толькі перад вачыма, а і пад нагамі, і трэба яшчэ час быў, каб прывыклі, пераключыліся з агульнага, «панарамнага», на дэталі вочы, каб маглі пазіраць на гэтае лісце, мох, верас — і не заўважаць іх, бо мэта ж не яны, а запаветная, чырвоная ці карычневая, часта з прыліплым лісцікам, з праедзеным слімаковым следам грыбная шапка, гэты цуд зямны, вяршыня дасканаласці, гэты яшчэ адзін доказ існавання Творцы Найвышняга!..
Тут у лірычнае сузіранне ўмешваўся яго вялікасць прыктычны рэалізм: вось каб многа, вельмі многа баравікоў назбіраць, насушыць — і ў той, будучы час? Якомусь оптаваму скупшчыку… Абагаціцца можна было б… А з гэтага часу ў той — што?.. А зубец наступны ўжо чапляў чарговы выступ, прыводзячы ў рух больш складанае, хоць і больш знаёмае кола — самааналізу. Добра — хай не можа ён, ды і не павінен, умешвацца ў ход гісторыі. Тады якая ўсё ж мэта маёй засылкі сюды? Якая, высокім штылем мовячы, мая тут місія?!
Глушэча гэтая… Убаку ад ліхіх дарог, прыхаваная ад рэвалюцый і войнаў вёсачка — зацішнае, бяспечнае месца… Мора вольнага часу, лес, рэчка, уласнае жытло, заўсёдны кавалак хлеба на стале… А паперы стос? А алоўкаў аж два? Потым: рука скалечаная якая? Левая… Ці не таму, што правай пішуць? Кульгае зноўтакі… Ці не таму, каб не лётаў на злом галавы, а меў магчымасць спакойна пасядзець, агледзецца, падумаць? І тое, што да цяжкай сялянскай працы, якая б увесь вольны час забірала, непрыдатны… І што пабойваюцца яго, і не чапаюць… І што ні да чога і ні да кога ён тут асабліва не прывязаны, а значыць, мае свабоду, найперш духоўную…
Абставіны, фізічны стан, адзінота, чужацкасць усяму і ўсім, незанятасць па гаспадарцы — ці не дужа падазроныя ўсе супадзенні? Як падагадана кімсьці, як знарок створаны для яго гэтыя ідэальныя ўмовы, што не пакідаюць яму ніякіх іншых варыянтаў, а настойліва, адназначна падводзяць да аднагоадзінага і, што важна, даступнага яму занятку.
«…Няважна, што робіцца навокал — важна,
што робіцца ў душы»
Даўно, яшчэ ў тым будучым сваім жыцці колькі разоў усё збіраўся ТруханТрухановіч зрабіць такую справу: апісаць вёску сваю, літаральна кожную хату; мала таго — нават узяўся быў аднойчы за гэта, нават прыдумалася, як — ды проста: намаляваць план вёскі, квадрацікамі абазначыўшы хаты, пранумераваць іх… І пішы сабе: «№ 1, хаткахалупа на ўзлеску, жыла Лукер'я, уся ў бародаўках, з іх раслі валасы. Мела дзвюх дачок, Веру і Любу, сама не даядала і іх голадам марыла — усё карове (прымаўка «Лукер'іна карова гладка, як аладка».) Словаімя Лукер'я зробіцца потым агульным, абазначацьме неахайную, запушчаную, сквапную кабету. Лёс Веры з Любаю, калі Лукер'я памерла. Паверыўшы вярбоўцы (асабліва, здаецца, таму, што даюць кожнаму бясплатна тэлевізар) абедзьве паехалі на БАМ, Вера так недзе і згінула, Люба неўзабаве вярнулася з чалавекам, Алікам, — і гэтае імя стане агульным, мянушкаю: «алік» — алкашык, недапечаны, незразумелы… Помніцца, дзівіў ён вёску, акрамя імені свайго, яшчэ тым, што суп сам сабе варыў прама на двары, расклаўшы агонь паміж цаглінак… Ды ці адно гэта! Бог мой, колькі гісторый звязана толькі з гэтай сям'ёю!..
№ 5, пад слівамі, насупраць могілак — глухі Аўрам жыў, адзінадзіны раз за ўсё жыццё выбраўся ў раённы цэнтр і адразу ж, ледзь не на вакзале, трапіў пад машыну — «машына зарэзала», як пасля казалі…
№ 8 — хата «Сярбейца», інакш — серба. Адкуль тут узяўся серб, што ён тут рабіў, куды затым падзеўся? А мо гэта і не серб ніякі, а проста служыў недзе на Балканах чалавек, вось табе і бірка налеплена, вусны пашпарт, гэткая праз усё астатняе жыццё суправаджальная «рэкамендацыйная характарыстыка», і яму, і нашчадкам яго…
Кожная хата — клубок лёсаў, процьма гісторый, цэлыя сагі — з нараджэннямі, смерцямі, радасцямі і бедамі, геаграфічнымі перамяшчэннямі і вяртаннямі… Дык гэта ж усяго толькі макаўка, вяршок, тое, што ён ведае павярхоўна. А каб хоць трохі капнуць глыбей, каб распытаць старэйшых каго?..