Васкевіч сказаў, што ў Мінску два курсы скончыў.
— У Мінску? — як невядома якому дзіву ўзрадвалася Валянціна Мікалаеўна. — Ведаеце там такую вуліцу — Сердзіча?
— Чуў, але так... Я неяк блытаю Сердзіча і гэтую, як яе... Сядых.
— Ну-у. Сядых — гэта ж Зялёны Луг, а Сердзіча адразу за плошчай Прытыцкага, каля «Дзюймовачкі», — і задумалася на міг, відаць, успамінаючы нешта, з гэтай вуліцай звязанае.
Зрэшты потым, пасля гэтай кароткай задумкі, лапатала яна не перастаючы. Пакуль разамлелы Васкевіч — во начальніцу Бог наслаў! — піў каву, курыў і знарок марудна, каб даўжэй тут пабыць, выводзіў па літарках словы заявы, мілавідная дырэктарка, не выбіраючы асабліва выразаў, расказала, што цякучка кадраў замучыла, палучкі мізэрныя (назвала лічбу ў чатыры разы большую за яго стыпендыю), што «дзеўкі» ўстройваюцца і адразу ідуць у дэкрэты, што вечная праблема — дровы...
— Хоць вы малады, можа, не так мерзнуць будзеце. А то нашыя ўсе мерзнуць, кроў не грэе...
Васкевіч уставіў, што холаду не баіцца, а баіцца запароць работу.
— Вазьміце гляньце ранейшыя фармуляры, планы, і самі так вядзіце.
Валянціна Мікалаеўна папярэдзіла, што фонд там вялікі, і трэба будзе зрабіць вопіс. Як гэта? З заўтрашняга дня ў Двароўку ранішнім аўтобусам будзе прыязджаць чалавек з аддзела апрацоўкі, усё растлумачыць, пакажа, раскажа. Потым гэты вопіс звераць у аддзеле камплектавання з каталогам.
— А то што вы будзеце прымаць ката ў мяшку? Можа, там
палавіны ўжо няма, параскрадалі...
Усё гэта для Васкевіча было цёмны лес. Але ён не стаў нічога запісваць — каб не падумала Валянціна Мікалаеўна, што ён падхалім ці тугадумны, — не стараўся нават дужа запамінаць; проста вырашыў з усім згаджацца, а там разбярэцца як-небудзь. Цяпер, калі заява напісаная, што рабіць? Ехаць у сельсавет, сказаць, што афіцыйна аформлены? Добра. Заўтра ў дзевяць раніцы, к аўтобусу, быць у бібліятэцы? Будзе. Кожны месяц першага чысла прыязджаць па палучку ў горад, тады ж кароценькі сход? Будзе прыязджаць. Справаздачы за кожны квартал і планы? Пастараецца...
Валянціна Мікалаеўна чыркнула колькі слоў на яго заяве, пагартала працоўную кніжку, спыніла вочы на злашчасным запісе. Васкевіч, які ўжо чамусьці быў падумаў, што справа яго вырашана, пахаладзеў.
— Так... — дырэктарка зрабіла твар строгім і паківала Васкевічу пальцам, як гарэзу-школьніку. — Так, на рабочым месцы не піць! Кніжкі глядзець! Дзевак за стэлажамі не ціскаць! Бо знаю я гэтых дзевак... Дамовіліся?
Васкевіч, смеючыся, кіўнуў. Яму раптам захацелася перагнуцца цераз стол і пацалаваць гэтую жанчыну.
«Чорт, і што ім усім так хочацца думаць, што я нейкі п'яніца і за гэтае выгнаны? — думаў ён, у цудоўным настроі, зусім іншым чалавекам выходзячы на вуліцу. — І цікава, ште як быццам ніхто ў тым ніякага граху не бачыць».
Вуліца за гэты час пабялела, з неба замест сечкі ціха і густа падаў ужо сапраўдны снег — і ад гэтай белізны, а больш ад таго, што сядзіць тут блізка, у гэтым вось будынку, такая разумная, харошанькая Валянціна Мікалаеўна, і сам горад падаўся Васкевічу не такім ужо і гадкім.
VIII
Калі ад чыгункі паміж Мозырам і Ельскам правесці роўна на захад, у напрамку Лельчыц, умоўную лінію, прыкладна праз 2—3 кіламетры на гэтай лініі-«апендыксе» размяшчаюцца чатыры вёскі: бліжэй да чыгункі Сасноўка, потым Двароўка, тады Бокаўка, і апошняя, пад махнавіцкія балоты — Стаў. Самай прэстыжнай можна лічыць Васкевічаву Сасноўку — блізка горад, мястэчка, чыгунка; праўда, няма сваёй школы, і, пакуль былі ў вёсцы дзеці, вечная праблема была ў непагадзь дабірацца ў местачковую дзесяцігодку. Цяпер самы малады ў Сасноўцы саракагадовы Пульс, ну і Васкевіч, так што пытанне аб школе, само сабою, не стаіць. Сасноўскія мужчыны не кураць, п'юць толькі па святах і ніколі так, каб пад плотам валяцца; амаль ніводзін не працуе ў саўгасе — альбо на чыгунцы, манцёрамі пуці, альбо ў горадзе «на праізвойстве» — пажарнікамі ці вартаўнікамі. На гэтых работах выдаюць «хворму», і сасноўскіх мужчын заўсёды яшчэ здалёк пазнаюць па пінжаках з алюмініевымі гузікамі і нязменных, у любое надвор'е, фуражках ці шапках з кукардамі. Прычым ёсць такія касцюмы выхадныя і буднія. У іншых вёсках сасноўцаў недалюбліваюць: «Ідзе, гузікі тыя блішчаць, а ён рады-рады!»
Двароўка славутая сваім харошым, на два аддзелы, магазінам. Была яшчэ некалі васьмігодка, цяпер асталася толькі пачатковая, для пяці вучняў з розных вёсак (з-за таго, што хадзілі ў розныя школы, Васкевіч амаль не ведаў двароўскай, ды і іншай з тых вёсак, моладзі).