Ці ўзяць нежывое, ваколіцы — тут увогуле скарб пад нагамі!
Выкраслі плансхему, сінім фламайстрам пакажы на ёй рэчачкірачулкі, якія на ніводнай, нават буйнога маштабу, тапаграфічнай карце не пазначаны (а між тым існуюць жа яны, гэтыя рачулкі, і назвы маюць!), зялёным — лясы, жоўтым — палі і палянкі, чорным — тарфянікі, і г.д. Пападпісвай: Майстры, Печкі — іх мо штук пяць і ўсе ў розных месцах, Фальварак, Лапленіца, Вудзелкі, Сухі Лясок, Доўгі Лес, Падляскі, Гарэлае, Асіннікі (тыя самыя, дзе і знаходзіўся ў гэтую хвіліну Трухановіч, дзе акурат пад асінаю ў верасе і ўбачыў шапку першага грыба і цяпер прысеў перад ім і, прымінаючы пальцамі верас, вызваляў крэпкую ножку, каб як мага ніжэй, пры самай зямлі зрэзаць яе, потым слімака скалупнуць з пяшчотнабелага нізу, счысціць сцізорыкам жоўтую кроплю следу яго і асцярожна — не злупіць бы заадно і скурку! — адарваць сухі бярозавы лісток з шапкі, і тады — з гэтым белым знакам — грыб робіцца копіяй тых, штучных, шакаладнапернікавых грыбкоў, што прадаюцца ў каробцы наборам па пяць штук у кожным мінскім універсаме)…
Крыніца, Копанка, Гравельныя Ямы… Шупікава Кладка, Мікітава Паляна, Ігнатава Пеля… Што за імя такое — Шупік? Чаму ў гонар яго ўвекавечана звычайная кладка?…
Кожная палянка, кожная лясная прасека, кожная вузкая, як стаць, сцяжынка, крынічка, пеля, балотца, брод, кладка — усё мае свае назвы, свае гісторыі, усё да чагосьці ці да кагосьці прывязана, усё гэта — на добры лад — варта было б запісаць, зафіксаваць, па магчымасці расшыфраваць… Не можа быць, каб не прыгадзілася яно, каб прапала нізавошта, — не кажучы ўжо, што гэта такі ж паўнацэнны элемент вуснай творчасці, як і песня, показка, паданне…
І вось цяпер, на восемдзесят гадоў назад сягнуўшы, якую цудоўную магчымасць здзейсніць такую задумку атрымаў Трухановіч! Ды больш ідэльных умоваў, большай нагоды сто год думай — не прыдумаеш. Прасачыць зараджэнне гэтых назваў, зразумець, адкуль што ўзялося… Альбо добра, не будзем перабольшваць — хоць бы наблізіцца да іх разгадкі, пагаварыць з людзьмі, якія маглі ведаць гэтага таямнічага Шупіка, ці Сярбейца, прадзеды якіх маглі жыць на старадаўніх Майстрах… Ды проста больш пільна паўглядацца ў гэтых мурзатых, галапузых дзяцей, што гойсаюць зараз па вёсцы (дзяды яго будучых аднагодкаў!), супаставіць насенне з плодам, пастарацца ўбачыць у іх, на прыкладзе іх «ланцуговую повязь пакаленяў»…
Не толькі людзі, лёсы іхнія, не толькі тапаграфія ваколіцаў — усё іншае таксама ж не менш цікавае. І гаспадарка, і побыт, і прылады працы, якія ён можа памацаць рукамі, на ўласныя вочы ўбачыць, — усё тое, што да ягонага часу не даехала, растрэслася па дарозе, пагублялася, стала экзотыкай і, у лепшым выпадку, пыліцца недзе на гарышчах, ці схавана ў музеях, ці падносіцца нам у выглядзе ілюстрацый на старонках энцыклапедычных выданняў…
…І вось кош ужо адцягвае руку, а грыбоў чым далей у лес, тым болей — яны ж такія стварэнні, што так і лезуць на вочы, калі не шукаеш іх. Знойдзена палянка. Самы час паабедаць. Беларускім шашлыком (вынаходніцтва Трухана). Так гэта робіцца: не баравікі, не іншыя якіясь «высокародныя» грыбы, а звычайныя маладзенькія сыраежкі лупіш, на ражэнчык нанізваеш: сыраежка, кольца цыбулі, скрыдлік сала — і далей у такой жа паслядоўнасці. Тонкія хваёвыя лапкі пад ніз. Таўсцейшыя галіны «піянерскай» пірамідкаю…
І толькі калі падносіў у жмені да сухога нізу трапяткі агеньчык, усё не могучы прывыкнуць, што сернікі, як і соль, і мыла — раскоша, і трэба эканоміць іх, Трухановіч раптам зразумеў, чаму не зрабіў дагэтуль, і хутчэй за ўсё ніколі ўжо не зробіць, не давядзе да толку свайго плану — скласці своеасаблівую кнігу кшталту «Памяці», прысвечаную роднай вёсцы і яе ваколіцам. Да яго дайшло нарэшце, чаму ён усё адкладвае, апраўданняў шукае, усё не бярэцца за гэтую, на чужы розум несумненна карысную справу.
А не робіць ён яе, бо, як і ў выпадку з умяшаннем у гістарычны працэс, яму і не трэба яе рабіць. Бо няма нерушу. Бо і без яго на гэтай дзялянцы ўсё ўжо да такой ступені вытаптана, выкашана, выбіта, што вольнага лапіка не засталося, што проста ступіць няма куды: усе Мікіцішыны Паляны і Дальнія Логі (з дакладнасцю Ведрычавай пародыі) занятыя дзядамі і бабамі, катамі Барсікамі і баранамі Колямі, каровамі Лысухамі і Барсухамі, што ўся гэтая голая фактабіяграфічнасць, мянушкавая абазначальнасць, літаратурная фатаграфія, фальклорнаэтнаграфічналубковая натура даўнымдаўно ператворана ў сумную самамэту, таму і адваджвае запамінаць, выкарыстоўваць, ужываць — злуючы і раздражняючы з аднаго боку, а з другога — закалыхваючы, падманваючы, прымушаючы забываць, што самая незвычайная, самая цікавая, самая рэальнапраўдзівая гісторыя, чалавечая мянушка, тапаграфічная назва, любая іншая самабытная рэдкасць нічога не вартыя самі па сабе. Не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца.